Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць. 

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Дзень у гісторыі. 16 сакавіка. Катэхізіс Буднага. 1870 мм ападкаў за суткі. Выключэнне Расіі з Савета Еўропы. Нарадзіліся акцёр С. Міхоэлс, музыка М. Анемпадыстаў.

1562 год. Беларускі асветнік Сымон Будны (1530-1593) у Нясвіжы надрукаваў свой “Катэхізіс”.

Яго Катэхізіс перавыдаваўся 2 разы: у Стакгольме (1628), у Мінску (2005). Да 2005 года бібліятэкі Беларусі не мелі ніводнага асобніка гэтай кнігі, а пазнаёміцца з ёй маглі толькі даследчыкі, у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальная бібліятэкі і толькі з ксеракопіяй.

С. Будны – філосаф і гісторык, актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі, прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму. Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы. Акрамя Катэхізісу, выдаў Бібліію, Новы Запавет у перакладзе на старабеларускую і польскую мовы.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

Помнікі асветніку ўсталяваны ў Нясвіжы і ва ўнутраным дворыку БДУ (кампазіцыя «Дыспут: Цяпінскі і Будны»).

1757 год. Пад Прапойскам (зараз – Слаўгарад) нарадзіўся Восіп Казлоўскі.

Беларускі, польскі і расійскі кампазітар, арганіст. Класік рускай музыкі даглінкаўскай пары.

Вучыўся ў Варшаўскай капэле пры касцёле Святога Яна. Настаўнік музыкі Міхала Клеафаса Агінскага, Караля Ельскага. Выдавец твораў Агінскага. Аўтар неафіцыйнага гімна Расійскай імперыі паланэза «Гром перамогі, гучы», «інспектар музыкі» імператарскіх тэатраў, фактычны кіраўнік музычнага і тэатральнага жыцця Пецярбурга.

Пасля 1819 года жыў у Прапойску, дзе працаваў кіраўніком хору і аркестра графа Мурамцава.

Аўтар музыкі да спектакля «Дажынкі ў Залессі», «Рэквіема» (на смерць караля С. Панятоўскага), аркестравых і фартэпіянных паланэзаў, песен-рамансаў, меладрам.

Ён наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы. Адзін з пачынальнікаў рускага раманса. Аўтар уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рускага праграмнага сімфанізму.

Памёр 11 сакавіка 1831 года.

З ушанаваннем памяці кампазітара на радзіме ўтварылася кур’ёзная сітуацыя: на мемарыяльнай шыльдзе замест яго партрэта размешчана выява яго аднафамільца – дыпламата, паэта, князя Пятра Казлоўскага (1783–1840).

1890 год. Нарадзіўся Саламон Міхоэлс (Воўсі).

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

Забіты ў Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі 13 студзеня 1948 года.

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 годзе была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку Рускага драмтэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

1928 год. Застрэлены камуністамі Міхаіл Гурын-Маразоўскі (1891-1928).

Беларускі палітык, журналіст.

Скончыў Пскоўскі настаўніцкі інстытут, настаўнічаў. Удзельнік 1-й сусветнай вайны, прапаршчык кавалерыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у Чырвонай Арміі, вучыўся ў Акадэміі Генштаба.

Рэдагаваў газеты «Белорусская деревня» і «Савецкая Беларусь». У 1921 годзе за крытыку Галоўпалітасветы БССР, пазбаўлены права абірацца на кіраўнічыя пасады, засланы на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь для падрыхтоўкі ўзброенага паўстання і далучэння да БССР. Але апынуўшыся на тэрыторыі Польшчы, парваў з кампартыяй і стаў пазбаўляць Кампартыю Заходняй Беларусі ад уплыву бальшавікоў. Пачаў ствараць сваю свабодную нацыянальную партыю, стаў падпольна выдаваць віленскую газету «Чырвоны сцяг».

На “працэсе 56-і” над лідарамі БСРГ даў паказанні супраць Б. Тарашкевіча і С. Рак-Міхайлоўскага.

Сябар, паэт Міхась Чарот лічыў Гурын-Мазароўскага смелым і парывістым дзеячам пачатку 1920-х гадоў і сцвярджаў, што той быў ініцыятарам таго, што ў Беларусі з’явіўся свой першы самалёт.

Застрэлены С. Клінцэвічам і А. Капуцкім пад час правядзення серыі палітычных забойстваў па рашэнні ЦК КПЗБ.

1943 год. Нарадзіўся Леанід Кучко.

Беларускі акцёр.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў у тэатрах Магілёва, Мінска, Томска, Новасібірска, Бабруйска (1987-2018).

Вядомы гледачу па спектаклях: «Свае людзі – злічымся», «Лес», «Пучына» А. Астроўскага, «Выходзілі бабкі замуж», «Любіш? Не любіш?» Ф. Булякова, «Далей-цішыня» В. Дэльмара, «Добры чалавек з Сычуані» Б. Брэхта, «Страчаны лебедзь» Ю. Сохара, «Лісток на ветры» А. Дзялендзіка, «Прымакі» Я. Купалы, «Нерон» Ю. Сохара) і іншым.

Здымаўся ў расійскіх, беларускіх і сумесных праектах, сярод якіх фільмы і серыялы “Цёмная ноч”, “Чалавек вайны”, “Выклік”, “Дэтэктыўнае агенцтва “Іван ды Мар’я”, “Суд”.

Памёр 15 студзеня 2023 года. Пахаваны на могілках “Усходняе” ў Бабруйску.

1952 год. На востраве Рэюньён у Індыйскім акіяне прайшоў дождж з рэкорднай кольскасцю ападкаў.

За адны суткі (15-16 сакавіка) у мястэчку Кілаос дождж абрынуў на зямлю 1870 мм ападкаў. А за 5 дзён з 13 па 18 сакавіка гэтага года лівень праліў на зямлю 3854 мм, за сем дзён тут выпала 4110 мм ападкаў.

Увогуле, Рэюньён – уладальнік рэкордаў па моцных ліўнях.

28-29 лютага 1964 года тут быў адзначаны самы інтэнсіўны ў свеце 12-гадзінны лівень, калі выпала 1350 мм.

Для прыкладу, месячная норма ападкаў у Беларусі рэдка перавышае 100 мм.

1954 год. У Лондане заснавана Англа-беларускае таварыства.

Грамадская арганізацыя ўтворана членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі беларускай эміграцыі і англійскімі навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод грамадзян Каралеўства.

Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны ў Лондане таварыства з’яўляецца цэнтрам беларускага навукова-культурнага жыцця Вялікабрытаніі. У 1965-1988 гадах выпускала «Часопіс беларускіх даследаванняў», у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культурных праблемах жыцця беларускага народа.

3 1966 года арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі літаратуры і культуры Беларусі. Выдае кнігі беларускіх аўтараў на беларускай і англійскай мовах.

Прэзідэнтамі і Старшынямі Таварыства з’яўляліся вядомыя брытанскія палітыкі, даследчыкі. Зараз арганізацыю ачольвае філолаг-славіст, прафесар, папулярызатар беларускай літаратуры, уладальнік медаля 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Арнольд Мак-Мілін.

1964 год. Нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў.

Беларускі дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст, перакладчык. Сябра Беларускага ПЭН-клуба.

Удзельнік Беларускай Майстроўні.

Працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках за мяжой і на Беларусі.

Адзін з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекта «Народны альбом» (1997, «альбом года»). Песні на яго вершы выконваюцца гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», Касяй Камоцкай.

Аўтар перакладаў тэкстаў польскіх гуртоў «Brygada Kryzys», «Republika», «Chłopcy z placu broni», «Perfekt», Марка Грэхуты.

У 2006 годзе  абраны «Чалавекам году» па версіі інтэрнэт-парталу «Tuzin.fm».

Памёр 23 студзеня 2018 года.

М. Анемпадыстаў, Л. Вольскі.

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Давыдоўскі.

Беларускі музыкант, літаратар і журналіст.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава і факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з заснавальнікаў беларускага рок-гурта «Мроя», стваральнік гурта «Вялікае Княства». 

Аўтар інфармацыйнага праекта «Сусветная служба Беларускай Маладзёжнай». Удзельнічаў у музычных і кнігавыдавецкіх праектах, тэматычна звязаных з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага.

Працаваў у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», на радыёстанцыях «Беларуская маладзёжная», Радыё «Рацыя», «Радыё Свабода».

Каардынатар парталаў «Вялікае Княства. Навіны» і «Вялікае Княства. Эліта».

2000 год. Памёр ураджэнец в. Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Павел Пруднікаў (1911-2000).

Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры. Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава.

У 15 гадоў разам з А. Пруднікавым стаў мясцовым школьным паэтам, дзеткорам, юнкорам, селькорам розных газет. Так, у прыватнасці, калі быў знойдзены скарб старажытных манет у роднай вёсцы, напісаў рэпартаж у «Беларускаю вёску».

Працаваў на будаўніцтве шаўковай фабрыкі ў Магілёве, ў БелТА.

Рэпрэсаваны ў 1937 годзе. Некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх «Крыжах», потым да 1945 года быў у сібірскай ссылцы.

Вярнуўся да паўнацэннай літаратурнай дзейнасці толькі ў 1959 годзе і гэтую падзею  разглядаў як сваё другое нараджэнне.

Аўтар зборнікаў вершаў, выбраных твораў, кнігі для дзяцей «Заранка», кніг успамінаў аб беларускіх літаратарах, пачынаючы са Зм. Жылуновіча (Цішкі Гартнага) і канчаючы Іванам Мележам, у тым ліку якія загінулі на вайне ці падчас вялікага тэрору ў СССР, твораў на тэму сталінскіх рэпрэсій.

У Клімавіцкім і Браслаўскім краязнаўчых музеях працуюць экспазіцыі, прысвечаныя пісьменніку.

2014 год. Пачатак новай хвалі істэрыі “Крымнаш” у сувязі з “рэферэндумам”, паводле якога Крым быў анэксіраваны Расіяй.

Сусветная супольнасць не прызнала рэферэндум легітымным. Нягледзячы на знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, Беларусь не прызнала Крым расійскім.

2022 год. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) прагаласавала за выключэнне Расійскай Федэрацыі з Савета Еўропы за ваенную агрэсію супраць Украіны.

Галасавала 216 дэпутатаў Парламенцкай асамблеі і ніводны дэпутат не прагаласаваў супраць.

У ПАСЕ лічаць, што вайна Расіі супраць Украіны вядзецца з лютага 2014 года, а 24 лютага 2022 года пачалася актыўная фаза.

Еўрапейскія аўтавытворцы спыняюць вытворчасць малалітражак

Прычына – увядзенне стандарту Euro-7.

Еўрапейскія вытворцы аўтамабіляў у масавым парадку здымаюць з выпуску мадэлі з малалітражнымі рухавікамі ўнутранага згарання з-за ўзмацнення экалагічных патрабаванняў – паведамляе point.md  са спасылкай на Automotive News Europe.

За 5 гадоў скарачэнне вытворчасці ўдвая. 

У 2022 годзе сегмент кампактных малалітражак быў амаль удвая скарочаны ў параўнанні з максімальным узроўнем продаж у 2017 годзе, калі ў Еўропе было рэалізавана 1,2 мільёна мікракараў.

Гэта адбылося ў сувязі са зняццем з вытворчасці кампактных мадэляў Citroen C1, Peugeot 108 і Smart Forfour, якія пакінулі рынак пасля Opel Karl і Adam, Skoda Citigo, Ford KA, Seat Mii і Suzuki Selenio. 

Кампаніі пазбаўляюцца ад малалітражак з рухавікамі ўнутранага згарання, спрабуючы абмежаваць павелічэнне выдаткаў і знізіць узровень выкідаў вуглякіслага газу

Пакінуць толькі вытворчасць “кампактаў”-электракараў.

Зніжэннем мадэльнага спектру гарадскіх “кампактаў” аўтавытворцы імкнуцца знізіць выдаткі на развіццё новых пакаленняў у сувязі з хуткім увядзеннем экалагічнага стандарту Euro-7. Аўтамабільныя вытворцы маюць намер пакінуць ў гэтым сегменце. толькі электрычныя “кампакты”.

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар

Дзень у гісторыі. 27 лютага. Стварэнне друкарні ў Любчы, Літбел. Нарадзіліся магнаты Людвіка і Караль Радзівіл, сувязіст Д. Сарноў.

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя (International polar bear day, з 2008 года).

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя праводзіцца з ініцыятывы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі Polar Bears International, якая змагаецца за захаванне папуляцыі белых мядзведзяў.

Белы мядзведзь – самы буйны прадстаўнік атрада драпежных сысуноў, якія насяляюць сушу.

Па дадзеных Сусветнага Фонду Дзікай Прыроды, у свеце налічваецца менш за 25 000 асобін белага мядзведзя (каля 60% папуляцыі – у Канадзе).

Белы мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды.

1612 год. Пачалася дзейнасць друкарні ў Любчы.

Заснавана выдаўцом і друкаром Пятром Бластусам Кмітам. 

Выдала больш за 80 кніг лацінай і польскай па гісторыі, медыцыне, філасофіі, некалькі паэтычных твораў. Сярод выданняў: «Эпітоме» С. Рысінскага, «Апафеграмы» С. Буднага, «Навагрудскі дыспут» Я. Зыгроўскага, «Гісторыя іудзейскай вайны» І. Флавія, «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх»  М. Стрыйкоўскага, «Статут Слуцкай школы». 

Абслугоўвала патрэбы пратэстантаў, але зрэдку прымала заказы і католікаў. 

З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў вядомы гравёр К. Гётке.

Ю. Пешка. Любча, пачатак XIX стагоддзя

1667 год. Нарадзілася Людвіка Караліна Радзівіл.

Рэлігійная дзеячка, мецэнатка.

Дачка Багуслава Радзівіла. Рана асірацела. У спадчыну атрымала вялікія маёнткі.

Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінісцкія зборы ў Літве і Беларусі, плаціла стыпендыі студэнтам, якія вучыліся ў пратэстанцкіх універсітэтах. Паводле яе загаду ў 1684 у Караляўцы быў надрукаваны малітоўнік на літоўскай мове для сялян-кальвіністаў.

Утрымлівала Слуцкую друкарню. У 1690 годзе выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным і гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена.

Пасля смерці Людвікі Караліны 25 сакавіка 1695 года, яе латыфундыі сталі аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і нямецкімі князямі.

1734 год. Нарадзіўся  Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Патрыёт.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў. З іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.

Памёр 21 лістапада 1790 года.

1919 год. Стварэнне Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на І З’ездзе Саветаў Літвы ў Вільні.

Літбел была створана на занятых Чырвоным войскам тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы. Утварэнне праіснавала да 19 ліпеня 1919 года, калі СНК Літбела прыняў пастанову аб перадачы ўсіх спраў Мінскаму губернскаму камітэту. Неўзабаве пасля прыняцця згаданай пастановы, пасля 40 дзён абароны, польскімі войскамі быў заняты і Мінск (8 жніўня). 

Літбел уключала 5 губерняў: Віленскую, Гродзенскую, Ковенскую, Мінскую, Сувалкскую. У красавіку 1919 года Рэчыцкі павет Мінскай губерні быў перададзены Гомельскай губерні РСФСР.

1888 год. Нарадзіўся Яфім Бялевіч.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны, штабс-капітан.

Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

У 1920–1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення. Памёр 13 снежня 1942 года ў Магаданскім канцлагеры.

1891 год. Ва Узлянах (цяпер – Пухавіцкі раён) нарадзіўся Давід Сарноў.

Амерыканскі сувязіст і бізнесмен беларускага яўрэйскага паходжання, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы доктар Калумбійскага, Нью-Ёркскага і іншых універсітэтаў, брыгадны генерал.

Працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі», прэзідэнтам Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (RCA). 14 красавіка 1912 года прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

У 1926 годзе заснаваў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію (NBC). 3 пачатку 1920-х гадоў з’яўляўся саветнікам 10-і прэзідэнтаў ЗША.

Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай, зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі фільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп’ютарызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Памёр 12 снежня 1971 года. Пахаваны ў маўзалеі на могілках Кенсіка ў Вальхале, штат Нью-Ёрк.

1906 год. Нарадзілася Рыта (Рэбека) Млодак.

Беларуская оперная спявачка (лірыка-драматычнае сапрана), народная артыстка Беларусі.

Скончыла Віцебскі музычны тэхнікум, Беларускую студыю оперы і балета. Працавала салісткай Беларускага тэатра оперы і балета. Пад час вайны працавала ў оперных тэатрах Свярдлоўска, Пярмі, удзельнічала ў канцэртах франтавых брыгад.

Сярод галоўных партый: Таццяна, Ліза, Тамара, Маргарыта, Мікаэла, Аксана ў пастаноўцы «Чаравічкі», Марыся – у «Міхась Падгорны» і іншыя. Выступала і як канцэртная спявачка.

Памерла 3 снежня 1969 года.

1935 год. Нарадзіўся  Фёдар Клімчук.

Беларускі мовазнавец, дыялектолаг, гісторык. Кандыдат філалагічных навук. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі ў складзе аўтарскага калектыву за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.

Скончыў гістарычныя факультэты Пінскага настаўніцкага і Мінскага педінстытутаў.

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.

Старшыня «Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства „Загароддзе“.

Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескім дыялекце.

Памёр 22 кастрычніка 2018 года.

2005 год. У Францыі памёр Віктар Жаўняровіч (1913-2005).

Беларускі мастак і спявак.

Нарадзіўся ў Чыце ў сям’і чыгуначнага служачага, выхадца з Друі.

Скончыў гімназію імя Л. Сапегі ў Друі, вучыўся ў віленскай Кансерваторыі, адначасова займаўся маляваннем, удзельнічаў у выставах Таварыства незалежных мастакоў. Быў знаёмы з Ф. Рушчыцам, Я. Драздовічам, П. Сергіевічам.

Другая сусветная вайна перапыніла навучанне. 

У 1945 годзе апынуўся ў Францыі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Спяваў і маляваў прыватна. З часам стаў удзельнікам найважнейшых мастацкіх выставаў, што ладзіліся ў Парыжы, атрымоўваў узнагароды. Меў пэрсанальную выставу, ладжаную БІНіМам у Нью-Ёрку. Тэмы твораў у яго былі ў асноўным беларускія.

 

Спякотны люты ў Еўропе

Рэха спякоты адгукнецца на беларускіх выходных, праўда, у значна мяккай форме

Магілёўцаў, як і усіх беларусаў, магчыма, уразілі маразы апошніх двух сутак. А вось Еўропу ўразіла зімовая спякота. 

У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе – як паведамляе climatebook, з сярэдзіны лютага ўсталяваліся экстрэмальна высокія для зімы тэмпературы паветра. 

У Германіі 18 лютага тэмпература паветра перавысіла +20°C нават у раёнах з адноснай вышынёй больш за 700 м над узроўнем мора. 

У Аўстрыі, у Інсбруку тэмпература паветра дасягнула +21,7 °C  – рэкорд зімы, самы гарачы зімовы дзень у гісторыі Ціроля. 

Францыі слупок тэрмометра падняўся вышэй за +23°C, гэта адзін з самых засушлівых перыядаў у гісторыі краіны.

Першая хваля зімовай цеплыні ў Еўропе прыйшла пад Новы 2023 год.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і яе надвор’е фарміруецца пад ўздзеяннем паветраных мас, якія прыходзяць, як з Захаду, у большай ступені, так і з Усходу, Поўначы і Поўдня. Амаль, як у палітыцы.

Дзень у гісторыі. 16 лютага. Выбух Хуайнапуціна. Адчынены саркафаг Тутанхамона. Нарадзіліся літаратар Іван Навуменка, музыка Чэслаў Неман

1600 год. Зафіксавана першае моцнае еўрапейскае пахаладанне. 

Выклікана выбухам перуанскага вулкана Хуайнапуціна (Huaynaputina, на мове кечуа “малады вулкан”). Пасля гэтага ў Еўропе некалькі год фактычна не было лета, Балтыйскае мора замярзала да Готланду, глыбока прамярзалі беларускія рэкі. Хроніка Баркулабаўскага манастыра падае жудасныя карціны прыроднай і гуманітарнай катастрофы, якая ахапіла Рэч Паспалітую і ВКЛ.

1758 год. Нарадзіўся Юльян Урсын Нямцэвіч. 

Палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык.

Удзельнік распрацоўкі Канстытуцыі 3 мая 1791 года, член Адукацыйнай камісіі (міністэрства адукацыі). Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам і сакратаром Т. Касцюшкі. Трапіў у палон і быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу.

Пасля амністыі ў 1796 годзе разам з Касцюшкам выехаў у ЗША.

Пасля вяртання ў Варшаву ў 1807 годзе, займаў пасады сакратара Сената Варшаўскага княства, Царства Польскага, старшыні Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Падчас паўстання 1830–1831 гадоў увайшоў у склад Часовага ўрада. Пасля задушэння паўстання яго маёмасць была канфіскавана, у тым ліку і багатая бібліятэка. На эміграцыі ў Парыжы заснаваў Польскую бібліятэку.

Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (сем тамоў, 1822-1836). Яго камедыя «Пан Навіна» ставілася ў Віцебску ў 1820 годзе. 

У падарожжах па Беларусі апісваў помнікі.

Памёр 21 мая 1841 года.

1902 год. Нарадзіўся Рыгор Мурашка. 

Беларускі паэт.  

Служыў у Чырвонай Арміі, працаваў у часопісе «Бальшавік Беларусі», Дзяржаўным выдавецтве БССР. Член «Маладняка».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў Мінску. У «Беларускай газеце» апублікаваў нарыс пра здачу Мінска, уцёкі партыйнага кіраўніцтва. Быў у мінскім падполлі, партызаніў. 

Загінуў у красавіку 1944 годзе ў час прарыву блакады.

Аўтар зборнікаў апавяданняў, раманаў, аповесцяў. Вядомаць набыў пасля рамана «Сын» (1929) аб падзеях напярэдадні рэвалюцыі 1905 года. Гэты твор з сакавітай народнай мовай і цікавымі гістарычнымі эпізодамі стаў адным з папулярных і заняў адно з значных месцаў у беларускай савецкай літаратуры.

1905 год. Памёр  Павел Баброўскі. 

Беларускі гісторык і этнограф, генерал ад інфантэрыі, сенатар.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Дваранскі полк (Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча), Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба. Удзельнік  вайны з Турцыяй (1853-1854), быў начальнікам некалькіх юнкерскіх вучылішчаў, Ваенна-юрыдычнай акадэміі. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Аўтар больш за 100 прац па гісторыі, правазнаўстве, археаграфіі, геаграфіі, біялогіі, педагогіцы, этнаграфіі, статыстыцы, эканоміцы, краязнаўстве, у тым ліку «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі…. Гродзенская губернія», нарысаў пра Гродна, Слонім, Зэльву i іншыя, па гісторыі лейб-гвардыі Эрыванскага і Праабражэнскага палкоў.

Добра ведаў беларускую мову, захапляўся гісторыяй роднага краю і ўніяцкай царквы.

1923 год. Брытанская экспедыцыя археолага Говарда Картэра знайшла каменны саркафаг фараона Тутанхамона. 

Была выкрыта пахавальная камера ў пірамідзе, у якой знаходзілася вялікая драўляная скрыня, абабітая ліставым золатам і пакрытая рытуальнымі іерогліфамі і выявамі. 

Унутры яе і быў непасрэдна каменны саркафаг Тутанхамона, а ўжо ў самім саркафагу знаходзіліся тры труны па прынцыпе матрошкі, адзін у адным. Дзве знешнія труны былі драўляныя з залатымі элементамі і інкруставаныя каштоўнымі камянямі. А трэцяя, найбольш сціплая па памерах, была выканана з чыстага золата, агульная вага якога склала каля 100 кілаграмаў і ўтрымлівала ў сабе непасрэдна мумію Тутанхамона.

Грабніца Тутанхамона – адзіная не разрабаваная, дайшла да навукоўцаў амаль у першародным выглядзе. Знойдзена ў лістападзе 1922 года Г. Картэрам і лордам Дж. Карнарванам.

1925 год. Пры Інстытуце беларускай культуры заснавана бібліятэка. 

Цяпер гэта – Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Акадэміі навук.  

У 1926 годзе вяла абмен з 100 кнігасховішчамі СССР і больш за 70 у ЗША, Канадзе, Германіі, Польшчы і Францыі. У 1948-1956 гадах насіла імя В. Бялінскага. 

З 1956 года носіць імя Якуба Коласа. 

У сучасны 7-павярховы будынак з 10-ярусным кнігасховішчам пераехала ў 1967 годзе. Мае 5 мільёнаў найменняў кніг, часопісаў, карт.

Кабінет Пятра Глебкі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі
Кабінет Пятра Глебкі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі

1925 год. Нарадзіўся Іван Навуменка. 

Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Акадэмік, доктар філалагічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

Працаваў ў газетах, часопісе «Маладосць», загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ, дырэктарам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР,  віцэ-прэзідэнтам АН БССР, Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990).

Аўтар апавяданняў, каля 20 кніг апавяданняў, аповесцей, раманаў, п’ес, Збора твораў у 6 тамах, літаратуразнаўчых прац пра творчасць Якуба Коласа, пісьменнікаў-дэмакратаў, Янкі Купалы і іншых.

Памёр 17 снежня 2006 года.

1939 год. У в. Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна нарадзіўся Чэслаў Неман (Выдрыцкі). 

Польскі музыка. Псеўданім узяў у гонар ракі Нёман.

Шырокае прызнанне атрымаў у 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую версію яго песні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». 

У Парыжы  выступаў разам з такімі знакамітасцямі як “Spencer Davis Group”, “Kinks” і “Pretty Things”. Са сваёй групай «Akwarele» у Сопаце зрабіў сенсацыю з песняй “Dziwny est ten swiat” (1967), запісаў тры альбомы, правёў серыю тураў і прыняў удзел у шэрагу фестываляў, шмат гастраляваў па Еўропе, СССР, стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх Гульняў у Мюнхене. 

Усяго запісаў 22 альбомы.

Памёр 17 студзеня 2004 года. Пад час яго пахавання,  на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала найбольш вядомая песня з яго рэпертуару «Дзіўны гэты свет».

1952 год. Памёр Еўсцігней Міровіч (1878-1952). 

Беларускі драматург і тэатральны рэжысёр. Народы артыст Беларусі. Мастацкі кіраўнік, рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. Прафесар. Аўтар шэрагу п’ес на беларускай мове, у тым ліку «Машэка»,  «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», пастаноўшчык мюзікла «На Купалле».

Дзякуючы Е. Міровічу, пастаноўкі беларускага тэатра набылі прафесійную трываласць. Ён прынёс на беларускую сцэну цыркавую лёгкасць і эстрадна-кабарэшную бесклапотнасць. 

З вострасацыяльнай «Паўлінкі» ён зрабіў авангардна-гратэскнае, амаль цыркавое дзейства, у якім галоўнае было не балючая тэма «свае прадалі свайго», а яркі, фантастычны грым, танцы ў стылі «Мулен-Руж», камічныя эфекты эстэтычна тоесныя тагачасным камедыям Ч. Чапліна і Г. Ллойда.

1987 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Залман Гарэлік. 

Беларуск  геолаг, тэктаніст, арганізатар геалагічнай службы Беларусі, адзін з адкрывальнікаў першых радовішчаў калійных і каменнай солі, нафты. Доктар геолага-мінералагічных навук.

Працаваў у Інстытуце геалагічных навук, начальнікам Беларускага геалагічнага ўпраўлення, дацэнтам кафедры геалогіі БДУ, галоўным геолагам Беларускага інстытута прамысловага праектавання, у Беларускім навукова-даследчым геолагаразведачным інстытуце.

Стварыў геатэктанічны кірунак у вывучэнні нетраў і мінеральных рэсурсаў. Упершыню выканаў тэктанічнае раянаванне тэрыторыі Беларусі і абгрунтаваў структурныя крытэрыі прагназавання радовішчаў соляў і нафты ў Прыпяцкім прагіне.

2012 год. Памёр Леанід Анцімонаў. 

Беларускі мастак

Выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута,  прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў польскай Зялёнай Гуры.

Працаваў у розных графічных тэхніках, акварэлі, алейным жывапісе.

Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне, фларатыпіі.

Сярод асноўных твораў: «Кветка папараці», «Мефістофель», «Дрэва жыцця», «Ахвярапрынашэнне», «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем», цыклы работ «Успаміны пра вайну», «На купальскую ноч», «Рэпрэсіі», «Поры года» (2003) і іншыя.

Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.

Дзень у гісторыі. 7 лютага. Першыя мемуары на беларускай мове. Магілёўская электрастанцыя дала ток. Дамова аб ЕС. Нарадзіліся паўстанец Сокал-Кутылоўскі, музыкант Алезіс Дземідовіч

1546 год. Нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі.

Грамадскі дзеяч ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Аўтар вядомага азначэння «Залаты век».

Удзельнік бітвы на Уле (1564), шэрагу войнаў. Прыхільнік пратэстантызму. М. К. Радзівіл Сіротка, Я. Хадкевіч, К. Астрожскі даручалі яму весці важныя судовыя справы.

Браў удзел у Люблінскім сойме 1569 года, у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» – статута вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ.

Аўтар першых мемуараў на беларускай мове. У «Гістарычных запіскахі» падаюцца апроч усяго звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі ХVI–XVІІ стагоддзяў: бітвы Лівонскай вайны, прыёмы каралямі замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі, выбары каралёў.

1881 год. Нарадзіўся Рамуальд Зямкевіч. 

Беларускі бібліёграф, адзін з аўтараў “Нашай Нівы”, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер кніг і рукапісаў.

У 1913-1914 гадах шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. 

Сабраў калекцыю беларускага народнага адзення, унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых славян, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, старадрукаў, у тым ліку «Біблія» Ф. Скарыны, Астрожская Біблія, «Лексікон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Бельскага, кітабы, аўтографы шматлікіх пісьменнікаў.

Аўтар вершаў, перакладаў на беларускую мову, прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя звесткі пра беларускіх літаратараў, апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча, К. Каганца, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага.

Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлагеры каля 1942 года.

1891 год. Памёр Вінцэсь Каратынскі. 

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Памочнік-сакратар Уладзіслава Сыракомлі. Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі «Чым xата багата, тым рада». 

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса. 

Выдаў збор твораў У. Сыракомлі. На беларускую мову ягоныя творы  перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

1892 год. Нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі. 

Беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года, праваслаўны святар.

Скончыў геаграфічны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта (1914), Казанскае вайсковае вучылішча (1915).

Удзельнік І Сусветнай вайны, баёў пад Вільняй і ў Галіцыі. Капітан. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

У 1918-1920 гадах служыў ў войсках Дзянікіна, Юдзеніча.

Прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 года: камандаваў батальёнам, 1-й Слуцкай брыгадай. Захаваў архіў брыгады, які перадаў Б. Тарашкевічу, і сцяг 1-га  Слуцкага Палка, які быў канфіскаваны польскай паліцыяй у 1931 годзе.

У 1921-1939 гадах служыў святаром у парафіях Навагрудскага і Слонімскага паветаў, настаўнічаў у школе, выступаў за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэннях. Член Беларускай нацыянальнай рады.

Арыштаваны НКУС 19 чэрвеня 1941 году, але праз нкалькі дзён уцёк з турмы. 

Быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады па Ганцавіцкай акрузе, у Германіі выкладаў у школе афіцэраў БКА, з красавіка 1945 года камандаваў 1-м беларускім палком. Разам з дывізіяй «Беларусь» здаўся амерыканцам. 

30 красавіка 1945 года арыштаваны СМЕРШ. Вязень ГУЛАГ. У 1948 годзе зноў асуджаны. Амніставаны ў 1957 годзе.

Памёр 7 сакавіка 1983 года ў Шчэцыне.

Пакінуў успаміны аб Слуцкім паўстанні.

1901 год. Нарадзілася Вера Пола.

Беларуская актрыса. Народная артыстка. Прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Вучаніца рэжысёра і педагога Е. Міровіча.

Выконвала ролі ў пастаноўках па творах Э. Самуйлёнка, Янкі Купалы, А. Маўзона і іншых. За выкананне ролі Паўліны ў спектаклі Кандрата Крапівы «Спяваюць жаўрукі» атрымала Сталінскую прэмію. Здымалася ў кіно: «Хвоі гамоняць» (1929), «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».

Памерла 15 кастрычніка 1989 года.

1910 год. Дала ток першая магілёўская электрастанцыя магутнасцю 90 кілават. 

Да 1913 года яе магутнасць узрасла да 400 кВт. Электрастанцыя была пабудавана на тэрыторыі так званай “плошчы гарэлых казармаў”, у Крутым завулку, за сучасным кінатэатрам “Чырвоная зорка”. 

Цяпер самай магутнай у Магілёве цеплаэлектрацэнтраллю з’яўляецца Магілёўская ЦЭЦ-2 з магутнасцю 347 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-1 пасля мадэрнізацыі мае магутнасць 48 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-3 – 19 500 кВт. Акрамя гэтага, у Магілёўскай вобласці працуюць Бабруйская ЦЭЦ-2 магутнасцю 186 000 кВт і Бабруйская ЦЭЦ-1 магутнасцю 12 000 кВт.

1926 год. Нарадзіўся Анатоль Фядосік. 

Беларускі фалькларыст. Заслужаны дзеяч навукі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Падлеткам удзельнічаў у партызанскім руху, потым ваяваў на фронце камандзірам аддзялення разведкі. 

Працаваў у школах Палесся, намеснікам дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук.

Даследаваў фальклорныя сатырычныя жанры, сямейна-абрадавую паэзію, літаратурна-фалькорныя сувязі, народную творчасць перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыю фалькларыстыкі, узаемасувязі славянскага фальклору.

Суаўтар кніг «А. К. Сержпутоўскі», «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным», «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце», «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр», «Народная проза», вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ.

Складальнік тамоў «Сацыяльна-бытавыя казкі», «Жарты, анекдоты, гумарэскі» з серыі «Беларуская народная творчасць» (галоўны рэдактар зводу).

Памёр у 2005 годзе.

1929 год. Слупок тэрмометра ў Магілёве панізіўся да -37°С. 

У другі раз рэкорд паўтарыўся 17 студзеня 1940 года: тыя ж  -37°С.

1940 год. Нарадзіўся Рыгор Печнікаў. 

Беларускі мастак, графік.

Стварыў вялікую колькасць мастацкіх твораў: накідаў тушшу, гуашшу, пастэллю, алоўкам, карцін, абразоў. 

Займаўся аздабленнем інтэр’ераў у школах, музею ў пружанскім тэхнікуме. Распрацаваў праекты царскіх варотаў Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Засімавічы, іканастасу Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Гарадзечна, помніку Сцяпану Гудзімаву ў скверы Пружан. 

Падчас працы выкладчыкам у пружанскай школе мастацтваў падрыхтаваў шмат таленавітых вучняў, некаторыя з якіх сталі вядомыя мастакамі.

1965 год. Нарадзіўся Алег «Алезіс» Дземідовіч. 

Беларускі музыка.

Бубнач гуртоў “Мроя” і “N.R.M” ад часу іх стварэння ў 1980 і 1994 гадах адпаведна. Браў удзел у складзе гурта “Новае Неба”, супольных музычных праектах “Народны Альбом”, “Я нарадзіўся тут”, часова граў у гуртах “ULIS”, “Garadzkija”, “Pete-Paff”.

1992 год. Падпісанне Маастрыхцкай дамовы аб Еўрапейскім Саюзе. 

Падпісана прадстаўнікамі 12 дзяржаў-удзельніц ЕС. Набыла моц 1 лістапада 1993 года.

ЕС – эканамічны і палітычны саюз 27 дзяржаў Еўропы, з насельніцтвам звыш 500 мільёнаў чалавек і з 22 % сусветнага ВУП. За ўсю гісторыю з арганізацыі выйшла толькі адна краіна – Вялікабрытанія (2021).

2018 год. Памёр Генадзь Гарбук.  

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР. Працаваў у драмтэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхалагічнае спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Створаныя ім вобразы адметныя павышай драматычнай напружанасцю, эмацыянальнасцю, глыбокім псіхалагічным разуменнем характараў.

Найбольш яркія характары стварыў у нацыянальным рэпертуары: Васіль («Людзі на балоце» паводле І. Мележа, Дзяржаўная прэмія БССР), Андрэй Ходас (“Белыя росы”), Сымон («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М. Чарота і Далецкіх) і іншыя. 

Раскрыта таямніца “балотных людзей” Еўропы – ахвяр або герояў рытуальных забойстваў

Навукоўцамі раскрыта таямніца балотных людзей, чые муміі ў вялікай колькасці знаходзяць падчас распрацоўкі тарфяных балот Еўропы. Як аказалася, большасць людзей сталі ахвярамі або героямі жорсткіх рытуальных забойстваў.

Народныя балотныя людзі, целы якіх знаходзяць у балотах Ірландыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі і іншых еўрапейскіх краін, здаўна цікавілі гісторыкаў. У часопісе Antikity апублікаваны вынікі даследавання навукоўцаў Нідэрландаў, Швецыі і Эстоніі, якія вывучылі больш за тысячу такіх балотных мумій, знойдзеных у 266 рэгіёнах Еўропы.

Торф і балоты ўтрымліваюць мала кіслароду, гэта абцяжарвае раскладанне такіх арганічных матэрыялаў, як дрэва, скура, тэкстыль, а ў некаторых выпадках і чалавечых парэшткаў. З гэтай жа прычыны целы “балотных людзей” уяўляюць вялікую цікавасць для навукоўцаў.

Вучоныя вывучылі захаванасць і пашкоджанне костак, скуры, мяккіх тканін і валасоў памерлых людзей. Часам даследаванне мумій дазваляла даведацца пра аспекты жыцця, нараджэння і здароўя чалавека, пра характар ​​апошняй ежы, якую ўжываў чалавек перад смерцю. Менавіта аналіз ежы прывёў навукоўцаў да высновы, што ў большасці выпадкаў балотныя людзі сталі ахвярамі шырока распаўсюджанай традыцыі чалавечых ахвяр, асабліва ў жалезным веку, а іх целы былі мэтанакіравана кінутыя ў дрыгву.

Да гэтай гіпотэзы навукоўцаў падштурхнула таксама падабенства пашкоджанняў на іх целах і адсутнасць адзення. Сярод характэрных прычын смерці – траўмы галавы, раны ад вострых прадметаў, падвешванне, задушэнне або параза стрэламі.

Пік такіх ахвяраў і пахаванняў прыходзіцца на перыяд у 7 тысяч гадоў таму і на тэрыторыю скандынаўскіх краін у эпоху палеаліту. Потым гэтая з’ява распаўсюдзілася на ўсе краіны Паўночнай Еўропы.

Апошнія знаходкі ў Ірландыі, Брытаніі і Германіі паказваюць, што гэты культ захаваўся да сярэднявечча і нават да пачатку сучаснасці. Аднак аналіз паказвае, што ў апошнія стагоддзі людзі, якіх знаходзілі на балотах, часцей за ўсё былі ахвярамі аварый альбо самагубцамі.

“Мужчына з Кьёльберга” (рэканструкцыя выгляду, раней лічыўся жанчынай) – самая старажытная з вядомых балотная мумія – каля 8 тысяч гадоў таму, Данія.

Нягледзячы на жудасныя раны на целах мумій, выказваецца меркаванне, што ў некаторых выпадках ахвяры самі добраахвотна ішлі на рытуальнае забойства. Справа ў тым, што рабіліся рытуалы дзеля здзяйснення патрэбных грамадзе цудаў, напрыклад, для прыхода добрага надвор’я, спынення голаду, для перамогі ў вайне і г.д.

– Калі адкінуць выпадковыя смерці, то значныя сведчанні гвалтоўнай гібелі і вялікая колькасць паўторных месцаў знаходак даюць магчымасць выказаць здагадку, што большасць чалавечых рэштак адлюстроўваюць наўмыснае іх выкідванне. – кажа аўтар даследавання Рой ван Бек.

Львы каля Магілёва і іншыя археалагічныя адкрыцці 2022 года

Парэшткі еўрапейскіх львоў і вавілонскай вежы, першыя краманьёнцы, дзверы ў “замагільны свет”, карабель Кука, якар Тытаніка і іншыя самыя цікавыя археалагічныя адкрыцці 2022 года сабралі эксперты ўкраінскага “Громадське радіо”. 

Вавілонская вежа, верагодна, знойдзена.

Археолагі, напэўна, знайшлі частку легендарнай вежы. Гаворка ідзе пра знойдзеныя незвычайныя цагліны падчас раскопак на месцы горада Вавілона. Доктар Ірвінг Фінкель з Брытанскага музея лічыць, што менавіта падобную цэглу загадаў вырабіць цар Навухаданасар II для будаўніцтва вавілонскай вежы.

У 586 г. да н.э. Навухаданасар II захапіў Ерусалім. Там ён выбраў самых высокакваліфікаваных рабочых, якія адправіліся ў Вавілон, каб пабудаваць вежу са спецыяльнай цэглы. У першых частках Старога запавета ёсць ускосныя звесткі пра яўрэяў, адпраўленых у Вавілон для гэтай місіі, прычым вядзецца гаворка таксама пра цэглу, з якой рабілася вежа. Адзначана, што ў знойдзенай зараз археолагамі цэглы на месцы колішняга Вавілона (на поўдзень ад сучаснага Багдада) ёсць усе прыкметы будаўнічага матэрыялу таго часу, які супадае са звесткамі са Старога запавета: у ёй ёсць смала, раствор і бітум, якія згаданы ў біблейскай гісторыі.

Доктар Фінкель: “У кнізе Быцця літаральна сказана, што яны выкарыстоўваюць цэглу замест каменя і бітум для раствора”.

Францыя – суперсенсацыя пра засяленне Еўропы.

Краманьёнцы – непасрэдныя продкі сучасных людзей – некалькі разоў засялялі Еўропу, але па нейкіх прычынах потым зноў тэрыторыю кантралявалі неандэртальцы.  

Археолагі знайшлі доказы таго, што людзі сучаснага анатамічнага тыпу жылі ў Еўропе 54 тысячы гадоў таму. Раней самым старажытным помнікам Еўропы, дзе былі знойдзены рэшткі краманьёнцаў, лічылася балгарская пячора Бачо-Кіро, куды старажытныя людзі прыйшлі 45-43 тысяч гадоў таму.

Французскія археолагі выявілі ў гроце Мандрэн у даліне Роны культурныя пласты з тыповымі інструментамі неандэртальцаў, між якіх быў адзін пласт з больш развітай каменнай прамысловасцю. Марфалагічны аналіз знойдзеных зубоў паказаў, што каля 54 тысяч гадоў таму людзі сучаснага анатамічнага тыпу ўжо знаходзіліся ў басейне ракі. 

Швейцарцы аднавілі твар егіпецкай жрыцы.

Археолагі і навукоўцы пры дапамозе судова-медыцынскіх тэхналогій узнавілі твар Шэп-ан-Ісідзі – егіпецкай жанчыны, якая жыла ў VII стагоддзі да нашай эры. Надпісы на саркафагу паказваюць, што жанчына належала да заможнай сям’і і паходзіла з роду жрацоў Амона ў Фівах. Мумія захоўваецца з 1820 года ў бібліятэцы абацтва ў Санкт-Гален (Швейцарыя). Цяпер мы ведаем, як выглядалі людзі таго часу. 

Гэта новае даследаванне адрозніваецца ад аналагічных работ, якія выкананы раней.

Яно заснавана “выключна на судова-медыцынскай экспертызе знешнасці і анатамічных доказах”. Эксперты толькі рэканструявалі твар, не дадаючы аксэсуараў, такіх як ювелірныя вырабы, адзенне ці парыкі. 

Дзверы ў іншы свет у Егіпце.

Археолагі выявілі ў адным з некропаляў дзверы ў “іншы свет”. Група егіптолагаў выявіла рэдкую магілу старажытнага царства з ілжывымі дзвярыма, якія нібыта сімвалічна вялі ў іншы загробны свет Дуат.

На далёкай сцяне вывучанай магілы археолагі знайшлі надпісы, якія добра захаваліся. Яны выглядаюць так, быццам мастак скончыў маляваць іх літаральна днямі. Надпісы занялі бачнае месца ў цэнтры магілы і закрылі панэль з “ілжывымі дзвярыма” у іншае вымярэнне.

Карабель капітана Кука.

Пасля 22 гадоў пошукаў знойдзены патанулы карабель падарожніка і адкрывальніка капітана Джэймса Кука.

З 1999 года працягваліся пошукі карабля Кука, падчас якіх археолагі знайшлі некалькі іншых караблёў XVIII ст. І вось карабель Endeavur быў знойдзены каля ўзбярэжжа ЗША, недалёка ад вострава Род. 

Карабель Endeavur быў пабудаваны ў Англіі ў 1764 годзе. Праз чатыры гады Джэймс Кук адправіўся на ім ў экспедыцыю ў Ціхі акіян. У 1770 годзе ён высадзіўся ў Аўстраліі, а потым дабраўся да ўзбярэжжа Новай Зеландыі. 

Кук быў забіты на Гаваях падчас трэцяга падарожжа ў Ціхі акіян, а яго карабель быў затоплены ў 1778 годзе падчас вайны ў ЗША за незалежнасць.

Старажытныя піраміды і гарады ў Амазоніі знайшлі  пры дапамозе дрона.

На працягу доўгага часу навуковая супольнасць лічыла, што толькі адна з вялікіх цывілізацый папярэдняй Амерыкі развівалася ў трапічных лясах і дасягнула ўрбанізму – імперыі майя. 

Цяпер навукоўцы больш уважліва глядзець на Амазонію, якая раней разглядалася выключна сельскагаспадарчым рэгіёнам без буйных гарадоў і складанай дзяржаўнай структуры.

Вучоныя нямецкага археалагічнага інстытута даследавалі Льянас-дэ-Мохас  (вільготныя раўніны) на паўднёвым захадзе Амазонкі (тэрыторыя Балівіі) і знайшлі 24 невялікія паселішчы, з якіх толькі 15 былі вядомыя раней. Найбольшыя з іх – Катока і Ландзівар аказаліся складанымі арганізаванымі гарадамі з грамадскімі і цырыманіяльнымі месцамі. 

Акрамя таго, археолагі выявілі канічныя піраміды вышынёй 22 метры. І гэта іх вышыня сёння. Немагчыма вызначыць іх першапачатковую вышыню, таму што піраміды пабудаваны з зямлі, якая ў Амазонскіх умовах змываецца моцнымі дажджамі. 

Якар Тытаніка.

Археолагі ўпершыню паказалі 15-тонныя якар і бронзавыя шпілі “Тытаніка”. З часу аварыі прайшло больш за 110 гадоў, і толькі цяпер дайверы з экспедыцый Oceangate здолелі зрабіць унікальныя кадры гіганцкага якара, якарнага ланцуга, аднаго з катлавых бронзавых шпіляў.

Еўрапейскія львы.

Львы шырока прадстаўлены ў мастацтве многіх еўрапейскіх народаў і іх міфах. Але гэта не з’яляецца доказам існавання дзікіх львоў на гэтай тэрыторыі. 

Ці маглі львы жыць на тэрыторыі Грэцыі, Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, Украіны і Беларусі 3000 гадоў таму? Археолагі лічаць, што так, маглі. Гэтае пытанне, безумоўна найперш цікавае магілёўцам, і сёлета яго абмяркоўвалі ў сур’ёзных навуковых часопісах. 

Гэта здаецца неверагодным, але археолагі, у прыватнасці, зоаархеолагі сур’ёзна вывучаюць гэтае пытанне, а некаторыя лічаць, што гэта вельмі магчыма. 

Калісьці людзі даліны Немей на поўдні Грэцыі жылі ў смяротным страху перад львамі, якія хаваліся на навакольных пагорках і палявалі на насельніцтва. Толькі магутны Геракл, якога выклікаў цар суседняга Тырынфа, змог забіць звера. Сын Зеўса загнаў магутнага драпежніка ў кут пячоры і задушыў голымі рукамі. Пасля гэтага людзі жылі без страху, а Геракл працягваў рабіць свае знакамітыя подзвігі. 

Магчыма, гісторыя пра немейскага льва – гэта не толькі міф. У 1978 годзе два нямецкія навукоўцы зрабілі ўражлівае адкрыццё. Падчас раскопак таго самага Тырынфа яны выпадкова натыкнуліся на косці кошкі каля чалавечага шкілета. Яны зрабілі выснову, што гэта костка льва, і, магчыма, таго самага віду, які сёння насяляе часткі афрыканскага кантыненту.

Тая костка была толькі першай з дзесяткаў, знойдзеных у Тырынфе і ў іншых месцах на працягу наступных дзесяцігоддзяў. Знойдзены чатыры фрагменты костак лап і кавалак рэбраў, якія звязаны з рознымі перыядамі часу паміж 1700-1600 г.г. да н.э. і каля 1200 г. да н.э. Шмат костак датуецца больш чым 1000 годам да пачатку бронзавага веку ў Грэцыі, які ў паўднёва-ўсходняй Еўропе вядомы як медны век.

Хаця некаторыя дэталі застаюцца незразумелымі, многія археолагі і гісторыкі зараз выкарыстоўваюць гэтыя доказы, каб зрабіць выснову, што сучасныя львы калісьці жылі побач з людзьмі на тэрыторыі Еўропы на працягу сотняў гадоў.

У паўднёва-ўсходняй Еўропе, уключаючы Грэцыю, апошнія знаходкі ільвіных костак датуюцца прыблізна 7-м стагоддзем да нашай эры. У той час як вучоныя апісваюць знікненне грэчаскага льва з дзікай прыроды прыблізна ў 1200 г. да н.э., калі мастацкія выявы львоў становяцца менш жорсткімі, менш дакладнымі і больш непадобнымі на рэальныя. Магчыма, ільвы выжылі ў класічным перыядзе паміж 500 і 300 г. да н.э. 

Прамых доказаў жыцця львоў каля Магілёва пакуль няма, але прыродныя і кліматычныя ўмовы тут не надта адрозніваліся ад ўкраінскіх, і знаходжанне львоў на тэрыторыі Беларусі тэарэтычна верагодна. 

Калісьці ніхто не верыў у дзікіх львоў у Грэцыі, цяпер з’явіліся доказы. Потым знайшліся косткі львоў ў Венгрыі, Румыніі, Украіне… Магчыма іх знойдуць і ў Беларусі. 

Дзень у гісторыі. 31 снежня. Нарадзіліся спявак Антон Баначыч, першы даследчык Вавілона Максімільян Рыла, Аляксандра Герасіменя. Аксамітавы развод Чэхіі і Славакакіі

Наступленне Новага года. 

У большасці сучасных краін свету  адзначаецца наступленне Новага года ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Звычай адзначаць Новы год менавіта 1 студзеня ўвёў Юлій Цэзар у 46 годзе да нашай эры. У Старажытным Рыме свята было прысвечана двухаблічнаму богу Янусу, адна асоба якога глядзіць у будучыню (Новы год), а іншая – звернута ў мінулае (адыходзячы год). У гонар Януса носіць назву і першы месяц года на латыні – Януарый, на беларускай – студзень.

1 студзеня як свята Новага года на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага прапісалася ў 1364 годзе. Ва ўсходняй частцы Беларусі з 1493 па 1700 год пачынаўся паводле візантыйскай царкоўнай традыцыі 1 верасня.

У Расіі, да якой былі далучаны беларускія землі ў ХVІІІ стагоддзі, Новы год адзначаюць 1 студзеня з 1700 года па ўказе Пятра I. Да 1 лютага 1918 года свята адзначалі па юліянскім календары, а затым перайшлі на грыгарыянскі. Першы Новы год, які супаў з еўрапейскім, прыпаў на 1919 год.

Выхадны 1 студзеня ўвялі яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы для працоўных. Пачынаючы з 1929 года святкаванне Калядаў было афіцыйна адменена, а Новы год стаў звычайным працоўным днём. Да 1947 года 1 студзеня ў СССР працягвала заставацца працоўным днём. 23 снежня 1947 года, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 1 студзеня стала святочным і выходным днём.

Упершыню Новы год у СССР сталі святкаваць у 1935 годзе: Дзед Мароз, ёлка, падарункі пад ёлкай. У студзені 1937 года ў Дзеда Мароза з’явілася абавязковая спадарожніца – Снягурка, вытокі якой ляжаць у паганскай міфалогіі.

Святкаванне Новага года, як новая савецкая традыцыя, адной з першых апісана ў аповедзе “Чук і Гек” Аркадзя Гайдара 1939 года.

Навагодняя ёлка ў ВКЛ прыйшла з Еўропы. Да Дзеда Мароза было вядомае славянскае боства Зюзя, якое дабрынёй і шчодрасцю не адрознівалася. 

У беларусаў Зюзя – сівы тоўсты дзед нізкага росту з калматай барадой, босы, без шапкі, з жалезнай булавой. Большую частку зімы Зюзя праводзіць у лесе, але час ад часу наведваецца ў вёскі, прыносячы туды моцны мароз. “Зюзя на дварэ – куцця на стале”.

На навагодні стол беларусы спрадвек ставілі 12 страў як сімвал кожнага месяца года. Абавязковай была «куцця» – каша з мёдам і разынкамі. Яна павінна была быць шчодрай. Першую лыжку, паводле традыцыі, аддавалі продкам. Таксама гатавалі стравы з мяса, салаты, саленні, бліны і ўзвары. Чым больш шчодры стол, тым, лічылася, будзе багацейшы год.

Дзень памяці Папы Сільвестра I (каталіцкі каляндар). 

Сільвестр I – біскуп Рыма ў 314-335 гадах. Хрысціянскі святы, ушанаваны ў ліку свяціцеляў. Памяць у Праваслаўнай царкве здзяйсняецца 2 студзеня.

У 284 годзе прыняў сан святара, а падчас ганенняў на хрысціян трапіў пад рэпрэсіі за пахаванне забітых. Легенда звязвае дзейнасць Сільвестра са зваротам імператара Канстанціна ў хрысціянства: Канстанцін будучы паганцам праводзіў у Рыме ганенні на хрысціян і ў якасці пакарання захварэў свавольствам. Сільвестр хрысціць яго і хворы вылечваецца. У якасці падзякі імператар уводзіць прывілеі для хрысціян, будуе цэрквы, аб’яўляе рымскага біскупа кіраўніком духавенства, перадае Сільвестру і яго пераемнікам уладу над заходняй паловай Рымскай імперыі (Канстанцінаў дар). Легенда атрымала распаўсюджанне у лацінскай, грэчаскай і ўсходніх выкладах.

1880 год. Нарадзіўся Антон Баначыч. 

Рускі і беларускі спявак (бас-барытон, пазней драматычны тэнар), артыст оперы, кампазітар і педагог, стваральнік Мінскай Дзяржаўнай студыі оперы і балета, на базе якой з’явіўся Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Творчасць Баначыча – адна з «залатых» старонак музычнай культуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.

Спяваў у тэатрах Харкава, Кіева, Екацярынаслава, Тыфліса, Саратава, Баку, Пецярбурга і іншых гарадоў. На сцэне маскоўскага Вялікага тэатра выканаў мноства партый. Шмат гастраляваў па Еўропе, ЗША.

Прымаў удзел і ў аперэтах, і ў канцэртах, асабліва праславіўся з выкананнем цыганскіх рамансаў пад уласны акампанемент на гітары. Запісаў 13 пласцінак.

Сам складаў музыку, выступау з уласнымі песнямі і рамансамі.

У Беларусі кіраваў класамі оперы, сольных спеваў і камернага ансамбля Беларускага музычнага тэхнікума, Дзяржаўнай студыі оперы і балета, кафедрай у Мінскай кансерваторыі, Вялікага тэатра оперы і балета БССР.

Памёр у 1933 годзе

1802 год. Нарадзіўся Максімільян Станіслаў Рыла

Філосаф, археолаг-даследчык Вавілона, арыенталіст, каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.

Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію, вучыўся ў Віленскім, Грыгарыянскім (Рым) універсітэтах. Прафесар філасофіі. 3 1833 года святар.

Упершыню даследаваў руіны старажытнага Вавілона і ахвяраваў музею Ватыкана багатую калекцыю археалагічных знаходак. У 1837 абраны ў Папскую археалагічную акадэмію і Арыенталагічнае таварыства Францыі. 

У 1839 годзе на Блізкім Усходзе, адкрыў у Бейруце Каталіцкую акадэмію, якая была пераўтворана ў Бейруцкі ўніверсітэт Святога Іосіфа. У 1841-1843 гадах –  на Мальце, надрукаваў каментарыі да выдання заснавальніка ордэна езуітаў Ігнація Лаёлы «Духоўныя практыкаванні». Быў рэктарам Рымскага калегіума, апостальскім вікарыям Цэнтральнай Афрыкі ў Хартуме (Судан).

Памёр 17 чэрвеня 1848 года.

1916 год. Памёр Казімір Альхімовіч

Мастак.

Як удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, быў сасланы на Урал.

Пасля спасылкі вучыўся ў Варшаве, Мюнхене, Парыжы.

Яго творчасці характэрная гістарычная і міфалагічная тэматыка, пейзажы Літвы, Татраў, рэлігійныя палотны, жанравыя сцэнкі.

Ствараў карціны на тэмы беларускай, польскай і літоўскай гісторыі: «Пахаванне Гедыміна», «Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Пяруна», «Абарона Ольштына», «Смерць Глінскага ў турме» і іншыя.

У творах, створаных пад уплывам ссылкі, гучыць пратэст супраць царскага самадзяржаўя: «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале», «На этапе» і іншыя.

Захапляўся роспісам фарфору і фаянсу, разьбой па дрэве.

Ілюстратар твораў Ю. Славацкага,  А. Міцкевіча.

Вялікая колькасць прац мастака захоўваецца ў варшаўскім Народным музеі.

1931 год. Нарадзіўся Пётр Зялінскі. 

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў Гомельскі дзяржаўны педінстытут, аспірантуру БДУ.

Працаваў на кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ.

Займаўся арганізацыяй і развіццём гістарычнай адукацыі, распрацоўкай сучасных мадэляў выкладання, даследаваннем палітычнай гісторыі Беларусі XX стагоддзя, рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху ў Заходняй Беларусі.

Памёр 15 ліпеня 2019 года.

1985 год. Нарадзілася Аляксандра Герасіменя. 

Беларуская плыўчыха. Двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 года, бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў 2016 года. Чэмпіёнка Чэмпіянату свету,  чэмпіёнка і сярэбраная прызёрка Чэмпіянату Еўропы, Трохразовая чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў, рэкардсменка Еўропы сярод юніёраў.

Уладальніца 12 залатых, 12 сярэбраных і 12 бронзавых медалёў на спабоніцтвах рознага ўзроўню.

18 жніўня 2020 года падпісала адкрыты ліст прадстаўнікоў спартыўнай галіны  Беларусі з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Была сярод атлетаў, што заявілі аб стварэнні Свабоднага аб’яднання спартсменаў Беларусі, удзельнічала ў пратэстах, выступала супраць гвалту ў краіне.

У кастрычніку 2020 года пераехала ў Вільнюс і ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Адказная за маладзёжную палітыку і спорт у Народным антыкрызісным упраўленні.

26 снежня 2022 года ў Беларусі завочна прысуджана да 12 гадоў пазбаўлення волі.

1990 год. Пачала дзейнічаць другая лінія Мінскага метрапалітэна – Аўтазаводская. 

Зараз мае 14 станцый. Мінскі метрапалітэндзявяты па ліку на постсавецкай прасторы. Па колькасці пасажыраў у год займае 4 месца ў СНД пасля Маскоўскага, Санкт-Пецярбургскага і Кіеўскага метрапалітэнаў. Першая лінія метрапалітэна – Маскоўская (зараз 15 станцый) адкрыта 30 чэрвеня 1984 года. Працуе 3-я лінія – Зеленалужская (4 станцыі з 14), плануецца 4-я.

 

1992 год. Апошні дзень існавання Чэхаславакіі. 

Падзенне камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе прывяло да ўзмацнення тэндэнцый палітычнага размежавання Чэхіі і Славакіі. Посткамуністычныя эліты абедзвюх частак дзяржавы ўзялі курс на незалежнасць.

У 1990 годзе разгарэлася так званая «злучковая вайна». Чэшскія палітыкі настойвалі на захаванні ранейшага напісання «Чэхаславакія» ў адно слова, славакі патрабавалі злучковага напісання: «Чэха-Славакія». 

У выніку кампрамісу з 29 сакавіка 1990 года краіна стала афіцыйна называцца «Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка» (ЧСФР), скарочаная назва «Чэхаславакія» па-славацку магла пісацца са злучком, па-чэшску – без злучка. 

На наступны дзень 1 студзеня, чэхі і славакі сустрэлі новы 1993 год як грамадзяне асобных краін. Адбыўся так званы аксамітавы развод.

1994 год. У апошні раз імя Фрэнка Сінатры з’явілася ў спісе 20 найлепшых выканаўцаў ЗША і Вялікабрытаніі. 

Першы раз яго імя было ўключана ў спіс 28 мая 1955 года, і ўсе гэтыя гады яно нязменна там прысутнічала.

Ф. Сінатра (1915-1998) – амерыканскі спявак (крунер), кінаакцёр, кінарэжысёр, прадзюсер, шоумен, дырыжор, палітычны актывіст. Лаўрэат кінапрэміі “Оскар”, 11 разоў быў лаўрэатам “Грэмі”. Славіўся высокім майстэрствам выканання песень, віртуознай тэхнікай інтанацыйнага фразіравання, яснай артыкуляцыяй кожнага слова і склада і «аксамітным» тэмбрам голасу. 

За 60 гадоў творчай кар’еры выканаў у студыі і на канцэртах больш за 2 000 песень, гастраляваў у больш як 40 краінах свету, пласцінкі з яго песнямі прададзены ў колькасці больш за 150 мільёнаў экземпляраў.