За грубае парушэнне тэхналогій, дзяржкантроль закрыў мясаперапрацоўчае прадпрыемства пад Бялынічамі

Па выніках праверкі, дзейнасць прадпрыемства “Цар мяса” была прыпынена, а таксама дзяркантроль ініцыяваў ліквідацыю арганізацыі. Як паведамляе прэс-служба КДК,  былі выяўлены шматлікія факты невыканання ветэрынарна-санітарных і санітарных патрабаванняў да якасці і бяспекі харчовай прадукцыі. Не выконвалася патокавасць тэхналагічных аперацый, не выконвалася праграма вытворчага кантролю, дапушчалася скрыжаванне патокаў сыравіны і гатовай прадукцыі і інш.

Фота: КДК

У Бялынічах прадавалі расійскія цукеркі з няякаснымі фарбавальнікамі

Магілёўская абласная інспекцыя дзяржаўнага стандарту знайшла ў бялыніцкай краме цукеркі расійскай вытворчасці з сінтэтычнымі фарбавальнікамі, якія кепска ўплываюць на актыўнасць дзяцей. 

Як паведаміла газета “Зара над Друццю”, у адным з гандлёвых прадпрыемстваў была выяўлена расійская цукеркавая карамель. Праверка абласной інспекцыі выявіла, што прадукцыя не адпавядае патрабаванням тэхнічных правілаў мытнага саюза.

Вытворца ўказаў у складзе прадукцыі натуральныя фарбавальнікі антоціан, карацін і куркумін. Але інфармацыя на маркіроўцы прысмакаў уводзіла ў зман спажыўцоў. У прадукцыі былі выяўлены сінтэтычныя фарбавальнікі: ​​тартразін (E102) у колькасці 19,7 мг/кг, сонечны закат (E110) у колькасці 12,7 мг/кг, азорубін (E122) у колькасці 12,5 мг. / кг. 

Акрамя таго, на цукерках не было папярэджанняў, што ў склад прадукцыі ўключаны фарбавальнікі, якія могуць негатыўна адбіцца на ўвазе і актыўнасці дзяцей.

Дзяржаўны стандарт забараніў імпарт і продаж неякасных прысмакаў у Беларусі.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Бялыніцкіх камунальнікаў правяралі на ўменне страляць

У жылкамгасе Бялынічаў у рамках спартакіяды работнікаў арганізацыі, як паведаміла “Зара над Друццю”, прайшла праверка па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Кідаецца ў вочы, што і ў загалоўку, і ў фотагалерэі рэпартажа пра шараговае спартовае спаборніцтва найбольшы акцэнт быў зроблены менавіта па стральбе.

Тры з пяці фотаздымкаў прысвечаны спаборніцтвам па стральбе. А на двух стаяць работнікі з граматамі. Відавочна, што мясцовым ідэолагам і прапагандыстам было важна паказаць ваенны складнік спаборніцтваў. Менавіта таму на фотаздымках і паказаны толькі ўдзельнікі і ўдзельніцы спаборніцтваў па стральбе з вінтоўкамі ў руках.  

Чаму работнікам жылкамгаса Бялынічаў, у тым ліку жанчынам, так важна ўмець страляць, што іх спатрэбілася на гэта правяраць – у паведамленні не ўказваецца. 

Фота: “Зара над Друццю”. 

10 сутак арышту далі жыхару Бялыніч за нацысцкую сімволіку – гэта ж не Пагоня

10 сутак адміністрацыйнага арышту – такое пакаранне вынесена ў канцы 2022 года жыхару Бялыніцкага раёна, які размясціў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы выяву нацысцкай сімволікі – паведамляе мясцовая газета. Канфіскаваны мабільны тэлефон.

У лістападзе 2022 года праваахоўнікі выявілі, што ў фотаальбоме 42-гадовага грамадзяніна Украіны – жыхара Бялыніцкага раёна – на яго старонцы ў сацсетцы ў адкрытым доступе захоўваюцца тры фотаздымкі з выявамі свастыкі –  крыжа з чатырма канцамі, загорнутымі пад прамым кутом у правы бок.

Віну сваю мужчына прызнаў цалкам і падчас судовага разбору патлумачыў, што гэтыя фотаздымкі ён размясціў яшчэ ў 2012-2013 гадах, бо раней цікавіўся разнастайнымі сімваламі і іх паходжаннем, у тым ліку тымі, што выкарыстоўваліся ў фашысцкай Германіі.

Сімволіка Трэцяга рэйху і да гэтага часу была ўнесена ў рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, выкарыстанне якіх цягне адказнасць.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У Бялынічах у прысутнасці пракурора раёна парушаюць беларускае заканадаўства пра недатыкальнасць і таямніцу прыватнага жыцця

Раённая газета без ценю сумневу апублікавала на сваіх старонках фотаздымкі асоб, якіх яшчэ толькі падазраюць у схільнасці да асацыяльных дзеянняў. На парушэнне правоў грамадзян і заканадаўства не звяртаюць увагі нават праваахоўнікі.

Днямі “Зара над Друццю” апублікавала рэпартаж пра выязное пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку Машчаніцкага сельсавета. Прайшло яно на базе малочнатаварнага комплексу ў вёсцы Стараселле. У ім удзельнічалі пракурор раёна Ігар Алёхна, начальнік Бялыніцкага РАНС Віталь Воранаў, старшыня сельскага выканкама Іна Напрэянка і шмат запрошаных асоб.

На пасяджэнне савета выклікалі грамадзян, якія злоўжываюць спіртовымі напоямі, не працуюць, сямейных скандалістаў, схільных да супрацьпраўных дзеянняў. Прысутнічалі і тыя вяскоўцы, хто раней дапусціў парушэнні ў сферы пажарнай бяспекі. Суб’екты прафілактыкі правялі гутарку аб неабходнасці працаўладкавання, адмовы ад шкодных звычак і правілах паводзін у грамадскіх месцах. 

Здаецца, зроблена добрая прафілактычная работа. Магчыма, дзякуючы ёй будуць перадухілены правапарушэнні ці нават трагедыі. Але фотарэпартаж робіць публічнымі твары людзей, якія стаяць перад праваахоўнікамі, і невядома хто яны, у чым вінаваты? Гэтыя людзі не асуджаны, магчыма яшчэ нічога кепскага не зрабілі, а іх фотаздымкі ўжо з’яўляюцца прадметам перасудаў. Яны і іх сваякі, асабліва дзеці могуць атрымаць псіхалагічныя траўмы, стаць аб’ектамі здзекаў. 

Яшчэ больш двухсэнсоўным выглядае фотаздымак мілых жанчын. Што яны тут робяць? Яны зладзейкі, скандалісткі ці наадварот мясцовая эліта, якую запрасілі на пасяджэнне? Па вонкаваму выгляду найбольш верагодна, што яны законапаслухмяныя грамадзянкі. Але навошта тады іх запрасілі на прафілактычную размову разам з пералічанымі ў тэксце не зусім станоўчымі грамадзянамі, і чаму яны так напружана сядзяць? На жаль тэкст публікацыі накіроўвае думкі менавіта ў негатыўнае рэчышча. 

Вось такія пытанні натуральна ўзнікаюць пасля пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку Машчаніцкага сельсавета. А выснова адна: мясцовым журналістам і бялыніцкім уладам трэба быць вельмі акуратнымі і абачлівымі рыхтуючы падобныя публікацыі, памятаць, што грамадзяне маюць права на прыватнасць. 

У апошні аграгарадок Бялыніцкага раёна правялі газ. “Грошы проста закапалі ў зямлю” – абураюцца спецыялісты

Свяцілавічы сталі апошнім аграгарадком Бялыніччыны, куды прыйшоў прыродны газ. Аднак многія спецыялісты раёна лічаць гэта марнатраўствам. 

З помпай, як умее раённае начальства, з запрашэннем дэпутатаў і кіраўнікоў вертыкалі прайшло мерапрыемства націскання ўмоўнай сіняй кнопкі падачы газа ў Свяцілавічы. Героі газазабеспячэння атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, вяскоўцы – газ.


Аграгарадкі раёна газіфікаваны на 100 працэнтаў – паведамляе раённая газета “Зара над Друццю”.  Кошт праекту складае 971 тысячу рублёў. Усе работы па будаўніцтве газаправода, выконваліся ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.


Нібыта ўсе павінны радавацца. Але частка раённых спецыялістаў толькі паціскае плячыма: “Навошта лясному раёну газ, калі побач гіне некандыцыйная драўніна?”   

Найбольш абураюцца працаўнікі лясной гаспадарцы, у якіх забралі працу. Раней толькі мясцовая школа спажывала кубаметраў 70 дроў у год. Цяпер іх дзяваць няма куды. Плюс жыхароў вёскі прымушалі ламаць печы ў іх дамах. Суцэльная нявыкрутка. “Далі б лепш нам гэтыя грошы, якія ў зямлю закапалі. Мы б самае сучаснае абсталяванне для дрэваапрацоўкі набылі б і валюту зараблялі для раёна. А цяпер наадварот, валюту будзем расіянам аддаваць”.

Перамога газавага лобі

Эканамісты разважаюць яшчэ прасцей: “Сёння газ прадаецца Беларусі, як адзінай у Еўропе саюзніцы  Расіі па звышільготных коштах. Але ўжо заўтра кошты могуць стаць сусветнымі. І што тады рабіць? Чаму краіны Скандынавіі, Прыбалтыцы абаграваюцца за кошт драўніны, а мы наадварот? Яны што, дурнейшыя за нас?”

Сапраўды, падобныя Бялынічам райцэнтры, напрыклад Літвы, ужо гадоў 20 на ацяпленне не выдаткоўваюць ні газ, ні нафту. Яны садзяць драўніну і спецыяльнымі магутнымі камбайнамі яе косяць, нібыта жыта на палетках. Аднаўляльныя крыніцы энергіі з аднаго боку, эканомія валюты з іншага, незалежнасць з трэцяга. 

У Беларусі некалькі гадоў таму нібыта таксама хацелі ісці еўрапейскім шляхам у гэтай сферы. Пачалі былі скарачаць пракладку газаправодаў у вёскі. Але газавае лобі перамагло. 

У Бялынічах трэці раз за 4 гады памяняўся кіраўнік мясцовай вертыкалі. Гэтым разам прызначылі жанчыну

На пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў Вольга Прыстромская зацверджана на пасадзе старшыні Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта. З лета 2018 года – гэта ўжо трэцяя замена кіраўніка раёна. 

Частыя змены раённага начальства ўжо не здзіўляюць жыхароў Бялыніч. Не прыжываюцца тут старшыні выканкамаў: то ў турму сядуць, то ў Мінск на павышэнне пойдуць, то ў Цьмутаракань на паніжэнне… Летам 2018 года галавой Белыніцкага райвыканкама быў прызначаны Анатолий Шчуплянкоў, а ўжо ў жніўні 2019 яго замяніў Васіль Захаранка. І вось ізноў перамена. 

Вольга Васільеўна вопытны службовец. Яна мае багаты досвед працы ў дзяржаўных органах кіравання. Яе працоўная біяграфія закранае розныя сферы, што разглядалася, як плюс пры прыняцці рашэння аб яе прызначэнні. Вольга Прыстромская – карэнная магіляўчанка, а па адукацыі бухгалтарка, вяла фінансавыя пытанні на розных пасадах у дзяржапараце. Працавала намеснікам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, а яшчэ намеснікам старшыні ў Чавускім райвыканкаме.

Канал “Новости Белыничей” інфармуе, што за зацвярджэнне на пасадзе старшыні Бялыніцкага райвыканкама Вольгі Прыстромскай аднагалосна прагаласавалі ўсе дэпутаты райсавета. 

“У першую чаргу хачу адзначыць важнасць адказных адносін да працы кожнага на сваім працоўным месцы. – адзначыла, падзякаваўшы прысутным за аказаны давер, Вольга Прыстромская – Разам, падтрымліваючы адзін аднаго, працуючы адной камандай, мы не толькі працягнем усе добрыя пачынанні, але і памножым дасягнутыя поспехі сацыяльна-эканамічнага развіцця Бялыніцкага раёна.” 

Нечакана многа для Бялынічаў цёплых слоў падзякі за працу было выказана і ў адрас папярэдняга кіраўніка раёна Васіля Захаранкі. 

Добра было б, каб новы кіраўнік раёна паспела на сваёй пасадзе дасягнуць пастаўленых мэтаў і пачуць потым таксама словы падзякі ад мясцовых жыхароў, каб яна станоўча запомнілася тутэйшаму люду. 


Адзначым, што ў Магілёўскай вобласці назіраецца відавочны гендарны дысбаланс сярод кіраўнікоў вертыкалі. 17 раёнаў і Магілёў з Бабруйскам тут узначальваюць мужчыны і толькі 4 раёны, разам з Бялыніцкім, жанчыны.


 

Сучасны медыцынскі кіслародны газіфікатар запрацаваў у Бялыніцкай раённай бальніцы

Магутнасці новай кіслароднай станцыі будзе дастаткова, каб забяспечыць стацыянар. Са з’яўленнем новага абсталявання ў Бялыніцкай раённай бальніцы няма неабходнасці адпраўляць хворых у клінікі Магілёва.

Як паведамілі Бялынічы.news, з новай сістэмай бальніца будзе мець пастаянны запас кіслароду. Магутнасць газіфікатара – пяць кубічных метраў. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць увесь стацыянар бальніцы. А старая кіслародная станцыя будзе выкарыстоўвацца як рэзервовая і дзейнічаць у перыяд перазарадкі асноўнага медыцынскага кіслароднага газіфікатара. Сродкі ў памеры 390 тысяч рублёў на будаўніцтва кіслароднай станцыі паступілі з абласнога бюджэту. 

Кісларод патрэбны не толькі пацыентам з пнеўманіяй, як мяркуюць многія. Тэрапія, хірургія, аперацыйныя, рэанімацыя стала выкарыстоўваюць кісларод, бо многія захворванні органаў дыхання і сардэчна-сасудзістай сістэмы суправаджаюцца нізкай сатурацыяй. 

Як паведамляў яшчэ ў маі Магілёў.media, падчас піку пандэміі Covid-19 у многіх гарадах Беларусі былі перабоі з кіслародам, які жыццёва неабходны для лячэння хворых. Менавіта таму шэсць кіслародных газіфікатараў запланавалі ўстанавіць да канца 2022 году ў больніцах вобласці. 

Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкаму Аляксандр Старавойтаў тады абяцаў, што сёлета новыя ўстаноўкі запрацуюць у Бялыніцкай, Чавускай, Касцюковіцкай, Шклоўскай раённых больніцах, а таксама Бабруйскай гарадской больніцы хуткай дапамогі і Магілёўскім шпіталі інвалідаў вайны.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

“Бліны з навіны” – пад Бялынічамі прайшоў бліна-фэст

Самымі арыгінальнымі аказаліся слаёныя бліны. 

Блінафэст зрабіў 24 верасня непаўторным днём для жыхароў і гасцей аграгарадка Вялікая Машчаніца – паведамляе  ў сваіх соцсетках раённая газета “Зара над Друццю”. 

Арганізавалі фестываль “Бліны з навіны” установы культуры Бялыніцкага раёна, якія прадставілі на суд удзельнікаў мерапрыемства стравы, прыгатаваныя сваімі рукамі. Тутэйшыя жыхары таксама прыгатавалі бліны і іншыя прысмакі ды частавалі імі гасцей. 

Фестывалі бліноў даволі распаўсюджаная з’ява. Здзівіць імі цяжка. Звычайна яны праводзяцца на Маслянку недзе ў лютым – сакавіку. Каб не згубіцца ў шэрагу іншых фэстаў, бялыніцкія кулінары прызначылі свой бліна-фэст на канец верасня, той час, калі зярнёвыя ўжо сабраныя, а ў сялян традыцыйна хапала мукі для вырабу ласункаў з хлебу. 

Госці свята атрымалі мноства станоўчых эмоцый. Пакуль дарослыя ласаваліся блінамі, дзеці і падлеткі бавілі час на гульнявых пляцоўках, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў і аквагрымаў – асаблівай тэхніцы малявання на скуры спецыяльнымі фарбамі. 

Фэст прайшоў весела, але ж і сур’ёзна. Па яго выніках пераможцы атрымалі ўзнагароды. Самымі незвычайнымі былі прызнаныя слоевыя бліны, якія прадставілі работнікі Алешкавіцкага сельскага клуба, а самымі смачнымі – бліны, якія прыгатавала Марына Назарава з Машчаніцкага вясковага клубу.

Бялынінцы наведаліся здзівіць магілёўцаў, але фэст гасцей застаўся не заўважаным

Госці хацелі расказаць магілёўцам пра асаблівасці беларускіх традыцыяў у Бялыніцкім раёне.

Яны наведаліся ў абласны цэнтр на творчую прэзентацыю свайго краю. Разгорнутыя паветкі з раскладзенымі ў іх вырабамі, спевы самадзейных калектываў не завабілі жыхароў Магілёва.

Творчую прэзентацыю Бялыніцкага раёну арганізаваў Магілёўскім абласным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Фэсты з яго ініцыятывы на пляцоўцы ля абласной філармоніі ладзяцца штомесяц. Праходзяць яны будзённа без асаблівага інтарэсу магілёўцаў.

«Прэзентацыя Бялыніцкага раёну стане працягам фестывалю народнай творчасці «Беларусь родная, музычная, народная». У метадычным цэнтры пройдзе канцэрт з удзелам найлепшых калектываў мастацкай творчасці, індывідуальных выканаўцаў гэтага рэгіёну. У холе будынку размесціцца вялікая выстава, дзе госці і ўдзельнікі прэзентацыі змогуць пазнаёміцца з работамі майстроў народнай творчасці Бялыніцкага раёну», – анансаваў  імпрэзу сайт Магілёўскага аблвыканкаму.

Паводле яго, «цягам году ў Магілёў прыязджаюць творчыя прадстаўнікі раёнаў Магілёўскай вобласці. Гэта дае людзям магчымасць не толькі добра правесці час, але і даведацца крыху больш пра беларускія традыцыі, якія маюць свае асаблівасці ў кожным рэгіёне».

Пляцоўка ля абласной філармоніі хоць і знаходзіцца ў цэнтры гораду, але ў будні яна бязлюдная. Выступленні гасцей бачаць збольшага пасажыры грамадскага транспарту ды аўтамабілісты.