У Бабруйску затрымалі двух братоў-наркакур’ераў

Наркакантроль затрымаў дваіх родных братоў 33 і 39 гадоў, што працавалі на інтэрнэт-наркашоп.

Пачынаючы са снежня мінулага года яны, атрымлівалі аптовымі партыямі сінтэтычны наркотык, затым у здымнай кватэры фасавалі на больш дробныя часткі і раскладвалі па тайніках у розных гарадах вобласці – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У братоў дома канфіскавана больш за 3,7 кг розных відаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС

У новым сезоне Вышэйшай лігі па футболе “Белшына” стартавала з паражэння

У гасцявым матчы бабруйская каманда мінімальна прайграла футбольнаму клубу “Смаргонь” 1:0. Матч адбыўся 19 сакавіка ў Смаргоні.

“Белшына” – адзіная каманда з Магілёўшчыны, што захавала прапіску ў Вышэйшай лізе чэмпіяната краіны па футболе па выніках мінулага сезона. Магілёўскі “Днепр” на працягу ўсяго мінулага года так і не здолеў падняцца з апошняга радка турнірнай табліцы і перайшоў у Першую лігу. Для магілёўскай каманды сезон пачнецца 2 красвіка хатняй гульнёй супраць “Оршы”.

Вышэйшая ліга стартавала на мінулых выхадных і працягнецца для бабруйскай каманды да 3 снежня. 

Фота: fcbelshina.by

Як ідзе будаўніцтва новага маста ў Бабруйску – відэа

Чытачы mogilev.media падзяліліся кадрамі таго, як праходзіць будаўніцтва новага маста праз Бярэзіну ў Бабруйску. Наш рэсурс ужо распавядаў, што зборка металаканструкцый маста пачалася 1 сакавіка.

Згодна з праектам маста, побач са старой пераправай будзе пабудавана новая. Рух на ёй у выпадку стабільнага фінансавання плануюць адкрыць ужо ў гэтым годзе.

Фота, відэа: mogilev.media

Неасцярожнае курэнне – пад Бабруйскам загінуў мужчына

Днём 15 сакавіка пажар адбыўся ў вёсцы Пятровічы Бабруйскага раёна. Цела мужчыны 1950 года нараджэння было знойдзена ў абгарэлай, задымленай хаце – паведамляе прэс-служба МНС. Папярэдняя прычына трагедыі – неасцярожнае курэнне.

Фота: МНС

Забор і больш нічога. Пляцоўка для выгулу сабак у Бабруйску – фота

Вальер для выгулу сабак на вуліцы Гарэліка ў Бабруйску выглядае як здзек з гаспадароў і іх хатніх гадаванцаў. Спецыяльна выдзеленая і адгароджаная пляцоўка акрамя самаго забору не мае больш нічога – няма ніякіх снарадаў для дрэсіроўкі, няма урнаў і лавачак, піша “Камерцыйны кур’ер”.

Больш за тое, у вальера адсутнічае калітка, а таксама адна з секцый забора, таму хатнія жывёлы, якіх прадугледжана адпускаць з павадка на падобнай пляцоўцы, могуць лёгка ўцячы. 

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Свая Сцяна плачу, габрэйскі дворык – новыя турыстычныя атракцыі Бабруйска, фота

У Магілёве экскурсаводы водзяць ў Маскоўскі, Тульскі дворыкі, якія выклікаюць цікавасць расіян, а ў Бабруйску экскурсанты з розных краін у захапленні ад крэпасці, мясцовых габрэйскіх кварталаў, дворыка і мясцовай Сцяны плачу.     

Габрэйскі дворык знаходзіцца сярод дзвюх адрэстаўраваных сцен старажытнай сінагогі – адной з 47 дарэвалюцыйных – на рагу вуліц Чангарскай і Бахарава. Ён быў адкрыты ў жніўні 2019 года і адразу ператварыўся ў перліну экскурсійный маршрутаў.

Ідэя стварэння «Яўрэйскага дворыка» належыць мясцоваму рабіну Шаулю Хабаба. Ён правеў сімвалічную паралель паміж аднаўленнем старой сінагогі ў Бабруйску і аднаўленнем Трэцяга Іерусалімскага Храма, які, паводле яўрэйскай традыцыі, будзе ўзведзены на Храмавай гары ў Іерусаліме.

Дворык утвараюць сцены былой сінагогі рамізнікаў “балагул”, якая была пабудавана ў 1890 годзе. У савецкі час у свяцілішчы знаходзіўся млын. Сцены пабудаваныя з фабрычнай розенбергаўскай цэглы. Разбураны будынак пад час апошняй вайны.

На сценах у канцы міналуга года з’явіліся замест банераў карціны з габрэйскага жыцця Бабруйска мастака Йехіеля Офнера.

У дворыку месцяцца альтанкі, пляцоўкі для выстаў, імпрэзаў, помнік 1 200 000 беларускім габрэям. 

Плануецца пашырэнне дворыка да цэлага габрэйскага квартала.

Ужо зараз мясцовыя жыхары ліцачь аб’ект месцам пломніцтва турыстаў, а “Сцяну плачу” – намоленым месцам. Кожны жадаючы, нават не іудзей, можа пакінуць сваі цыдулкі ў мясцовай Сцяне, а рабін потым адвязе іх у Ерусалім.

Фота: mogilev.media

Больш за 10 праміле – трагічны алкагольны рэкорд у Бабруйску

Судовыя эксперты падвялі сумныя вынікі алкагольных смерцяў за 2022 года на Магілёўшчыне.

У Бабруйску было знойдзена цела 72-гадовага мужчыны, у крыві якога канцэнтрацыя алаколя склала рэкордныя 10,3 праміле. Для падобнага паказніка мужчына павінен быў выпіць каля 2 літраў гарэлкі за кароткі прамежак часу.

8,6 праміле выявілі ў крыві 65-гадовай жанчыны, што памерла ў Магілёўскім раёне ў 2022 годзе. Гэта антырэкорд сярод жанчын. 

Наогул для чалавека ў сярэднім смяротнай лічыцца доза алкаголю, якая паказвае больш за 5 праміле. Але здараюцца і нечаканыя выпадкі. Так, самым вядомым зафіксаваным выпадкам з’яўляецца паказчык у 13,74 праміле – такі вынік паказаў тэст у мужчыны, якога патрульныя знайшлі на абочыне ў польскім горадзе Тарноўска Воля ў ліпені 2013 года. Да шчасця, гэты чалавек не быў за рулём, і ён выжыў.

Папярэдні рэкорд выжывальнасці паказаў 67-гадовы жыхар баўгарскага горада Плоўдзіў. Тэст паказаў вынік у 9,14 праміле. Прычым пажылы аматар спіртнога апынуўся на бальнічным ложку выпадкова. Туды ён патрапіў не з-за алкагольнага атручвання, а пасля таго як яго збіў аўтамабіль. Зрабіўшы аналізы, медыкі не паверылі сваім вачам і паўтарылі даследаванне 5 разоў.

Фота: Судовыя экспертызы

Зборка металаканструкцый новага моста праз Бярэзіну пачалася ў Бабруйску

Нарэшце надышоў вырашальны этап будаўніцтва маставога пераходу праз Бярэзіну – каля старога Цітоўскага моста магілёўскі завод “Протас” пачаў збіраць металаканструкцыі

Супрацоўнікі трэсту “Мостабуд” пачалі зборку металічных канструкцый моста праз раку Бярэзіну ў Бабруйску побач са старым Цітоўскім мостам – паведаміў рэсурс mogilevnews.by. 

Металічныя канструкцыі пралёта для моста ўжо выраблены на заводзе “Протас” Магілёўскага раёна і прывезены ў Бабруйск. Іх асноўнымі элементамі з’яўляюцца бэлькі каробчатага сячэння, вага кожнай з якіх складае ад 8 да 25,5 тон.

Згодна з праектам моста, побач са старой пераправай будзе пабудавана новая. Рух на ёй у выпадку стабільнага фінансавання плануюць адкрыць ужо ў гэтым годзе. Пасля чаго стары Цітоўскі мост будзе закрыты для рэканструкцыі. А пасля заканчэння работ горад на Бярэзіне ў гэтым дзесяцігоддзі атрымае фактычна два незалежныя масты даўжынёй па 252 метры. 

Фота з адкрытых крыніц

На Бабруйскай трасе правядуць следчы эксперымент, рух на ўчастку дарогі абмяжуюць

28 лютага з 19.30 да 21.00 будзе абмежаваны рух на трасе “Магілёў-Бабруйск” у раёне вёсак Глухская сяліба і Паплаўшчына – паведамляе Тэлеграм-канал “ЧП Могилев”. Тут запланавана правядзенне следчага эксперыменту для ўстанаўлення абставін ДТЗ, якое здарылася на абазначанымдадзеным участку. Рух паміж вёскамі Глухская сяліба і Паплаўшчына будзе цалкам заблакаваны.

 

Трактар пратараніў маршрутку пад Бабруйскам

Раніцай 24 лютага адбылася аварыя на трасе Р-55, што злучае Бабруйск і Глуск. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца трактара, выяжджаючы з другараднай дарогі, не прапусціў маршрутку, у якой ехалі 20 чалавек. Чатыры жанчыны, пасажыркі маршрутнага таксі, атрымалі траўмы сярэдняй цяжкасці і былі шпіталізаваныя. Усяго пацярпела 10 чалавек – паведамляе Telegram-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота: ДАІ