Спякотны люты ў Еўропе

Рэха спякоты адгукнецца на беларускіх выходных, праўда, у значна мяккай форме

Магілёўцаў, як і усіх беларусаў, магчыма, уразілі маразы апошніх двух сутак. А вось Еўропу ўразіла зімовая спякота. 

У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе – як паведамляе climatebook, з сярэдзіны лютага ўсталяваліся экстрэмальна высокія для зімы тэмпературы паветра. 

У Германіі 18 лютага тэмпература паветра перавысіла +20°C нават у раёнах з адноснай вышынёй больш за 700 м над узроўнем мора. 

У Аўстрыі, у Інсбруку тэмпература паветра дасягнула +21,7 °C  – рэкорд зімы, самы гарачы зімовы дзень у гісторыі Ціроля. 

Францыі слупок тэрмометра падняўся вышэй за +23°C, гэта адзін з самых засушлівых перыядаў у гісторыі краіны.

Першая хваля зімовай цеплыні ў Еўропе прыйшла пад Новы 2023 год.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і яе надвор’е фарміруецца пад ўздзеяннем паветраных мас, якія прыходзяць, як з Захаду, у большай ступені, так і з Усходу, Поўначы і Поўдня. Амаль, як у палітыцы.

Прагноз на люты – невялікія маразы, нязначныя ападкі, тэмпературы ад 0 да -6º

Папярэдні доўгатэрміновы прагноз надвор’я.

Шматлікія мадэлі надвор’я на люты сведчаць пра тое, што месяц будзе з марозным надвор’ем, у сярэднім ад 0 да -6ºС, у асобныя дні ад -3 да +2 ºС, самыя мінімальныя начныя тэмпературы могуць дасягнуць адзнакі -9 -12 ºС. Большая частка дзён месяца будуць пахмурнымі, з невялікімі ападкамі. 

Люты – апошні месяц зімы. У народзе яго называюць па-рознаму, часцей «люцень», паколькі бываюць яшчэ ў гэты час лютыя маразы. А яшчэ “Люты – ілгун: адзін бок грэе, другі студзіць”. Існуе прымаўка: “Люты – месяц люты, пытаецца: як абуты?”.

У гэтым апошнім каляндарным зімовым месяцы хутчэй расце паўдзённая вышыня сонца, падаўжаецца дзень, з ім расце і сонечная радыяцыя, тэмпература паветра. Але месяц застаецца пахмурным. У сярэднім сонца закрыта аблокамі 16 дзён, бывае і 23. Ясных дзён мінімум 2, максімум – 7.

Сярэдняя тэмпература лютага на 0,7ºС вышэйшая за студзеньскую і складае ў Магілёве -6,9ºС, у Бабруйску -6,8º. Самая нізкая тэмпература лютага на Магілёўшчыне ў Горках -7,8ºС. 

Адзін раз на 33 гады сярэдняя тэмпература лютага ніжэй за -15ºС. У лютым 1940 года адзначаны абсалютны мінімум сярэднемесячных тэмператур у вобласці  -19ºС. 

Пад уплывам Атлантыкі і патокаў міжземнаморскіх паветраных мас з Балкан часта фарміруецца цёплае лютаўскае надвор’е.

Так, у 1990 годзе сярэдняя тэмпература лютага склала +1,7 ºС, што было на 8,6 º вышэй за норму. У гэтым жа годзе быў адзначаны і самы высокі абсалютны максімум лютаўскіх тэмператур: у Магілёве +12,9º, Бабруйску +14,9º. 

Амплітуда крайніх тэмператур складае амаль 52ºС, сярэдніх 21º – усё гэта вынік “свавольства” цыркуляцыйных працэсаў.

Паўднёвыя сцены дамоў, схілы дахаў добра праграваюцца і нават у марознае надвоор’е назіраецца капёж. Нездарма месяц называюць “бакагрэй”, “бакі грэй”, бо сонейка пачынае прыпякаць.

У лютым выпадае невялікая колькасць ападкаў – 32-35 мм, але характэрна іх вялікая зменлівасць. У 1890 годзе у Магілёве выпала толькі 1 мм, а у 1926 годзе – 81 мм.

У лютым пераважаюць вятры паўднёвых напрамкаў, у сярэднем хуткасцю 4,1 м/с. У гэтым месяцы да паловы дзён могуць быць з мяцеліцамі.

Прыкметы аб надвор’і ў лютым.

У пачатку лютага цёпла, растае снег – да добрага ўраджаю.

Калі люты халодны – да спрыяльнага лета.

Люты халодны і сухі – жнівень гарачы.

Люты цёплы – да халоднай вясны.

Яркія зоркі ў лютым – да марозу, цьмяныя – да адлігі.

Калі люты выдасца дажджлівым, то такімі ж можна чакаць вясну і лета.

Пагодлівы люты прадвесціць засуху летам.

Моцныя маразы – да кароткай зімы.

У канцы лютага шмат доўгіх ледзяшоў – да доўгай вясны.

Чым халадней апошні тыдзень лютага, тым цяплей будзе ў сакавіку.

Гром у лютым – да моцных вятроў.

У Касцюковічах будзе першая аўтамыйка самаабслугоўвання

Аўтамыйня самаабслугоўвання на пяць машын адначасова адкрыецца ў Касцюковічах  на пачатку лютага – паведамляе рэсурс golk.by. Гэта першая такая аўтамыйня ў горадзе.

У студзені 2022 года была заключана інвестыцыйнай дамова паміж расійскім ТАА “Дартс плэй”, уладальнікам якога з’яўляецца ўраджэнец Касцюковічаў Арцём Ларчанка і Рэспублікай Беларусь. Затым пад будаўніцтва быў выдзелены зямельны ўчастак каля аўтазаправачнай станцыі.

На аўтамыйні змогуць адначасова абслугоўвацца пяць аўтамабіляў: чатыры легкавых і адзін грузавы. Па часе мыццё машыны зойме 5-10 хвілін.

Пры кошце паслугі ад 5 рублёў за 5 хвілін мыйкі, аўтамыйня зможа акупіцца за 8-10 гадоў – мяркуе інвестар.