Незаконная здабыча казулі пад Касцюковічамі скончылася крымінальнай справай

На Касцюковіччыне ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да мужчыны, які груба парушыў Правілы палявання.

Як распавёў начальнік Касцюковіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Крымкоў, пры правядзенні палявога мерапрыемства ў студзені 2023 года супрацоўнікамі інспекцыі быў затрыманы мужчына, які вырашыў праігнараваць Правілы палявання.

Пры паляванні на пушную дзічыну (а гэта заяц, ліса, вавёрка і інш.) мужчына вырашыў здабыць што-небудзь пабольш. Мэтай палянічага стаў самец казулі, якога ў гэты час, паводле Правілаў палявання, здабываць было забаронена. Паляўнічы, пагрэбаваўшы правіламі, здабыў звера, аднак сутыкнуўся супрацоўнікамі Касцюковіцкай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету

У выніку незаконных дзеянняў была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да парушальніка. Больш за тое, мужчына ў добраахвотным парадку ўжо кампенсаваў шкоду, якую прычыніў навакольнаму асяроддзю, у памеры 4 625,00 беларускіх рублёў.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

У Касцюковічах і Шклове двое загінулі на пажарах, у Круглым чалавек праваліўся – агляд здарэнняў

16 сакавіка пажары з гібеллю людзей адбыліся ў Касцюковічах і Шклове. У Касцюковічах ў жылым доме па вуліцы Ленінскай быў знойдзены гаспадар дома 1964 года нараджэння. У Шклове гаспадар прыватнай сядзібы 1959 года нараджэння быў знойдзены ў сваім доме па вуліцы Будаўнікоў – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажараў высвятляюцца.

У Круглым ратавальнікам давялося дапамагаць мужчыне 1962 года нараджэння, які праваліўся ў машынны зал каналізацыйна-насоснай станцыі і ўпаў з вышыні 4,5 метры. З траўмамі ён шпіталізаваны.

Фота ілюстрацыйнае.

Мілітарыстычны трэш ідзе па Магілёўшчыне – фота

Шаленне на ваенную тэматыку становіцца прыкметнай рысай магілёўскай глыбінкі. Mogilev.media не змаглі прайсці міма абсурдных карцінак з гарадской прасторы раённых цэнтраў.

Ці не кожны раённы цэнтр Магілёўшчыны можа пахваліцца сваімі недарэчнымі і абсурднымі лакацыямі. Напрыклад, незабыўнае ўражанне пакідае выгляд Касцюковіцкага краязнаўчага музея, які больш падобны на непрыступную фартэцыю, што рыхтуецца да абароны, чым на ўстанову культуры. Музей “ахоўваюць” дзве гарматы, адзін танк і тры бронемашыны. Ад вайсковага аб’екта ўстанову культуры адрознівае толькі надпіс “Краязнаўчы музей”, хоць і ён у спалучэнні з вайсковай тэхнікай глядзіцца абсурдна.

А вось у Слаўгарадзе вырашылі нестандартна “ўпрыгожыць” уваход на тэрыторыю мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Перад уваходам на тэрыторыю паставілі імправізаванае жалезнае дрэўца з інсталяцыяй – савецкія каскі, фрагменты зброі і снарадаў часоў Другой сусветнай вайны.

Сюррэалістычна і абсурдна выглядае пляцоўка каля аўтастанцыі ў Крычаве – самаходка “СУ-100” каля стэлы “Манумент Міра”. Мясцовыя ўлады планавалі, што гэта месца стане гарадской адметнасцю, а атрымаўся шок-кантэнт.

Вішанька на торце – слаўгарадскі партызан у “доміку” на загалоўным фота. Ды там і ўвесь дзіцячы парк – той яшчэ трэш, пра які пісалі mogilev.media

Фота з адкрытых крыніц i mogilev.media

Мужчына згарэў пад Касцюковічамі, у Магілёве работнік сам сябе падпаліў – дайджэст

За мінулыя суткі на Магілёўшчыне адбыліся некалькі пажараў. Гарэлі дамы ў Магілёўскім, Бабруйскім, Асіповіцкім раёнах, пажар у Касцюковіцкім раёне скончыўся трагедыяй. Тут у аграгарадку Белая Дуброва ратавальнікі выявілі цела пенсіянера 1954 года нараджэння. Як паведамілі родныя ахвяры і сацыяльны работнік, мужчына часта кідаў запалкі міма сметніцы. Верагодна, гэта і стала прычынай пажару – адзначае прэс-служба МНС.

У Магілёве 21-гадовы мантажнік “Будаўнічага трэста №12” атрымаў апёкі 12% цела на вытворчасці. Ён мыў рукі растваральнікам, і адначасова курыў – у выніку лёгкаўзгаральная вадкасць успыхнула на ім.

Фота: МНС

Станам жывёлагадоўлі Касцюковіцкага раёна заклапацілася пракуратура

Пракуратура Касцюковіцкага раёна ўстанавіла, што ў раёне не прынята вычарпальных мер па выпраўленні сітуацыі ў жывёлагадоўлі – паведамляе  golk.by. 

Нягледзячы на адсутнасць негатыўнай дынамікі, у студзені 2023 года ў  сельскагаспадарчых арганізацыях раёна адбыўся падзёж 42 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 12 па прычынах безгаспадарлівасці.

Гэта адбываецца з прычыны грубых парушэнняў умоў кармлення, утрымання, вакцынацыі, лячэнні жывёлы, жахлівага стану памяшканняў.

У прыватнасці ўстаноўлена, што на  філіяле № 1 “Цэмагра” Беларускага цэментнага завода дапускаюцца грубыя парушэнні тэхналагічных рэгламентаў для жывёлагадоўлі, адсутнічае эфектыўнае выкарыстанне сховішчаў травяных кармоў, 12 рулонаў  сена на 276 рублёў згнілі. 

Службовымі асобамі парушаліся нормы ветэрынарнай дзейнасці пры пахаванні і знішчэнні трупаў жывёл, прадуктаў жывёльнага паходжання, ветэрынарна-санітарных правілаў, што дазваляла жывёлам пранікаць на тэрыторыю жывёламагільніка.

Пракурор раёна вынесены прадпісанні ў адрас гендырэктара Беларускага цэментнага завода  аб устараненні парушэнняў заканадаўства і кампенсацыі прычыненага ўрону.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Дзяржкантроль спаганяе з бальніцы ў Касцюковічах 200 000 рублёў

Праверка Камітэта дзяржкантроля выявіла ў Касцюковіцкай раённай бальніцы незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў на суму ў 200 000 рублёў – паведамляе “Голас Касцюкоўшчыны”. Гэта стала вынікам парушэнняў пры налічэнні заработнай платы, некампенсацыі ў поўным аб’ёме бюджэтных расходаў пры аказанні платных паслуг, і нават залішняй выдачы малака пры рабоце са шкоднымі ўмовы працы.

Зараз Дзяржкантроль высвятляе вінаватых і вызначае парадак вяртання сродкаў у бюджэт.

Фота з адкрытых крыніц.

У Касцюковічах непрыкметна зруйнавалі архітэктурную каштоўнасць

Пра тое, што камяніца з багатым дэкорам у Касцюковічах была знішчана, рупліўцы даведаліся толькі па зменах на Google-мапах.

У Касцюковічах да верасня 2019 года незаўважна для ўсіх знішчылі руінаваную гістарычную камяніцу з вельмі складаным і багатым дэкорам фасадаў – піша Telegram-канал aktahon. Будынак размяшчаўся па адрасе Юнацкая вуліца, 16, недалёка ад цэнтральнай плошчы. Знос быў выяўлены выпадкова пры аналізе спадарожнікавых здымкаў у Google Earth.

Фотаздымкаў страчанай архітэктурнай каштоўнасці захавалася вобмаль, і ўсе яны – дзесяцігадовай даўніны. Будынак не ўваходзіў у спіс прызнаных дзяржавай гісторыка-культурных помнікаў. Але гэта агульная бяда ўсіх гістарычных аб’ектаў у Касцюковіцкім раёне – у Дзяржаўны спіс тут унесены толькі дзве брацкія магілы (якія і так знаходзяцца пад аховай паводле іншых заканадаўчых актаў). 

“То бок на тэрыторыі ўсяго раёна не знайшлося ніводнага пацверджання жыцця людзей: ні археалагічных помнікаў, ні архітэктурных. – са скрухай піша aktahon – Тут людзі выключна паміралі. Толькі да такой высновы можна прыйсці, праглядаючы аб’екты, унесеныя па гэтым раёне ў Спіс.”

Фота: aktahon

“Блакітную крыніцу” ў Касцюковіцкім раёне адродзяць талакой

Мясцовую “Блакітную крыніцу” адродзяць каля вёскі Клеявічы Касцюковіцкага раёна – піша golk.by. 24 лютага будзе праведзена экалагічная акцыя, далучыцца да якой Беладубраўскі сельвыканкам запрашае ўсіх неабыякавых.

Па ваду з мясцовай крыніцы прыязджаюць жыхары з усёй акругі. Вада тут заўсёды смачная і чыстая, па сваім хімічным складзе яна вельмі падобная на ваду з Блакітнай крыніцы пад Слаўгарадам. Вада адпавядае ўсім санітарным нормам і прыдатная для піцця.

Па падліках старшыні Беладубраўскага сельвыканкама М. Кажамякіна, добраўпарадкаванне крыніцы адным днём не абмяжуецца, бо трэба высекчы вакол дзікарослыя хмызнякі, зрабіць падсыпку грунта і выраўняць пляцоўку, уладкаваць стаянку для аўтамабіляў, усталяваць лаўкі, сталы, падстрэшкі. А яшчэ ў планах  – будоўля хрысцільні. 

Падазраваны ў крадзяжы жыхар Касцюковіцкага раёна спрабаваў схавацца з-пад падпіскі аб невыездзе ў Расіі

31-гадовы жыхар Касцюковіцкага раёна здзейсніў крадзёж электрарухавіка на малочна-таварнай ферме, дзе працаваў жывёлаводам. Гэта адбылося яшчэ ў красавіку 2022 года і з таго часу мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб невыездзе і добрых паводзінах. У жніўні 2022 года ён, аднак, уцёк у Расію. У дачыненні да яго завочна абралі меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту і аб’явілі вышук. У верасні 2022 года мужчына быў затрыманы ў Расіі і экстрадаваны ў Беларусь. Цяпер яму прызначаны штраф у 40 базавых велічынь – піша “Родная ніва”.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Пад Касцюковічамі згарэла царква, а цяпер гібеюць касцёл і бровар пачатку ХХ стагоддзя

Драўляная царква другой паловы ХІХ стагоддзя згарэла, а касцёл з броварам закінуты і разбураюцца ў вёсцы Канічы Касцюковіцкага раёна

Вёска Канічы была адметнай сваёй багатай архітэктурнай спадчынай: касцёлам, царквай і броварам. Яшчэ некалькі год таму ў Канічах знаходзілася закінутая драўляная царква Раства Багародзіцы, пабудаваная на пачатку 1860-х гг. Нягледзячы на тое, што драўляная царква была разбурана і паступова ператваралася ў руіны, яе было магчыма захаваць як помнік драўлянай архітэктуты (на загалоўным фота). Цяпер гэта ўжо немагчыма, бо царква ў 2019 годзе згарэла дашчэнту.

Яшчэ адным помнікам культавай архітэктуры Канічаў з’яўляецца касцёл Святых Анёлаў Ахоўнікаў, які быў пабудаваны ў 1910 годзе. За савецкім часам храм спрабавалі зруйнаваць, вырываючы кавалкі сценаў з дапамогай трактароў, але цалкам знішчыць будынак не атрымалася – разбуранымі апынуліся толькі дзве калоны пры ўваходзе. Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры неараманскага стылю. На сённяшні момант ён закінуты і пакрысе разбураецца пад уздзеяннем часу.

Ад шляхецкага роду Цеханавецкіх, якія некалі валодалі Канічамі, застаўся толькі бровар з чырвонай цэглы, які знаходзіцца амаль пасярод вёскі. Пабудаваны ён быў у 1913 годзе. На сёння яго тэрыторыя парасла дрэвамі і кустоўем. Сярод усіх мясцовых архітэктурных помнікаў мінуўшчыны ён найлепш захаваўся. 

Дарэчы, Канічы – гэта даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, колішняе ўладанне беларускага магнацкага рода Цеханавецкіх. Паселішча згадваецца ў гістарычных крыніцах з пачатку XVI стагоддзя. 

Фота з адкрытых крыніц