У Крычаве асудзілі дырэктара за фіктыўную выдачу малака

Два гады пазбаўлення волі і штраф далі дырэктару “Крычаўрайаграпрамтэхснаба”. 

Пракуратура Крычаўскага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні да дырэктара ААТ «Крычаўрайаграпрамтэхснаб». Ему інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі – піша газета “Крычаўскае жыццё”.

У ходзе судовага следства ўстаноўлена, што каб схаваць невыкананне паказчыкаў па валавой вытворчасці малака і яго рэалізацыі, з верасня 2021 года па жнівень 2022 года дырэктар свядома даваў незаконныя загады сваім падначаленым – фіктыўна выпісваць работнікам прадпрыемства малако ў лік зарплаты.

У выніку дзеянняў дырэктара прадпрыемству нанесена маёмасная шкода. Пры гэтым з зарплаты работнікаў незаконна ўтрыманы кошт малака ў суме звыш 500 рублёў.

Суд Крычаўскага раёна прыгаварыў былога дырэктара сельгаспрапрыемства да пазбаўлення волі на два гады і штрафа у памеры 300 базавых велічыняў (11,1 тыс. рублей) з адтэрміноўкай выканання пакарання ў два гады. 

Акрамя таго, былы кіраўнік прадпрыемства пазбаўленны права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі на 5 гадоў.

Фота ілюстратыўнае 

Крычаўскія камунальшчыкі знеслі будынак і пакінулі горы смецця

Мясцовыя жыхары абураныя – пасля зносу будынка на вуліцы Вакзальнай “Камунальнік” пакінуў будаўнічыя адыходы.

Цяпер горы перавернутай зямлі ляжаць уздоўж дарогі па вуліцы, а ззаду хаваецца куча са смеццем, шыферам і іншымі адыходамі. Прычым засмечаная тэрыторыя знаходзіцца побач з жылымі дамамі на Вакзальнай, што стварае нязручнасці жыхарам вуліцы.

Мясцовыя жыхары баяцца адпускаць дзяцей на засмечаны ўчастак з-за пэўнай небяспекі траўмавання. Яны дабіваюцца таго, каб адказнасць за знос жылога будынка ўзяла на сябе камунальнае прадпрыемства Крычава і адпаведна навяло парадак на засмечанай тэрыторыі – піша газета “Крычаўскае жыццё”.

Фота: krichevlive.by

«Міс Крычаўцэментнашыфер» разрываюць TikTok

Амаль 600 тысяч праглядаў сабраў ролік з конкурсу прыгажосці «Міс Крычаўцэментнашыфер». 

У сакавіку ў Крычаўскім ДК «Цэментнік» абралі самую выдатную дзяўчыну ААТ «Крычаўцэментнашыфер». Конкурс “Міс Крычаўцэментнашыфер” сабраў у Крычаве 9 самых прафесійных і пры гэтым прыгожых работніц, сярод якіх было чатыры крычаўлянкі. Здавалася б нічога незвычайнага. Але аказалася, што конкурс прыгажосці са складанай назвай не пакінуў абыякавымі і карыстальнікаў сацсетак. «Міс Крычаўцэментнашыфер» узарвала TikTok, набраўшы звыш паўмільёна праглядаў.

Як піша “Камсамольская праўда” карыстальніца тыктока @fox_look_krychaw апублікавала ў сацсетцы некалькі ролікаў з заводскага конкурсу прыгажосці. Самым папулярным стаў кароткі ролік з дэфіле ўдзельніц. Гэта відэа літаральна ўзарвала сацсетку – амаль 600 тысяч праглядаў, больш за 5000 лайкаў і яшчэ каля 1000 каментарыяў.

@fox_look_krychaw #МиссКричевцементношифер2023 #мояжизнь #весна2023 #врек #life #любисмейсяживи❤️❤️❤️ ♬ оригинальный звук – Юлия Геннадьевна

Адзначым, што конкурс прыгажосці на крычаўскім прадпрыемстве апошні раз праводзілі больш за 15 гадоў таму. У 2023-м яго было вырашана аднавіць, запрасіўшы для ўдзелу дзяўчат з галоўнага крычаўскага прадпрыемства і з філіялаў завода. Дарэчы, конкурс адбыўся напярэдадні Міжнароднага жаночага дня.

Фота kcsh.by 

Дарогі Крычава – сумны сум

На фоне горкай навіны пра тое, што ў Магілёўскім раёне сёлета адрамантуюць цэлых 2% дарог, аглядзімся па рэгіёнах. Пасля Горак (чытаць тут) перанясемся ў Крычаў.

Галоўныя дарогі горада – Камсамольская, Вакзальная, Шчорса маюць крытычныя праломы і калдобіны. У раёне перасячэння вуліц Шчорса і Камсамольскай ходнік наогул адсутнічае, з-за чаго людзі вымушаны ісці па праезджай частцы побач з машынамі. У гэтым месцы мясцовае ДАІ нават абмежавала хуткасць да сарака кіламетраў у гадзіну, аднак абмежаванняў ніхто не прытрымліваецца.

Нямала праблем з дарожным пакрыццём і ў іншых частках горада. Напрыклад, на завулку Выганскім у раёне мікрараёна Камсамольскі частка асфальтнай дарогі ператварылася проста ў лужыну. Віной таму не толькі пацяпленне і раставанне снегу, а таксама разбіты асфальт.

Абыйсці такое возера не намачыўшы ногі вельмі складана, аднак людзі ўсё ж спрабуюць па краю дарогі прабрацца да цэнтральнай гарадской шашы. Наогул у самай густанаселенай частцы горада, так званай Мікра дарогі кепскія то ямы, то шчыліны. 

У мікрараёне “Сож”, каля дома пабудаванага на кітайскія інвестыцыі, адным з пастаянных элементаў пейзажа стала вялікая калюжына, якая редка высыхае нават летам. Дом пабудавалі, аднак дарогу за домам так і не адрамантавалі.

Фота mogilev.media

Крычаўскі пракурор супраць камунальнікаў – начамі ў раёне няма вулічнага асвятлення

У Крычаўскім раёне у мэтах эканоміі на ноч адключаюць вулічнае асвятленне. Пракурор Прахарэнка супраць.

На Крычаўшчыне для эканоміі энэргіі ў начны час адключаецца асвятленне вуліц, аднак пракурор Крычаўскага раёна Станіслаў Прахарэнка выступае супраць такіх захадаў, бо яны супярэчаць патрабаванням нарматыўных актаў. Прахарэнка наогул устурбаваны ўзроўнем аказання жыллёва-камунальных паслуг і лічыць, што камунальшчыкі не спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

Адзначым, што мясцовыя жыхары ўжо скардзіліся на кепскае асвятленне гарадскіх вуліц. Па меркаванню Прахарэнкі, крычаўскі “Камунальнік” не спраўляецца не толькі з асятленнем раёна, але не вывозіць снег, не заўсёды прыбірае яго там, дзе трэба.

Фота ілюстрацыйнае

У Крычаве палова горада была без вады з-за прарыва

З раніцы 7 сакавіка адбыўся прарыў трубаправода ў крычаўскім мікрараёне Камсамольскім, паведамляе МНС. На час правядзення рамонтных работ мясцовымі камунальнымі службамі без водазабеспячэння заставаліся 89 шматкватэрных і 39 прыватных жылых дамоў. Гэта значыць, што амаль палова горада знаходзілася без водазабеспячэння. 

Паломка была настолькі масштабнай і сур’ёзнай, што для жыхароў горада нават арганізоўваўся падвоз вады. Водазабеспячэнне спажыўцам было адноўлена толькі а 17-й вечара. З гэтага вінікае, што практычна большую частку дня многія жыхары горада не маглі набраць вады альбо скарыстацца прыбіральняй.   

Фота ілюстрацыйнае 

Крычаўскі агратэхнічны каледж адзначае 135-годдзе

Крычаўскі агратэхнічны каледж – адна з найстарэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Яго гісторыя бярэ сваё пачатак у XIX стагоддзі, калі ў Расійскай імперыі з’явіліся першыя прафесійныя школы. 

У 1880-х гадах па ўсёй Расійскай імперыі былі створаны тэхнічныя і рамесныя вучэльні, а пры агульнаадукацыйных школах адчыняліся рамесныя класы. Такія рамесныя класы былі адкрыты ў Крычаве ў 1888 годзе пры 1-м народным вучылішчы. А ў 1905 годзе замест іх была пабудавана рамесная вучэльня, якая праіснавала да 1924 года.

Крычаўская рамесная школа мела 2 аддзяленні: слясарна-кавальскае і сталярна-такарнае.

Навучанне праходзіла 4 гады. Двухпавярховы цагляны будынак рамеснай школы з дапаможнымі памяшканнямі быў пабудаваны на месцы згарэлых рамесных класаў з захаваннем усіх строгіх тэхналагічных патрабаванняў таго часу. Адкрыццё школы адбылося ў студзені 1905 году. Будынак рамеснай вучэльні быў спалены ў гады Другой сусветнай вайны.

У цяперашні час Крычаўскі прафесійны агратэхнічны каледж з’яўляецца вядучай навучальнай установай аграрнай і будаўнічага комплексу Магілёўшчыны. У 2017 годзе да Крычаўскага каледжу быў далучаны філіял «Слаўгарадскі прафесійны ліцэй». Адзначым, што за 130 гадоў свайго існавання прафесійная навучальная ўстанова выпусціла больш за 30 тысяч маладых спецыялістаў.

Фота з адкрытых крыніц

Мілітарыстычны трэш ідзе па Магілёўшчыне – фота

Шаленне на ваенную тэматыку становіцца прыкметнай рысай магілёўскай глыбінкі. Mogilev.media не змаглі прайсці міма абсурдных карцінак з гарадской прасторы раённых цэнтраў.

Ці не кожны раённы цэнтр Магілёўшчыны можа пахваліцца сваімі недарэчнымі і абсурднымі лакацыямі. Напрыклад, незабыўнае ўражанне пакідае выгляд Касцюковіцкага краязнаўчага музея, які больш падобны на непрыступную фартэцыю, што рыхтуецца да абароны, чым на ўстанову культуры. Музей “ахоўваюць” дзве гарматы, адзін танк і тры бронемашыны. Ад вайсковага аб’екта ўстанову культуры адрознівае толькі надпіс “Краязнаўчы музей”, хоць і ён у спалучэнні з вайсковай тэхнікай глядзіцца абсурдна.

А вось у Слаўгарадзе вырашылі нестандартна “ўпрыгожыць” уваход на тэрыторыю мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Перад уваходам на тэрыторыю паставілі імправізаванае жалезнае дрэўца з інсталяцыяй – савецкія каскі, фрагменты зброі і снарадаў часоў Другой сусветнай вайны.

Сюррэалістычна і абсурдна выглядае пляцоўка каля аўтастанцыі ў Крычаве – самаходка “СУ-100” каля стэлы “Манумент Міра”. Мясцовыя ўлады планавалі, што гэта месца стане гарадской адметнасцю, а атрымаўся шок-кантэнт.

Вішанька на торце – слаўгарадскі партызан у “доміку” на загалоўным фота. Ды там і ўвесь дзіцячы парк – той яшчэ трэш, пра які пісалі mogilev.media

Фота з адкрытых крыніц i mogilev.media

Усяго два батоны на вёску – працяг блокбастэра паміж крычаўскімі чыноўнікамі і мсціслаўскім райпо

Крычаўскія чыноўнікі здзейснілі рэйд у краму аграгарадка Касцюшкавічы і не разабраліся, каму прад’яўляць прэтэнзіі.

Кафліктная сітуацыя паміж прадстаўнікамі мсціслаўскага спажывецкага таварыства і крычаўскімі чыноўнікамі разгарэлася яшчэ напачатку года, аб чым пісалі mogilev.media. Нагадаем, вясковыя крамы ў Крычаўскім раёне абслугоўвае спажывецкае таварыства з Мсціслава, і мясцовыя лічаць, што яно робіць гэта абы-як. 

У працяг зацяжнога канфлікту, у краму аграгарадка Касцюшкавічы, што знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Крычава, наведаліся старшыня Крычаўскага райвыканкама Андрэй Седукоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава – піша раёнка “Крычаўскае жыццё”. Нагодай для гэтага сталі скаргі на недахоп хлеба ў адзінай краме на ўвесь аграгарадок.

Калі кіраўніцтва Крычаўскага раёна завітала ў магазін, палічкі з хлебам аказаліся сапраўды амаль пустымі – на цэлую вёску засталося ўсяго два батоны за дзве гадзіны да закрыцця. Выпадкова тут жа ў краме аказалася прадстаўніца мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якая прэтэнзіі кіраўніцтва Крычаўскага раёна слухаць проста не стала, праігнараваўшы ўсе скаргі. 

Але скаргі былі і не зусім па адрасе – выявілася, што прадавачкі ў краме не паспелі загадзя замовіць дастаткова хлебу, бо былі занятыя пераўлікам. Прэтэнзіі да работніц магазіна былі яшчэ і з-за цэннікаў. Пад апельсінамі – піва “Баброў”, піва “Аліварыя”. 

Малака ў краме таксама аказалася небагата, але не зразумела, гэта віна ўсё тых жа прадавачак, што недастаткова замовілі прадукцыі, ці ўсё ж мсціслаўскага райпо. “Сігнал пацвердзіўся. Што зараз на гэта адкажа кіраўніцтва Мсціслаўскага райспажыўтаварыства? – заводзіць крычаўскіх чыноўнікаў раённая газета”. 

Адзіная канкрэтная прэтэнзія на адрас мсціслаўскага райпо, якую змаглі высунуць крычаўскія чыноўнікі заключалася ў тым, што спажывецкае таварыства настойліва прывозіць сюды і крычаўскі і чэрыкаўскі хлеб, у той час як жыхары нібыта прагнуць толькі крычаўскага, а хлеб з Чэрыкава так і застаецца на паліцах. Чакаем на працяг.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Што ў Крычаве з помнікамі архітэктуры – адзін аднавілі, астатняе разбурылі

Адрэстаўравалі толькі палац Пацёмкіна-Галынскіх, і на гэтым клопат пра спадчыну палічылі завершаным. Стайні палаца, вінакурню, піўзавод знішчылі, плябанія ў занядбаным стане

Лёс крычаўскай архітэктурнай спадчыны яскрава сведчыць нам пра ўменне мясцовых чыноўнікаў пускаць пыл у вочы. Мясцовыя вертыкаль і прэса гадамі ўсхваляюць на сваіх старонках рэстаўрацыю палаца Пацёмкіна-Галынскіх – архітэктурнай перліны горада. Аднак гэта адзіны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ў старадаўнім Крычаве, які быў адноўлены ў часы незалежнай Беларусі. Што ж да астатняй архітэктурнай спадчыны горада, то яна як быццам бы ўжо і не патрэбная і нават лішняя. 

Што да палаца – ён быў пабудаваны на працягу 1778-1787 гг. па праекце Івана Старова ў стылі класіцызму, аднак змяніў архітэктурны выгляд пры Галынскіх.

У 1980-х гадах пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца, але з-за недахопу фінансавання помнік быў закансерваваны на дваццаць год. Урэшце ў 2003 годзе будынак быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. З гэтага часу пачалося аднаўленне і рэстаўрацыя аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны, якое было завершана ў 2008 годзе. У гэты ж час у помнік архітэктуры пераехаў мясцовы краязнаўчы музей. Дарэчы, на сайце мясцовага райвыканкама можна прачытаць змястоўны матэрыял, прысвечаны падрабязнай гісторыі эклектычнага помніка і сучаснай музейнай экспазіцыі, што ў ім знаходзіцца. 

І гэта адзіны станоўчы прыклад. У той жа самы час страчаных і занядбаных гістарычных аб’ектаў у Крычаве – процьма. Яскравы прыклад, акрамя самога палаца Пацёмкіна-Галынскіх побач з ім захаванымі доўгі час заставаліся стайні, якія былі часткай палацава-паркавага комплексу.  Падчас рэстаўрацыі палаца ўнікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя была практычна знішчана, засталіся толькі падмуркі, аб чым пісалі mogilev.media. Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане.

Пра стайні ў Крычаве зараз нагадвае толькі банер з выявай дваранскай карэты з рамізнікам на фоне палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Выглядае такі банэр як сапраўдны здзек над знішчанай ўнікальнай гаспадарчай пабудовай.

Будынак вінакурні таксама аказаўся знішчаным. Узведзены ён быў яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя. Першы яго ўладальнік – «святлейшы» князь Рыгор Пацёмкін, які наладзіў там скураную вытворчасць. Але неўзабаве ўладальнікам стаў мясцовы шляхціц Іван Галынскі. Менавіта ён перапрафіляваў вытворчасць і наладзіў выпуск спірту. З канца XVIII стагоддзя і ажно да 1940-х гадоў у гэтым будынку была размешчана вінакурня, а пазней спіртзавод.

З пасляваеннага часу – піўны завод. Пасля таго, як напрыканцы 1990-х піўзавод быў закрыты мясцовымі ўладамі, будынак знаходзіўся ў занядбаным стане. Рэстаўрацыі гэтага цікавага помніка прамысловай архітэктуры, на вялікі жаль, так і не адбылася.

Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды, бо на пачатку 2020 года яго зруйнавалі. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама не да канца зруйнаваныя падмуркі, пра што паведамлялі mogilev.media.

У занядбаным стане на сённяшні дзень знаходзіцца будынак былой плябаніі. Нягледзячы на тое, што за савецкім часам яе перабудавалі ў двухпавярховы будынак пошты, аднак ён і дагэтуль ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць. Плябанія – адзінае, што захавалася ад касцёльнага комплексу, хоць і не захавалася ў аўтэнтычным выглядзе. Цяпер будынак плябаніі-пошты закінуты, з выбітамі вокнамі і дзвярыма, аб чым таксама пісалі mogilev.media. 

Фота з адкрытых крыніц