Магілёўшчына – лідар па захворванню на сухоты

Да Сусветнага дня барацьбы з сухотамі 24 сакавіка, Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, апублікаваў дадзеныя па гэтаму захворванню. 

Спецыялісты Цэнтра канстатуюць, што найбольш высокі ўзровень захворвання на сухоты  адзначаецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Ён перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Пры гэтым, канкрэтных актуалізаваных дадзеных па захворваемасці Цэнтр не прыводзіць. 

Вядома, што ў дакавідны перыяд, паводле дадзеных за 2018 год паказчык захворваемасці складаў 24 чалавекі на 100 000 насельніцтва, тады было выяўлена 259 новых хворых (гэта дадаткова 2,4, або 10%, на 100 000), з якіх трое – дзеці. Найбольш праблемнымі ў той год былі Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі раёны. 

Па стану на 2023 год смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 84% і склала 1,2 на 100 000 жыхароў (у 2018 годзе – 2,9 на 100 тыс. жыхароў). 

Сухоты, якія вядомы са старажытнасці, застаюцца адной з вядучых прычын смяротнасці ад інфекцыйных хвароб у свеце. 

Нягледзячы на вялікія поспехі медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні, хвароба займае 1-е месца па смяротнасці сярод інфекцыйных захворванняў. 

Прагназуецца, што ў выніку пандэміі COVID-19 істотна вырасце захворванне і смяротнасць ад сухотаў. Смяротнасць можа павялічыцца на 13%, што можа даць у свеце дадатковыя 1 400 000 ахвяр у 2022-2025 гадах.

Фота  з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць. 

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Дзень у гісторыі. 6 сакавіка. Табліца Мендзялеева. Патэнт на аспірын. Створана ЗБС “Бацькаўшчына”. Нарадзіліся аўтар «Пагоні» У. Крукоўскі, першая касманаўтка В. Церашкова.

1869 год. Дз. Мендзялееў публічна прадставіў сваю перыядычную сістэму элементаў.

Перыядычная сістэма хімічных элементаў (табліца Мендзялеева) – класіфікацыя хімічных элементаў, якая ўстанаўлівае залежнасць розных уласцівасцей элементаў ад зарада атамнага ядра. Сістэма з’яўляецца графічным выразам перыядычнага закона, які ўстанавіў рускі хімік Дз. Мендзялееў. 

Усяго прапанавана некалькі соцень варыянтаў малюнка перыядычнай сістэмы (аналітычных крывых, табліц, геаметрычных фігур і іншых). У сучасным варыянце сістэмы мяркуецца звядзенне элементаў у двухмерную табліцу, у якой кожны слупок (група) вызначае асноўныя фізіка-хімічныя ўласцівасці, а радкі ўяўляюць сабой перыяды, у пэўнай меры падобныя адзін аднаму.

1896 год. Нарадзіўся  Ізі (Ісак) Харык.

Беларускі габрэйскі паэт. Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі навук.

Друкаваўся ў габрэйскіх газэтах, працаваў рэдактарам менскага часопіса «Штэрн». Быў членам ЦВК БССР. Аўтар вершаў, 13 кніг вершаў на габрэйскай мове, артыкулаў, нарысаў у беларускамоўных выданнях. Перакладаў на габрэйскую мову творы Якуба Коласа, Міхася Чарота.

Яго паэзія перакладалася на беларускую мову, вершы «Над Бярозай», «Хлеб», «У шэрым змроку», «Век настане такі…» пакладзены на музыку. Паэзію Харыка выконвала Т. Гвердцытэлі (на музыку Мотла Палянскага).

Арыштаваны НКУС і асуджаны ў 1937 годзе як «сябар трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. 

Расстраляны ў «Чорную ноч» 29 кастрычніка 1937 году ва ўнутранай турме НКУС у Менску ў ходзе масавага расстрэлу, які таксама атрымаў назву «Ноч расстраляных паэтаў».

5 лістапада 1937 года была арыштавана, потым саслана ў лагер у Казахстан і яго жонка, маці дваіх сыноў, ураджэнка Бабруйска Дзіна Харык (Матліна).

1899 год. Нямецкі хімік Фелікс Хофман з кампаніі Bayer атрымаў патэнт на ацэтыльсаліцылавую  кіслату пад камерцыйнай назвай “аспірын”.

Аспірын – адны з галоўных лекаў XX стагоддзі.

Па традыцыі нашы продкі зніжалі жар і здымалі боль воднай настойкай кары вярбы.

У 1763 годзе святар Эдвард Стоўн зрабіў у Каралеўскім таварыстве Лондана даклад аб лячэнні ліхаманкавых дрыжыкаў настойкай кары вярбы. А ў 1838 годзе было паказана, што актыўным кампанентам кары вярбы з’яўляецца саліцылавая кіслата. Італьянскі хімік Рафаэль Пірыа вылучыў з вярбовай кары саліцылавую кіслату, вызначыў хімічны склад гэтага рэчыва і паспяхова сінтэзаваў яго. Яно атрымала назву саліцылавай кіслаты.

Каб атрымаць іншыя віды саліцылавай кіслаты, лячэбная ўласцівасць якіх магла б быць яшчэ больш дзейснай, Ф. Хофман распрацаваў тэхналогію вытворчасці ацэтыльсаліцылавай кіслаты.

1910 год. Нарадзіўся Аляксандр Мазалёў.

Беларускі савецкі жывапісец, графік, педагог.

Скончыў Ленінградскі інстытут пралетарскага мастацтва. Выкладаў у Віцебскім, Мінскім мастацкіх вучылішчах, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Падчас вайны за ўдзел у дзейнасці падпольнай арганізацыі акупантамі быў адпраўлены ў канцлагер. Пасля вызвалення з яго ў 1944 годзе ваяваў у Чырвонай Арміі.

Працаваў у галіне станковых жывапісу і графікі, у пейзажным, партрэтным, бытавым і батальным жанрах. Быў аўтарам тэматычных карцін, у якіх вельмі ёміста ўвасабляліся характэрныя прыкметы таго часу і галоўныя грамадскія ідэалы.

Сярод творчай спадчыны мастака таксама шмат эцюдаў, накідаў і замалёвак. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Памёр 1 жніўня 1970 года.

А. Мазалёў. На канікулах. 1966 год.

1913 год. Падчас святкавання 300-годдзя дома Раманавых у Санкт-Пецярбургу з-за цісканіны загінулі сотні людзей, пасля чаго Мікалай II атрымаў мянушку “Крывавы”.

За 19 гадоў да гэтага, 18 траўня 1894 года, на Хадынскім полі ў Маскве, падчас раздачы царскіх падарункаў з нагоды каранацыі Мікалая II з-за халатнасці ўлад адбылася цісканіна. Па афіцыйных дадзеных, загінула 1389 чалавек, знявечана было 1300. Слова Хадынка стала намінальным для гібелі людзей у цісканіне.

1923 год. Нарадзіўся Анатоль  Ляляўскі.

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст.

У 1956-1986 гадах працаваў рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Сярод яго лепшых пастановак па творах беларускіх аўтараў «Дзед і жораў» В.Вольскага, «Сярэбраная табакерка» паводле Змітрака Бядулі, «Ліпавічкі» У.Галубка, «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа і іншыя. Ставіў таксама – «Кот у ботах» Г. Уладычынай, «Канёк-гарбунок» паводле П. Яршова, «Доктар Айбаліт» паводле К. Чукоўскага, «Зорны хлопчык» паводле О. Уайлда.

Памёр 7 студзеня 1995 года.

1937 год. Нарадзілася Валянціна Церашкова.

Першая жанчына-касманаўт (1963), першая беларуска-касманаўт, генерал-маёр авіацыі, Герой Савецкага Саюза, кандыдат тэхнічных навук. Старшыня Камітэта савецкіх жанчын, Расійскага цэнтра міжнароднага навуковага і культурнага супрацоўніцтва пры расійскім урадзе.

Нарадзілася ў в. Вялікае Масленікава Яраслаўскай вобласці ў сялянскай сям’і выхадцаў з Беларусі. Бацька – з Бялыніцкага, маці — з Дубровенскага раёна. Па сведчанні самой Валянціны Церашковай, у дзяцінстве яна гаварыла па-беларуску.

1937 год. У Асіповічах  нарадзіўся Уладзімір Крукоўскі.

Беларускі мастак-плакатыст. Суаўтар эталона дзяржаўнага герба «Пагоня», аўтар сцяга і малой эмблемы БНФ.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.

Працаваў у часопісах «Маладосць», «Мастацтва Беларусі», «Спадчына», бюлетэні Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. Член БНФ з дня заснавання.

Асноўная тэматыка плакатаў – гісторыя, культура, экалогія, антываенныя і юбілейныя тэмы, афішы. Аўтар публікацый па гісторыі беларускай прыватнай геральдыкі.

Творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі.

Узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве», медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Памёр 3 красавіка 2022 года.

1944 год. Пачалося фарміраванне Беларускай краёвай абароны (БКА).

БКА – вайсковае фарміраванне на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь», якое планавалася зрабіць ядром Нацыянальных узброеных сіл незалежнай Беларусі. Рашэнне аб стварэнні БКА было прынята 23 лютага 1944 года выконваючым абавязкі генеральнага камісара Беларусі К. фон Готбергам і прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады Р. Астроўскім. Кіраўніком стаў маёр Ф. Кушаль.  

Аснову фарміравання складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-1924 гадоў нараджэння – усяго каля 25 000 чалавек, з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў па 450-500 чалавек. Да сярэдзіны красавіка было створана 39 пяхотных і 6 сапёрна-будаўнічых батальёнаў.

Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час, частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, дабраахвотна ішла служыць у БКА.

Частка жаўнераў БКА вырашылі ісці з немцамі на захад. Ва Усходняй Прусіі і Польшчы было каля 10  000 жаўнераў БКА.

На базе частак БКА на пачатку 1945 года была ўтворана 1-я беларуская грэнадзёрская брыгада, пазней —30-я грэнадзёрская дывізія, якая ўдзел у баях не брала і здалася ў палон да амерыканцаў

Пасля вайны значная частка ўдзельнікаў БКА апынулася ў эміграцыі.

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Міхно.

Беларускі журналіст і пісьменнік.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у Чашніцкай раённай газеце «Чырвоны прамень», у «Чырвонай змене», «Настаўніцкай газеце».

Аўтар кніг, зборнікаў прозы, аповесцей. З апавяданнямі выступаў у беларускім друку, на радыё.

Памёр 26 лістапада 2019 года.

1972 год. Заснавана выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Утворана на аснове рэдакцый мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Гэта быў час, калі інтэлектуальны і эстэтычны ўзровень грамадства патрабаваў выдання велізарнай колькасці мастацкай літаратуры розных кірункаў і жанраў, а ў адукацыйных дзяржаўных праграмах было прадугледжана глыбейшае вывучэнне класікаў беларускай і сусветнай літаратуры.

У савецкія часы ў выдавецтве існавалі рэдакцыі паэзіі і прозы, збораў твораў, выбраных твораў і перакладной літаратуры, крытыкі і драматургіі, літаратуры народаў СССР, гісторыка-дакументальных кніг «Памяць». Штогод выдавалася каля двухсот кніг, якія былі адрасаваны шырокаму кругу чытачоў. Тыраж кніг арыгінальнай паэзіі быў не меней трох тысяч, а арыгінальнай прозы – не меней шасці тысяч асобнікаў.

Выходзілі серыі «Першая кніга паэта», «Першая кніга празаіка», «Паэзія народаў», «Бібліятэка замежнай прозы», «Скарбы сусветнай літаратуры», «Бібліятэка беларускай класікі».

У выдавецтве выйшлі Зборы твораў амаль усіх буйных беларускіх пісьменнікаў.

Выдаюцца серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», «Беларуская проза ХХ стагоддзя», «Беларуская паэзія ХХІ ст.», «Беларуская проза ХХІ ст.», «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».

1975 год. Памёр ураджэнец беларускага г. Рэчыца Яфім Капелян (1912-1975).

Акцёр тэатра і кіно, адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. Народны артыст СССР.

Скончыў Рэчыцкую школу. Працаваў мастаком пры Рэчыцкім кінатэатры, у Вялікім драматычным тэатры імя М. Горкага. У гады вайны быў акцёрам франтавога Тэатра народнага апалчэння.

Адначасова шмат здымаўся ў кіно, выканаў мноства яркіх характэрных роляў у фільмах «Няўлоўныя мсціўцы», «Інтэрвенцыя», «Даўрыя», «Вечны кліч», «Саламяны капялюшык». Адна з найбольш вядомых работ – аўтарскі тэкст у тэлесерыяле “Семнаццаць імгненняў вясны”. Браў удзел у дубляжы замежных фільмаў на кінастудыі “Ленфільм”, агучыў адну із роляў у фільме “Паласаты рэйс”. Спрабаваў сябе ў рэжысуры, паставіў некалькі спектакляў на Ленінградскім тэлебачанні.

1990 год. У Мінску створана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (1990-2021).

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне. Створана дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.

Першым Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў, старшынёй Рады – Яўген Лецка. З’езды ЗБС праводзіліся ў 1993, 1997, 2001, 2005, 2009, 2013, 2017 гадах. Сярод наступных кіраўнікоў ЗБС былі Р. Гарэцкі, А. Грыцкевіч, А. Макоўская.

У чэрвені 2021 года павінен быў прайсці VIII з’езд, але праз распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі Вялікая рада прагаласавала за перанос з’езда, у той час як кіраўніцтва ЗБС пракансультавалася з Міністэрствам юстыцыі, як не парушыць заканадаўства і статут арганізацыі. Аднак у рамках пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Міністэрства юстыцыі выставіла прэтэнзіі да дзейнасці арганізацыі з нагоды пераносу з’езда.

20 жніўня 2021 года Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па «прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь).

24 верасня Вярхоўны суд (суддзя – Рыма Філіпчык) прыняў рашэнне задаволіць позву Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць згуртаванне.

Дзень у гісторыі. 3 сакавіка. Дзень пісьменніка. Бітва на Нямізе. Брэсцкі мір. Нарадзіўся касманаўт У. Кавалёнак. Забіты Ф. Аляхновіч.

Сусветны дзень пісьменніка (World Writer’s Day, з 1986 года).

Адзначаецца па рашэнні 48-га кангрэса Міжнароднага ПЭН-клуба 1986 года.

ПЭН-клуб – міжнароднае аб’яднанне пісьменнікаў. Ён узнік у 1921 годзе ў Лондане па  ініцыятыве Дж. Голсуорсі і Кэтрын Эмі Доўсан-Скот. 

Назва клуба ўтварылася ад першых літар англійскіх слоў Poets – паэты, Essayists – эсэісты і Novelists – раманісты. Абрэвіятура супадае са словам Pen – асадка.

Мэта свята – супрацьстаяць ціску на прэсу, падтасоўцы і скажэнням інфармацыі, парушэнням свабоды слова.

У 1923 годзе цэнтры ПЭН-клуба былі створаны ў 11 краінах, сёння такія цэнтры дзейнічаюць у 130 краінах.

Беларускі ПЭН-цэнтр узнік у 1989 годзе. Яго прэзідэнтамі былі Р. Барадулін (1990–1999), В. Быкаў (1999–2003), Л. Баршчэўскі (2003–2005), У. Някляеў (2005–2008), А.  Хадановіч (2008–2017), Т. Нядбай (2017–2019), зараз яго ўзначальвае С. Алексіевіч.

Першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стаў у 1901 годзе французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудам, шостым у свеце (1905 год) і першым з беларускіх зямель і з літоўска-беларускімі і літоўска-татарскімі каранямі – Генрых Сянкевіч (1846–1916). Нобелеўскім Лаўрэатам (1980) быў „ліцвін польскай культуры“ Чэслаў Мілаш – пляменік французскага паэта, ураджэнца Беларусі Оскара Мілаша. 

У 2015 годзе яе лаўрэатам стала беларуская пісьменніца, журналістка Святлана Алексіевіч (адна з 17 жанчын – лаўрэатаў).

1067 год. Адбылася бітва на Нямізе паміж злучанымі дружынамі кіеўскіх Яраславічаў і войскам полацкага князя  Усяслава Брачыславіча Чарадзея. 

Першая летапісная згадка пра Менеск (Мінск).

Дата разрабавання і зруйнавання горада ўзята за адлік яго гісторыі.

У сакавіку 1499 года каралём Аляксандрам Ягелончыкам даравана гораду Магдэбургскае права. Мінск багацеў і павольна пераўтвараўся ў буйны гандлёвы, эканамічны, транспартны цэнтр. 

З 1919 года – сталіца Беларусі. 

29 ліпеня 1939 года Вярхоўны Савет БССР сваёй пастановай змяніў беларускую назву горада Менск на прынятую ў Расійскай імперыі паланізаваную форму Мінск. 

Зараз Мінск – двухмільённы горад, буйны эканамічны, культурны і палітычны цэнтр краіны.

1718 год. Нарадзіўся Казімір Галоўка (1718–1787).

Вялікалітоўскі географ, аўтар падручнікаў па геаграфіі, педагог, езуіт.

Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні, Варшаве, Любчы, Пінску. 

Выдаў падручнікі па геаграфіі, нарысы па геаграфіі Рэчы Паспалітай (на лацінскай і польскай мовах), «Геаграфічныя карты Галіі, Нямеччыны, Польшчы і ВКЛ», «Гістарычныя календары».

Фота. Віленскі ўніверсітэт 

1850 год. Нарадзіўся Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Лада-Заблоцкі.

Беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Прагі, Лейпцыга і Страсбурга.

Далучыўся да руху беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1868–1870 гадах кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу.

Жыў і падарожнічаў у Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі.

Перапісваўся па-беларуску з украінскім вучоным М. Драгманавым, ліставаўся з Я. Карловічам, М. Канапніцкай, А. Ельскім і іншымі.

Аўтар сатырычнай паэмы, аповесцей, драм, беларускіх вершаў, нарысаў, беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў.

Рукапісная спадчына захоўваецца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Расіі.

Памёр 3 лютага 1893 года.

1890 год. Нарадзіўся Лявон (Леанард) Заяц.

Беларускі палітык, дзеяч БНР, дыпламат, публіцыст, мемуарыст.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках.

З 1916 года ў Мінску, удзельнік беларускага руху, сябруе з М. Багдановічам. Удзельнік З’ездза беларускіх нацыянальных арганізацый, Усебеларускага з’езда 1917 года, член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраўнік спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, народны сакратар юстыцыі БНР, дзяржаўны кантралёр Рады Народных Міністраў.

У 1926 годзе вярнуўся з Прагі ў Менск. Працаваў у Наркамаце фінансаў БССР.

18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, асуджаны і сасланы ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны. Памёр у турме ў час следства 23 верасня 1935 года.

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Берлін, кастрычнік 1919 г.

1900 год. У в. Паддуб’е Магілёўскага раёна нарадзіўся Герасім Якушка (1900-1942).

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве па яго праекту пабудаваны  5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

Пабудаваў будынкі, якія паўплывалі на фарміраванне аблічча сучаснага Мінска, у тым ліку па праекту забудовы праспекта Незалежнасці паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа.

1918 год. Паміж Германіяй і Савецкай Расіяй заключаны Брэсцкі мір.

Падпісаны ў Брэст-Літоўску ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці, ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерасійскім з’ездам Саветаў 15 сакавіка і германскім імператарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 года. 

Ад Расіі аддзяліліся Прыбалтыка, частка Беларусі, Каўказа. 

Украінская Народная Рэспубліка і Каралеўства Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. 

Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 000 000 км² з насельніцтвам больш за 50 000 000 чалавек.  

Брэсцкі мір фармальна завяршыў перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу. Старая армія распалася, новая не была створана. 

Мірная дамова прывяла да пачатку Грамадзянскай вайны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Белы палац, месца падпісання Брэсцкага міру (фота 1930-х гг.)

1941 год. Памёр ураджэнец в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) Клім Грыневіч (1912–1941).

Беларускі паэт.

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929–1930).

Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.

Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які прыхільна сустрэты крытыкай.

Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое.

Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя.

1942 год. Нарадзіўся Уладзімір Кавалёнак.

Беларускі, савецкі касманаўт. Двойчы Герой Савецкага Саюза, Герой ГДР, Герой Манголіі, уладальнік польскага Крыжа Грунвальда. Генерал-палкоўнік авіацыі. Кандыдат ваенных навук, прафесар.

Двойчы быў у космасе ў якасці камандзіра карабля: у 1977 і 1978 (устанавіў рэкорд знаходжання чалавека ў космасе — 139 сутак 14 гадзін і 47 хвілін) гадах.

Служыў намеснікам начальніка ўпраўлення падрыхтоўкі касманаўтаў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.  Гагарына, намеснікам камандуючага 37-й паветранай арміяй стратэгічнага прызначэння, намеснікам начальніка кафедры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, начальнікам Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Жукоўскага.

У 1989–1992 год з’яўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі.

1944 год. Забіты Францішак Аляхновіч (1883-1944).

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцлагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.

1 студзеня 1927 года арыштаваны,  атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.

Падчас вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.

Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.

З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілкі Росы, дзе пастаўлены помнік.

Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

2018 год. Памерла Валянціна Лемцюгова (1935-2018).

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) сталі выступаць некаторыя чыноўнікі са снежня 2022 года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 000 айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання». 

Пад яе кіраўніцтвам створаны «Спіс населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Дзень у гісторыі. 1 сакавіка, або 16 лютага 7531. Прароцтвы Настрадамуса. Трыбунал ВКЛ. Нарадзіўся акцёр Ф. Шмакаў. Забойства мастака І. Пэна

Сусветны дзень камплімента (World Compliment Day).

Няма дакладных звестак аб тым, кім і калі заснавана гэта свята, але галоўнае вядома, што гэта было спантаннае жаданне простых людзей зрабіць адзін з дзён у годзе больш яркім, цёплым, запамінальным і збліжальным.

Французскае “compliment” – асаблівая форма пахвалы, выказванне адабрэння, прызнання, ветлівыя, прыемныя словы. Пры дапамозе кампліменту можна лёгка паказаць канкрэтнаму чалавеку сваю павагу, выказаць захапленне, прадэманстраваць сімпатыю.

Камплімент – просты, але магутны сродак, які дапамагае ўсталёўваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі. Камлімент, які своечасова прагучаў, можа разрадзіць абстаноўку, пераламаць напружаную сітуацыю і нават паўплываць на асабістае жыццё і кар’еру. Нядзіўна, што мастацтва рабіць кампліменты даўно ўжо стала неад’емнай часткай бізнэс-культуры.

Найважнейшая ўмова эфектнага кампліменту – гэта шчырасць.

Цікавы эксперымент праводзілі японскія генетыкі. Двум галінкам сакуры цэлы тыдзень казалі: адной, што яна – “гадасць, пачвара”, а другой: “прыгажуня, разумніца!” Да канца эксперыменту першая зачахла, а другая зацвіла пышным колерам.

Гэтае свята лішні раз нагадвае нам аб вялікай сіле слова, якое сказана шчыра і ад чыстага сэрца! 

Цікавыя факты. 

41% жанчын лічаць, што камплімент гэта найлепшы падарунак, што здольны надоўга ўзняць настрой.

Для мозгу атрыманне кампліменту – такая ж грамадская ўзнагарода, як узнагароджанне грашыма.

Сусветны дзень грамадзянскай абароны ( World Civil Defense Day, з 1990 года).

Заснаваны па рашэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны (МАГА) ў мэтах прыцягнення грамадскай увагі да важных задач, якія выконваюцца нацыянальнымі службамі грамадзянскай абароны і абароны – выратавання жыцця і навакольнага асяроддзя.

Датай свята выбраны дзень уступлення ў сілу ў 1972 годзе статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны.

Сярод напрамкаў дзейнасці МАГА: падрыхтоўка нацыянальных кадраў у галіне кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый; аказанне тэхнічнай дапамогі дзяржавам у стварэнні і ўдасканаленні сістэм папярэджання надзвычайных сітуацый і абароны насельніцтва; прапаганда досведу і ведаў па грамадзянскай абароне і пытаннях кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый.

Дзень «Нуль дыскрымінацыі» (Zero Discrimination Day, з 2014 года)

У гэты дзень святкуецца індывідуальнасць і непаўторнасць кожнага. Дзень «Нуль дыскрымінацыі» – гэта магчымасць аб’яднацца супраць дыскрымінацыі і адзначыць права кожнага жыць з годнасцю паўнавартасным і прадуктыўным жыццём. Пол, нацыянальнасць, узрост, асаблівыя патрэбы, паходжанне, рэлігія, мова, колер скуры або любая іншая прыкмета не павінна быць прычынай для дыскрымінацыі.

Сімвалам нулявой дыскрымінацыі з’яўляецца малюнак матыля як знака пераўтварэнняў.

5509 год да нашай эры. Пачатак старажытнай эры ад “стварэння свету” па ўльтрасакавіцкім стылі. 

Ультрасакавіцкі стыль – гэта гістарычны каляндарны стыль, які ўжываўся ў даўніну разам з вераснёўскім і сучасным студзеньскім. Пачатак года тут прыпадаў на 1 сакавіка. Выкарыстоўваўся ў старажытных беларускіх княствах, Маскоўскай дзяржаве і Венецыянскай рэспубліцы, у Паўночнай Італіі і Англіі. 

Стыль ужываўся з летазлічэннем «ад стварэння свету» (Канстанцінопальская эра), а таксама і «ад Раства Хрыстовага». У ўсходнеславянскіх народаў існаваў да 1492, у гарадах Паўночнай Італіі і Англіі да 1752 года.

Пачатак года 1 сакавіка паходзіць са старажытнарымскага рэспубліканскага календара Нумы Пампілія. Паколькі год пачынаўся з сакавіка, нумары месяцаў з верасня (“сёмы”) па снежань (“дзесяты”) адпавядалі іх назвам. Толькі пасля рэформы Юлія Цэзара яны зрушыліся на дзве пазіцыі, бо год пачаў пачынацца са студзеньскіх календ (1 студзеня).

З 1492 (7000–7001) года пераважным стаў вераснёўскі год.

Сёння 1 сакавіка 2023 года адпавядае “ультрасакавіцкаму” 16 лютага 7531 года.

Стварэнне свету. Мініяцюра сярэднявечнага рукапісу, XIII стагоддзе

1555 год. У Ліёне апублікавана кніга прароцтваў Настрадамуса.

Мішэль дэ Нотрдам апублікаваў свае першыя прадказанні ў кнізе пад назвай “Прароцтвы Мішэля Настрадамуса” у форме рыфмаваных чатырохрадкоўяў (катрэны), якія былі згрупаваны ў цэнтурыі (сотні ці стагоддзі). Акрамя гэтага ўсе свае прадказанні Настрадамус старанна зашыфраваў і запісаў на міксе чатырох моў – лацінскай, старафранцузскай, італьянскай і грэцкай.

У кнізе практычна не ўказвалася ніякіх дат, часовая паслядоўнасць не выконвалася, ды і самі катрэны былі пераблытаныя. І, тым не менш, даследнікамі творчасці Настрадамуса прыкмячаецца даволі шмат цікавых і дакладных гістарычных супадзенняў.

Настрадамус звяртаўся пры складанні прадказанняў да планетарных схем, якія, паводле некаторых меркаванняў, лічаць, што нябесныя целы аказваюць уплывы на справы людзей. З пункта гледжання сучаснай навукі дадзенае сцвярджэнне малаверагодна.

Вялікая частка крытыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што працы Настрадамуса ўяўляюць сабой толькі асабістыя здагадкі і інтуітыўныя прагнозы.

Некаторыя з прадказанняў Настрадамуса.

2016. Еўропа амаль бязлюдная.

2018. Новай сусветнай дзяржавай становіцца Кітай. Краіны, якія развіваюцца, ператвараюцца з эксплуатуемых у эксплуататараў.

2028. Стварэнне новай крыніцы энергіі. Голад паступова пераадольваецца. Стартуе пілатуемы касмічны карабель да Венеры.

2046. Вырошчваюцца любыя органы. Замена органаў становіцца адным з найлепшых метадаў лячэння.

2066. Падчас нападу на мусульманскі Рым ЗША ўжываюць новы від зброі – кліматычны. Рэзкае пахаладанне.

2480. Сутыкнуцца два штучныя Сонцы. Зямля ў прыцемках.

1581 год. У Вільні створаны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Вышэйшы апеляцыйны суд, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма, пачаў працу ў 1582 годзе. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на адзін год (з 1588 яшчэ выбіраліся тры дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).

Трыбунал разглядаў апеляцыі на рашэні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэні павятовай адміністрацыі. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асоб; пры разглядзе такіх спраў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.

Сесіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў ВКЛ, соймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Сесіі трыбуналу праходзілі ў Вільні, Менску, Наваградку, Троках, Гродна.

1881 год. Ігнат Грынявіцкі бомбай смяротна параніў рускага цара Аляксандра II. І сам атрымаў смяротнае раненне.

Рэвалюцыянер-царазабойца нарадзіўся ў 1856 годзе ў фальварку Басін (цяпер у складзе в. Калінаўка Клічаўскага раёна) у сям’і каталіцкага шляхціца. 

Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута ўдзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, быў членам партыі «Народная воля», сузаснавальнікам яе беларускай фракцыі.

У. Караткевіч прысвяціў Грынявіцкаму верш «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)». У 1975-1998 гадах яго імя насіў мост у Санкт-Пецярбургу (цяпер Нова-Канюшанны мост).

1917 год. Нарадзіўся Фёдар Шмакаў.

Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.

Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве, з 1941 года, больш за 60 год, працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. 

На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».

Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», «Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас»,  «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».

Памёр 2 мая 2009 года.

1933 год. Памёр у ссылцы Уладзімір Жылка (1900-1933).

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

У 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках.

1936 год. Нарадзілася Лідзія Савік.

Беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук. Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Працавала ў школах, у акадэмічных Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа, Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага, С. Баранавых, Б. Мікуліча і іншых, нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага.

Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў, у тым ліку В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, У. Караткевіча, Л. Геніюш.

Аўтар, суаўтар манаграфій, кніг, у тым ліку «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы», «Культура беларускага замежжа», «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта».

1937 год. У Віцебску забіты Іегуда Пэн. (1854-1937). 

Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя. Уладальнік першай у Расіі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).

Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку В. Цадкін, Л. Лейтман, М. Шагал, С. Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка забіты ў сваёй віцебскай хаце. Існуе версія, што да забойства  датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску адчынена  мемарыяльная дошка.

2014 год. Памёр Леанід Левін (1936-2014).

Беларускі архітэктар, скульптар. Заслужаны архітэктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у Інстытуце «Мінскпраект», кіраваў Майстэрняй па забудове цэнтра Мінска, «Творчай майстэрняй архітэктара Л. Левіна».

Член Савета Сусветнага кангрэса рускамоўнага яўрэйства, Генеральнага Савета Еўраазіяцкага яўрэйскага Савета. Старшыня Беларускага аб’яднання яўрэйскіх арганізацый і абшчын, Мінскага яўрэйскага дабрачыннага фонду «Хэсэд-Рахамім», гістарычнага таварыства «Трасцянец», Міжнароднай яўрэйскай акадэміі мастацтва.

Аўтар, суаўтар мемарыяльных комплексаў “Хатынь”, ахвярам халакоста «Яма», у п. Красны Бераг Жлобінскага раёна, «Праклён фашызму» (Докшыцкі раён),, «Прарыў» каля г.п. Ушачы і іншых, шматлікіх помнікаў, у тым ліку Я. Купале, Я. Коласу ў Мінску, К. Заслонаву, «Кацюша» ў Оршы, М. Гастэлу ў Радашковічах.

Аўтар праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска, рэгенерацыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада, Нямігі, Ракаўскага прадмесця

Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Палёты з Анёлам».

Аўтар кнігі «Хатынь».

2015 год. Памерла ураджэнка Магілёва Вікторыя Мазур (1946-2015).

Беларуская артыстка аперэты, лірыка-драматычнае сапрана, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Народная артыстка.

Скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча, Беларускую кансерваторыю.

Больш за 30 гадоў служыла ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры з самага пачатку яго заснавання, першая яго прыма. Згуляла больш за 40 роляў у аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, выступала на шматлікіх канцэртах перад гледачамі Беларусі і замежных краін.

2021 год. Памёр Барыс Нешатаеў (1947-2021). 

Расійскі, украінскі і беларускі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар. Нарадзіўся ў г. Кудымкар Пермскага края. 

У 1958–1963 гадах з бацькамі жыў у Магілёве. Пасля сканчэння Пермскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам у школе, у Пермскім, Сумскім, Смаленскім універсітэтах. У 1995-1996 – прафесар кафедры біялогіі і хіміі, стваральнік і загадчык (1996-2002) кафедры геаграфіі і аховы прыроды Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, браў удзел у мерапрыемствах Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, даследчык Магілёўскай вобласці, рэчышных працэсаў. 

Пахаваны ў г. Сумы (Украіна).

У Мікалаеве правялі эксперыментальную каменданцкую гадзіну і злавілі падазраваных у шпіянажы

У горадзе быў уведзены каменданцкі час, які фактычна зачыняў горад на выходныя, што прывяло да выкрыцця калабарантаў – паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласнай пракуратуры Дз. Казак.

Падчас фільтрацыйных мерапрыемстваў былі затрыманы некалькі чалавек, якія перадавалі ворагу інфармацыю пра размяшчэнне ўкраінскіх ваенных.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці

Па выніках фільтрацыі выяўлена 3 025 асоб, якія маюць у мабільным тэлефоне кантакты з карыстальнікамі мабільных аператараў Расіі. Большасць з іх – гэта кантакты са сваімі роднымі. А вось 61 асоба з названай колькасці выклікалі падазрэнне ў садзейнічанні агрэсіі Расіі. Сярод іх былі выяўлены тры асобы, што ажыццяўлялі збор інфармацыі пра размяшчэнне Сіл абароны Украіны на тэрыторыі Мікалаева, апраўдвалі збройную агрэсію Расіі.

Акрамя гэтага, фільтрацыйныя мерапрыемствы дапамаглі выявіць 4 факты незаконнага захоўвання агняпальнай зброі, 17 фактаў захоўвання, вырошчвання наркатычных сродкаў, 5 асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, у тым ліку 3-х ваеннаслужачых, якія самавольна пакінулі вайсковую частку, 2 грамадзян Расіі і Беларусі, якія знаходзіліся ў горадзе з парушэннем міграцыйнага заканадаўства

Па словах кіраўніка пракуратуры, створаныя 200 пошукавых груп і 27 мабільных груп блокавання праверылі 51 740 чалавек і 2 440 транспартных сродкаў.

Некаторыя мікалаеўцы, якія дапамагалі агрэсару, ужо асуджаны, іншыя чакаюць прысудаў.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 км ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Дзень у гісторыі. 18 лютага. Бітвы з крыжакамі. Шлюб Ягайлы і Ядвігі. Прэзідэнт на гадзіну. Нарадзіліся М. Гарэцкі, К. Грыневіч, М. Савіцкі

1268 год. Бітва на рацэ Кегола каля Ракавора (Везенберга, Эстонія) паміж аб’яднаным войскам Паўночна-Усходняй Русі і дацка-нямецкімі рыцарамі з нічыйным вынікам. 

Малавядомая бітва, але з ліку найбуйнейшых у сярэднявечнай Еўропы, як па колькасці ўдзельнікаў, так і па колькасці загінуўшых у ёй.

Зімой 1268 года магістр Тэўтонскага ордэна Лютэрберг распачаў паход у Літву. У гэты ж час моцнае пскоўска-наўгародска-цвярское войска пад начальствам князя Яраслава Аляксандравіча і князя літоўскага і пскоўскага Даўмонта ўварвалася ў Эстляндыю і на рацэ  Кегола натыкнуліся на нямецкія палкі, якія “стаялі як лес дрымучы”. 

Адбылося пабоішча страшнае, кажа летапісец, якога не бачылі ні бацькі, ні дзяды. Пабіта было ваяроў без ліку, што нават конніца не магла прабіцца па іх трупам.

1370 год. Параза літвінаў пад Рудавай каля Кёнігсбергу ад войска Тэўтонскага ордэна.

Вялікалітоўскае войска на чале з Альгердам, Ягайлам, Кейстутам і Вітаўтам на пачатку боя было рассечана тэўтонамі на дзве часткі – частка Кейстута адступіла, частка Альгерда ўмацавалася ў лесе і пэўны час адбівалася. 

Бітва скончылася перамогай Ордэна, трэцяй на працягу 60 гадоў (пад Ваплаўкен, 1311, на Стрэве, 1348). 

Войска ВКЛ страціла ад 1 000 – 5 500 да 11 000 ваяроў, Ордэн – ад 126 – 300 (з іх 26 рыцараў) да 5 000 кнехтаў, 200 рыцараў і 26 комтураў. 

Паводле Т. Нарбута, абодва бокі панеслі вялікія страты, а літвіны, калі і не перамаглі ў бітве, то мелі з яе немалую карысць, бо забілі шмат крыжацкіх военачальнікаў і ўзялі багатую здабычу.

1386 год. Вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся з 12-гадовай Ядвігай, спадкаемцай польскага стальца. 

4 сакавіка быў урачыста каранаваны на «караля Польшчы, вярхоўнага князя Літоўскага і дзедзіча Рускага», паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягелонаў. 

Уладзіслаў II Ягайла і каралева Ядвіга правілі як манархі сумесна.

1537 год. У Маскве падпісаны мірны дагавор, які скончыў вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім. Скончылася пятая літоўска-маскоўская вайна (1534-1537).

Жыгімонт I Стары згадзіўся прыслаць у Маскву да 6-цігадовага Івана IV сваё «вялікае пасольства». Падчас цяжкіх і доўгіх перагавораў – Масква патрабавала Кіеў і Полацк, Вільня – Ноўгарад і Пскоў, перамоўшчыкі пайшлі на кампраміс. Гомель з усёй зямлёй заставауся ў складзе ВКЛ, Себеж і Завалочча перадаваліся Маскоўскай дзяржаве, астатнюю мяжу пакідалі нязменнай. Падпісаны трактат прадугледжваў пяцігадовае перамір’е, мір на межах і свабоду гандлю.

Пачаткам вайны стала вестка пра смерць вялікага князя маскоўскага Васіля III. Гэта абудзіла у ВКЛ надзеі на рэванш і на вяртанне страчаных раней тэрыторый у выніку войнаў. Падчас вайны 1500–1503 і 1512–1522 гадоў ВКЛ страціла ад 25 да 30% сваёй тэрыторыі, у тым ліку Гомель і Смаленск.

1845 год. Памёр Ігнат Анацэвіч. 

Беларускі гісторык і архівіст, педагог, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Адзін са стваральнікаў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі.

Стваральнік першага спецыялізаванага ўніверсітэцкага курса па мінуламу беларускага і літоўскага народаў.

Стварыў цэласную карціну гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, склаў перыядызацыю гісторыі ад 1009 да 1569 гадоў і распрацаваў класіфікацыю гістарычных крыніц.

Паводле словаў А. Латышонка, Ігнат Анацэвіч – адзін з тых “гістарычна адукаваных спакойных [уніяцкіх] паповічаў, якія, уласна, і стварылі беларускую нацыянальную ідэю на сумежжы 18 і 19 стагоддзяў”.

1893 год. У в. Малая Багацькаўка (зараз – Мсціслаўскі раён) нарадзіўся Максі́м Гарэцкі

Класік беларускай літаратуры. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі, даследаванняў гісторыі беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай, дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры.

Аўтар першай «Гісторыі беларускай літаратуры», «Хрэстаматыі беларускай літаратуры. XI век – 1905 год», «Руска-беларускага слоўніка» (з Г. Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М. Байковым).

Працаваў у БДУ, Камуністычным універсітэце, Інбелкульце, загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі.

Арыштоўваўся ў 1930 і 1937 гадах. Быў у ссылцы. 5 студзеня прысуджаны да расстрэлу, расстраляны 10 лютага 1938 года ў Вязьме.

У Мсціславе працуе Літаратурны музей Максіма Гарэцкага, у Горках музей-кабінет. Яго імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі, адкрыты памятныя дошкі на будынках Віленскай беларускай гімназіі, школы ў расійскім Кіраве, вучэбнага корпуса № 4 БДСГА у Горках.

У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926-1928 гадах жыў Максім Гарэцкі, на доме была ўсталяваная памятная дошка.

Пра яго дзейнасць і літаратурную спадчыну напісаны многія кнігі, зняты фільмы.

1912 год. У в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) нарадзіўся Клім Грыневіч. 

Беларускі паэт. Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929-1930).

Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. 

Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое. 

Памёр ад сухотаў 3 сакавіка 1941 года.

Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які быў прыхільна сустрэты крытыкай.

Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя
Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя

1913 год. Рэкорд прэзідэнтства пастаўлены ў Мексіцы. 

Пэдра Ласкуран (1856–1952) устанаўлівае рэкорд, прабыўшы на пасадзе прэзідэнта Мексікі 45 хвілін (па іншых дадзеных ад 25 да 55). 

За гэты час ён прыняў прысягу і адразу прызначыў сваім пераемнікам генерала В. Хуэрта, і сышоў у адстаўку. 

Скарочаны тэрмін паўнамоцтваў Ласкурана – самы кароткі прэзідэнцкі тэрмін у гісторыі – быў цалкам наўмысным. У мінулым мэр Мехіка і міністр замежных спраў пры прэзідэнце Ф. Мадэра, Ласкуран быў выкарыстаны генералам Віктарыяна Хуэрта ў якасці пешкі ў палітычным перавароце. Ласкуран быў прыведзены да прысягі, каб надаць перавароту пэўную легітымнасць.

1916 год. Памерла Цётка (Алаіза Пашкевіч). 

Беларуская паэтэса, адна са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады.  Адна з пачынальніц беларускай прозы.

Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара», «Гасцінец для малых дзяцей», вершаў, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра.

Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.

1922 год. Нарадзіўся Міхаіл Савіцкі. 

Народны мастак Беларусі, жывапісец, педагог. Акадэмік акадэміі мастацтваў Расіі, акадэміі навук Беларусі, Герой Беларусі.

Працаваў у галіне станкавага і манументальнага жывапісу. У аснове твораў ваеннай тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Значнае месца ў творчасці займаюць партрэты, хрысціянская тэматыка.

1963 год. Нарадзіўся Міхаіл Тумеля.

Беларускі рэжысёр, аніматар, мастак і сцэнарыст.

Стаў працаваць расфарбоўшчыкам у цэху мультыплікацыйнага кіно «Беларусьфільм» яшчэ школьнікам, працаваў на студыі мультыплікацыйнага кіно, рэжысёрам мінскай студыі «АФ-Цэнтр», на анімацыйных студыях у Маскве, Портлендзе (ЗША) і Сеуле (Рэспубліка Карэя), кінастудыі «Троицкий мост» (Пецярбург).

Быў вядучым тэлеперадачы «Мультиклуб» на Беларускім тэлебачанні. 

Зняў шэраг рэкламных ролікаў і ТБ-заставак. Супрацоўнічае са студыямі «Пилот», «Панорама». Здымаўся ў шэрагу дакументальных серыялаў. 

Яго фільм «Выцінанкі-выразанкі» атрымаў прыз за лепшую рэжысуру на Адкрытым расійскім фэстывалі анімацыйнага кіно (Суздаль, 2011).

1979 год. Памёр Юрка Гаўрук. 

Беларускі перакладчык, рэжысёр, паэт, літаратурны крытык. Выкладчык Горацкай акадэміі і Магілёўскага педінстытута.

Запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Працаваў дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры БСГА у Горках (1925-1931), кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута (1931-1935).

Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве, асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі, высланы з БССР. Больш за 20 гадоў працаваў у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР.

У 1957—1967 гадах працаваў у купалаўскім, коласаўскім тэатрах, рабіў для пастановак пераклады п’есы з сусветнай класікі.

Перакладчык з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай моў.

Аўтар баек, жартаў, песень, апрацовак расказаў сялян, фальклорнага матэрыяла, першага на Беларусі зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў», кніг арыгінальных вершаў і перакладаў, зборніка выбраных перакладаў паэзіі, артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці».

1995 год. Памёр Заір Азгур. 

Беларускі скульптар, народны мастак БССР і СССР.  Герой Сацыялістычнай працы. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Двойчы Лаўрэат Сталінскай прэміі. Акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР.

Вучань М. Шагала і М. Керзіна. Студэнтам жыў у Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Цэнтральная фігура ў беларускай пасляваеннай пластыцы, у галіне станковай і манументальнай скульптуры. Працаваў над манументальнай скульптурай, кіраваў Майстэрняй скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску.

Стварыў партрэты дзеячаў сацыялістычнага і рэвалюцыйнага руху для даваеннага Дома ўрада, стварыў мноства партрэтаў герояў вайны, прадстаўнікоў айчыннай і сусветнай культуры Ф. Скарыны, А. Бразера, 3. Бядулі, Л. Александроўскай, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гусоўскага, К. Чорнага, нацыянальна-вызваленчага руху, палкаводцаў, герояў працы, вучоных, артыстаў.

Па яго праектах створаны шматлікія помнікі І. Сталіну, У. Леніну ў Беларусі, Расіі і Казахстане, П. Машэраву ў Віцебску, Я. Коласу і С. Грыцаўцу ў Мінску, Ф. Багушэвічу ў Жупранах, Я. Купалу ў Вязынцы, В. Талашу ў Петрыкаве, А. Бутлераву і Я. Вучэцічу ў Маскве. Аўтар барэльефа «Слава загінуўшым героям» для помніка-абеліска Перамогі ў Мінску.

Аўтар мемуараў, публіцыстычных артыкулаў па мастацтву.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны,  Траццякоўскай галерэі ў Маскве,  Дзяржаўным мастацкім музеі Малдовы і іншых галерэях, музеях, фондах.

Яго імя носіць вуліца ў Мінску, СШ №1 г. Сянно, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі – дзве ў сталіцы, у Віцебску.

2002 год. Зацверджаны гербы Кіраўска, Крычава.

Кіраўск – малады горад. Ён узнік у 1955 годзе пры аб’яднанні п.  Кіраўск (з 1934 года, каля в. Старцы на месцы былых хутараў і в. Качэрычы), вёсак Кірава і Стараселле. 

Старажытны Крычаў (вядомы з 1136 года) у 1633 годзе атрымаў магдэбургскае права за гераізм ў вайне з Масковіяй. У 1663 годзе кароль і вялікі князь Ян II Казімір пацвердзіў правы на магдэбургскае права, карыстанне гарадскімі пячаткай і гербам з выявай крыжа і мяча. Менавіта гэты герб і зацверджаны ў 2002 годзе ў якасці сучаснага сімвала.

Гербы Кіраўска і Крычава

 

Дзень у гісторыі. 12 лютага. Тры свяціцелі. Першыя аўтагонкі вакол Зямлі. Мінскія пагадненні. Нарадзіліся князь Канстанцін Астрожскі, мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля.

Сусветны дзень пацалунку (World Kiss Day, World Kissing Day).

Праводзіцца ў больш чым 60 краінах свету. 

Пацалунку прысвечаны яшчэ і дзень 6 ліпеня. Радзімай сусветнага дня пацалункаў лічыцца Вялікабрытанія. Менавіта на берагах Туманнага Альбіёна ў канцы XIX стагоддзя палічылі, што пацалунак варты таго, каб мець уласнае свята як адну з праяў кахання.

Сусветны дзень пацалунку азначаецца правядзеннем святочных мерапрыемстваў, конкурсаў і спаборніцтваў, так ці інакш звязаных з філематалогіяй. Сярод удзельнікаў акцый нярэдка разыгрываюцца прызы “За самы доўгі пацалунак”, “За самы прыгожы пацалунак”, “За самы незвычайны пацалунак” і іншыя.

Міжнародны дзень шлюбных агенцтваў (International day of marriage agencies, з 2010 года).

На пачатку лютага ўжо вее вясной, набліжаецца Дзень закаханых, хочацца цяпла і любві. 

Упершыню Дзень шлюбных агенцтваў з’явіўся на шматпакутнай цяпер Украіне ў 2010 годзе. Ідэя лунала ў паветры, і прафесійнае свята сталі адзначаць тыя людзі, што абралі сваім заняткам сватаўство. З падачы Украіны гэтае свята перабралася ў ЗША, Канаду, Швецыю, Іспанію, Францыю, Італію і іншыя краіны. А ў інтэрнэце яго святкуюць усе сайты онлайн-знаёмстваў.

Дзень трох свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста.

Калі мужчыны на Магілёўшчыне і на Усходнім Палессі дазвалялі сабе працаваць “каля двара” і “ўзяць кілішак”, то жанчыны адзначалі свята строга: “Нельга жлукціць, нельга праць бялля, нельга прасці”.

У Магілёўскай вобласці адным з двух галоўных храмаў Магілёўска-Мсціслаўскай епархіі з’яўляецца магілёўскі Сабор Трох Свяціцеляў – помнік архітэктуры пачатку  XX стагоддзя.

Адметнай асаблівасцю храма з’яўляецца магчымасць увайсці ў яго з трох бакоў. 

Закладка першага каменя адбылася ў 1903 годзе. Узвядзенне храма працягвалася 11 гадоў і праходзіла пад назіраннем губернскага архітэктара Пятра Калініна. У 1914 годзе будаўніцтва было скончана. Храм, пабудаваны ў формах рускай архітэктуры, мае ў плане форму крыжа і ўвянчаны сям’ю купаламі, над уваходам – званіца.

З невялікімі перапынкамі дзейнічаў да 1959 года. У 1961 годзе царква была зачынена і апаганена, будынак быў аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Тады ж была знесена званіца, а з будынка знялі купалы і крыжы. Амаль праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам, і 25 снежня 1989 года храм зноў быў асвечаны і пачаў дзейнічаць.

З 1989 года па блаславенню арцыбіскупа Максіма пры храме было заснавана Сястрынства міласэрнасці Святых Жанок-Міраносіц.

1526 год. Нарадзіўся Канстанцін-Васіль Астрожскі. 

Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ.

У 27 гадоў ён займаў ужо пасаду старосты ўладзімірскага, а у 32 гады стаў кіеўскім ваяводам.

Перакананы прыхільнік праваслаўя. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях ВКЛ. 

У сваіх уладаннях заснаваў больш за 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы.

Быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння Берасцейскай уніі. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме дзяржавы, звяртаўся з пасланнямі да караля, жыхароў Рэчы Паспалітай, да праваслаўных епіскапаў. Быў арганізатарам і актыўным удзельнікам праваслаўнага сабора 1596 года, які праходзіў у Брэсце.

Памёр 13 (26) лютага 1608

У Мінску каля Петрапаўлаўскага сабора пастаўлены памятны крыж з надпісам: «Да 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага (1526-1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 года».

1798 год. Памёр Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Аўгуст IV. 

Апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі (1764–1795).

Атрымаў сталец пры падтрымцы Расіі. Вакол сябе згуртаваў магнатаў і шляхту, якія прагнулі адраджэння дзяржавы. Праводзіў эканамічныя рэформы: адчыняліся мануфактуры, будаваліся каналы, наладжваліся кірмашы, падтрымліваўся гандаль. Вальны сойм пры ім прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. Нязгодная каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю і пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена ў 1771 годзе расійскімі войскамі. Пасля першага падзелу краіны ў 1772 годзе рэформы працягваліся – была прынята Канстытуцыя,  створана Адукацыйная камісія.

24 сакавіка 1794 года пачалося патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, у выніку якога ў 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, якая з гэтага часу спыніла існаванне. Станіслаў Аўгуст выракся стальца, жыў у Санкт-Пецярбургу.

Памёр у Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны.

У 1938 годзе быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, у 1994 – у варшаўскі кафедральны касцёл.

1872 год. Нарадзіўся Вітольд Бялыніцкі-Біруля. 

Беларускі жывапісец-пейзажыст.

Акадэмік жывапісу, ганаровы акадэмік Акадэміі навук БССР, правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР. Народны мастак БССР і СССР. Найбуйнейшы беларускі пейзажыст.

З беларускага каталіцкага шляхецкага роду Біруляў.

Скончыў Кіеўскія кадэцкі корпус і малявальную школу, Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства.

Яго творчасць  шчыльна злучана з асобай слыннага мастака І. Левітана. 

Адзін з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (1922). Шмат падарожнічаў па Расіі, СССР.

Аўтар соцень твораў. У Беларусі знаходзяцца 444 ягоныя палатны, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі, Магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі, Бялыніцкім мастацкім музеі, Віцебскім мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, прыватных калекцыях.

Шмат твораў захоўваецца ў музеях Масквы, Кастрамы, Ніжняга Ноўгарада, Краснаярска, Варонежа, Томска, Чалябінска, Стаўрапаля, Адэсы, Дняпра, Кіева, Кыргызстана.

Імем В. Бялыніцкага-Бірулі названы Бялыніцкі мастацкі музей, магілёўскі мастацкі музей, вуліцы ў Магілёве і Бялынічах.

Памёр на сваёй дачы «Чайка» на возеры Удомля ў Калінінскай вобласці 18 чэрвеня 1957 года. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

На радзіме, на месцы фальварка Крынкі ўсталяваны мемарыяльны знак, у Магілёве ўсталяваны бюст.

1882 год. Нарадзіўся  Леў Дашкевіч. 

Беларускі фатограф, мастак, навуковец, вынаходнік, публіцыст, педагог.

Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, універсітэце Бургундыі, на фатаграфічным аддзяленні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы.

У 1911–1920 гадах працаваў выкладчыкам французскай мовы, фізікі, прыродазнаўства ў гімназіях Ерэвана, Елізаветполя (Гянджа, Азербайджан), Тбілісі. Вандраваў у якасці фатографа Камісіі па апісанні мясцовасцей і плямён Каўказа, служыў дзяржаўным фатографам урада Азербайджанскай рэспублікі.

У Мінску чытаў курсы лекцый па сусветнай літаратуры і фатаграфіі ў інстытуце народнай адукацыі, выкладаў французскую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, навуковым фатографам на медыцынскім факультэце БДУ, у Доме тэхнікі, на геаграфічным факультэце БДУ, 1-й клініцы Мінскага медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР.

Яго фатаграфічныя працы друкаваліся ў выданнях: Азбукін М. «Географія Эўропы», Грамыка М. «Пачатковая географія», «Чатырохстолецьце беларускага друку», Багдановіч М. «Творы», «Сучаснае беларускае мастацтва», «Беларусь Савецкая: Фотаальбом» і іншых.

У верасні-снежні 2002 года ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстаўка твораў Дашкевіча «Зачараваны Беларуссю».

Памёр 4 снежня 1957 года.

1908 год. Стартавалі першыя аўтагонкі вакол зямнога шара.

Яны адбыліся дзякуючы намаганням газет французскай “Матэн” і амерыканскай “Нью-Ёрк Таймс”. Аўтагонкі прайшлі па маршруце Нью-Ёрк – Аляска – Сіэтл – Уладзівасток – Іркуцк – Ачынск – Томск – Пецярбург – Дзвінск – Варшава – Парыж і называліся “Нью-Ёрк – Парыж без дапамогі парахода”. Удзельнічалі 9 аўтамабіляў з Амерыкі, Францыі, Італіі, Нямеччыны.

Першым фінішаваў у Парыжы нямецкі аўтамабіль “Протас” 11 ліпеня, другім 26 ліпеня да фінішу прыйшоў амерыканскі экіпаж. Але пераможцам быў прызнаны амерыканскі экіпаж. Нямецкі аўтагоншчык быў аштрафаваны на 15 дзён у сувязі з тым, што ягоны аўтамабіль пасля паломкі быў дастаўлены ў Сіэтл па чыгунцы.

1921  год. Апублікавана падпісанае У. Леніным пастанова Саўнаркама “Аб складанні дзяржаўнага фонду каштоўнасцяў для знешняга гандлю”. 

Дакумент прадпісваў стварэнне “запасу мастацкіх каштоўнасцей і прадметаў раскошы і даўніны”, якія Наркамат знешняга гандлю мог выкарыстоўваць для сваіх камерцыйных аперацый. Гэтая практыка ў 1920-1930-х гадах набыла шырокі размах, і многія каштоўныя творы мастацтва, якія раней належалі рэспублікам СССР, апынуліся ў замежных музеях і прыватных калекцыях.

З гэтага моманту пачынаюцца рабаванне касцёлаў, цэркваў, манастыроў на тэрыторыі Віцебскай і Гомельскай (былой Магілёўскай) губерніяў, якія ў гэты час уваходзілі ў склад РСФСР.

1942 год. Нарадзіўся Генадзь Буралкін. 

Беларускі скульптар.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў (1990–2001).

Працуе ў вобласці станковай і манументальнай скульптуры. Аўтар манумента шахцёрскай славы ў Салігорску, мемарыяльнага знака ў гонар 850-годдзя Гродна,  «Георгій Пераможца» ў Бабруйску, мемарыял ахвярам трагедыі на Нямізе (у суаўтарстве), ансамбля воінам-пагранічнікам у Гродне. Выканаў шматлікія скульптурныя серыі, станковыя кампазіцыі, у тым ліку «Вясна Перамогі», «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі», шэраг партрэтаў, сярод якіх «Кастусь Каліноўскі», «Сымон-музыка», «Адам і Ева», графічныя серыі «Славянскія матывы», «Ноч на Івана Кулалу», «Раніца», «Усяночная». Браў удзел у афармленні інтэр’ераў драматычнага тэатра і Дома грамадзянскіх абрадаў у Гродне.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мастацкім музеі імя П. Масленікава, мастацкім музеі г. Флагштафа ў штаце Паўночная Караліна, у прыватных калекцыях.

1942 год. Памёр Антон Неканда-Трэпка. 

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, педагог.

Памёр на наступны дзень пасля 65-годдзя.

Актыўны дзеяч беларускага руху. У Мінску працаваў у польскай гімназіі, у наркамасветы БССР, намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, уваходзіў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. У сакавіку 1919 года арыштаваны ВЧК і інтэрніраваны ў Смаленск.

З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, сасланы ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса.

Фота: А. Неканда-Трэпка з жонкай Юліяй

1974 год.  Аляксандр Салжаніцын піша свой знакаміты артыкул “Жыць не ў хлусні…”. 

У артыкуле ён адзначае: “…Ужо да донца даходзім, ужо ўсеагульная духоўная згуба насунулася на ўсіх нас, і фізічна вось-вось запалае і спаліць нас, і нашых дзяцей, – а мы ўсё ўсміхаемся баязліва і лепячэм коснамоўна: А чым жа мы перашкодзім? У нас няма сіл.” 

У той жа дзень Салжаніцына арыштавалі. На другі дзень яго пад канвоем адправілі самалётам у Франкфурт на Майне.

1969 год. Нарадзіўся Сяржук Мінскевіч (Мыцько). 

Беларускі паэт і перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў літкансультантам газеты «Пераходны ўзрост», у акадэмічных Інстытуце гісторыі (удзельнік археалагічных экспедыцый), Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.

Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху “Бум-Бам-Літ”.

Аўтар вершаў, перакладаў, прозы, сатыры, якія друкаваліся ў «Крыніцы»,  «Чырвонай змене»,  «Літаратуры і мастацтве», часопісах «Маладосць», «Зрок», «Першацвет», у літаратурных альманахах, зборніках

Займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку. На радыё ставіліся ягоныя радыёпастаноўкі фантастычных і гумарыстычных апавяданняў. Узнагарджаны прызам «За развіццё беларускай аўтарскай песні» на фестывалі «Бардаўская восень» (Бельск Падляскі, 1996).

Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia».

Перакладаў з польскай А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Я. Івашкевіча, С. Мрожака, С. Лема і іншых, з англійскай.

Памёр 8 чэрвеня 2022 года

1990 год. Памёр Леанід Асядоўскі. 

Беларускі жывапісец.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа. У творчасці пераважалі гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка і тэмы сучаснасці. Сярод твораў: «Хай заўжды будзе сонца», «Нафта беларуская ёсць!», «Дажынкі», «Балада пра маці», партрэты «Партрэт маладога вучонага», «Пачынальнікі беларускай музыкі», пейзажы. Аўтар дыярам «Мінскі „кацёл“» для Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны, «Бой пад Мілаславічамі» для Клімавіцкага краязнаўчага музея.

Леанід Асядоўскі. «Народныя мастакі Беларусі»

2015 год. Падпісана Другое мінскае пагадненне з мэтай дээскалацыі ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны.  

Узгоднена лідарамі Германіі, Францыі, Украіны, Расіі ў фармаце «нармандскай чацвёркі», і падпісана кантактнай групай, якая складалася з прадстаўнікоў Расіі, Украіны, Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік з мэтай дээскалацыі ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны.

22 лютага 2022 года У. Пуцін заявіў, што пасля прызнання Расіяй Данецкай і Луганскай народных рэспублік Мінскіх пагадненняў больш не існуе, а 24-га пачаў агрэсію супраць Украіны.

 

Колькасць хворых на COVID-19 у Беларусі, верагодна, сягнула за мільён

Такую лічбу даюць матэматычныя мадэлі дынамікі захворвання ў краіне на каранавірус.

Хвароба нікуды не падзелася – штодня ў свеце рэгіструюцца дзясяткі тысяч новых хворых, сотні памерлых. Так, па стане на раніцу 7 лютага 2023 года у свеце колькасць захварэўшых склала 676 416 246 (за суткі +92 978). Памерлых 6 773 425 (+700 за суткі).

Нажаль, актуальнай статыстыкі па COVID-19 на Беларусі мы не ведаем. Яна не публікуецца. Недахоп інфармацыі заўсёды нараджае чуткі, плёткі і пэўны недавер да арганізацый, якія абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі і жыхарамі краіны.

Апошняя статыстыка была абнародавана 5 ліпеня: 994 037 выпадкаў.  Гэтая ж лічба адлюстроўваецца і па стане на 8 лютага 2023 года. А 5 снежня 2022 года, міністр аховы здароўя Дз. Піневіч заявіў, што “колькасць хворых з COVID-19 не перавышае 3% ад пікавых лічбаў асенне-зімовага максімуму перыяду 2021-2022 года”. І больш ніякіх лічбаў, тым больш абсалютных.

Матэматычныя мадэлі з улікам 3% ад “пікавых лічбаў”, пра якія казаў Піневіч, даюць прырост хворых за перыяд з 5 ліпеня 2022 па 8 лютага 2023 года ад 8 720 да 17 794 хворых. Гэта азначае, што агульная лічба хворых можа скласці на сённышні момант ад 1 002 757 да 1 011 831 хворых.

Любая мадэль можа моцна адрознівацца ад рэальных лічбаў або ў адзін, або ў другі бок, тым больш пры недахопе ведаў пра апошнія трэнды.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Дзень у гісторыі. 1 лютага. Таруньскі мір. Славутае Магілёўскае паўстанне. Нямы сойм. Заклік К. Каліноўскага да паўстання

Ігнат (народны каляндар). 

«На святога Ігната зіма багата».

У адных месцах лічылі, што якое надвор’е сёння, такі і ўвесь люты будзе, у іншых казалі, што такой будзе ўся вясна.

Былі і такія прыкметы: калі неба яснае, то вясна будзе рана; калі мяцеліца, то і на Масленку будзе месці.

1411 год. Заключаны Таруньскі мір, якім скончылася Вялікая вайна (1409–1411) Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам

У гістарыяграфіі гэта пагадненне часта лічыцца дыпламатычнай няўдачай Польшчы і Літвы з-за іх няздольнасці выгадна скарыстаць разгромнае паражэнне крыжакоў у Грунвальдскай бітве. 

Крыжакі аддалі Добжынскую зямлю, захопленую ў Польшчы падчас вайны, і зрабілі толькі часовыя тэрытарыяльныя саступкі ў Жамойці, якая пераходзіла да Літвы толькі на час кіравання польскага караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. 

Таруньскі мір быў нестабільным. Спатрэбіліся яшчэ дзве вайны, Галодная вайна ў 1414 і Голубская вайна ў 1422, каб падпісаць Мельнскі мір, які вырашыў усе тэрытарыяльныя спрэчкі. Тым не менш, вялікія памеры ваенных рэпарацый былі значным фінансавым цяжарам для крыжакоў, яны спарадзілі ўнутраныя канфлікты і эканамічны спад. Крыжацкі ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц.

Ян Матэйка. Вітаўт і Ягайла моляцца напярэдадні Грунвальдскай бітвы. 

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без бая на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

Напярэдадні быў распрацаваны план паўстання, паводле якога ўсе гаспадары, у якіх стаялі па хатах маскоўскія ратнікі, мусілі абясшкодзіць іхнюю зброю, дастаўшы крэмень ці іншым чынам папсаваўшы яе. Датай пачатку паўстання было прызначанае 10 лютага. Да апошняй хвіліны маскоўцы не здагадваліся пра змову месцічаў.

Прычынай заўчаснага (не 10, а 1 лютага) пачатку паўстання называюцца зняважлівыя паводзіны расійскіх жаўнераў на гандлёвай плошчы. У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

Існуе таксама іншая дата паўстання паводле іншых крыніц – 11 лютага 1661 года.

“Магілёўскае паўстанне”. Ілюстрацыя Ігара Адамовіча да кнігі А.Д. Лісоўскага “Кніга”.

1717 год. У Рэчы Паспалітай адбылася паседжанне аднадзённага «Нямога сойма»

Сойм быў скліканы для вылучэння ўмоў каралю Аўгусту II. Увайшоў у гісторыю як «нямы» таму, што кароль прыняў патрабаванні, якія яму выстаўляліся – вывад саксонскіх войскаў, пашырэнне паўнамоцтваў Сойма і Сената, абмежаванне асабістай улады караля – практычна без адзінага слова. 

Да такога рашэння яго схіліў расійскі цар Пётр I, які меў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай 60 000 салдат. 

Сойм таксама пашырыў правы шляхты, зацвердзіў вайскова-скарбовую рэформу, стварэнне невялікіх рэгулярных армій Польшчы (18 000) і Вялікага княства Літоўскага (6 000 салдат), зацвердзіў пратэкцыю рускага цара над Рэччу Паспалітай.

1733 год. Памёр Аўгуст Моцны, Фрыдрых Аўгуст I, Аўгуст II

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1697–1706, 1709–1733).

Мянушку «Моцны» атрымаў з прычыны выключнай фізічнай сілы і шматлікіх любоўных прыгод. Карыстаўся папулярнасцю сярод дробнай шляхты.

Імкнучыся да абсалютнай улады збіраўся ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай уладай, у чым яго падтрымалі Радзівілы, Вішнявецкія і іншыя магнаты і шляхта. 

Уцягнуў краіну ў Паўночную вайну (1700–1721) як  саюзнік Пятра I, аслабіў дзяржаву. Яго няўдалая палітыка прывяла да актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай не толькі Расіі, але і Прусіі, Аўстрыі і Францыі.

Аўгуст Моцны больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам. Намагаючыся ўзмацніць сваю ўладу ў Польшчы і ВКЛ ён абапіраўся на дапамогу суседніх дзяржаў, на карысць якіх збіраўся аддаць частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

1811 год. Нарадзіўся Рамуальд Зянкевіч. 

Беларускі этнограф, педагог, археолаг, фалькларыст. 

Збіраў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі на Піншчыне, укладальнік першага зборніка беларускіх песень, які мае навуковае значэнне. Вывучаў Крэўскі замак, Тураў. 

Спасылаючыся на запісаныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні, сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў. Аўтар першай археалагічнай карты Ашмянскага павета. 

Памёр 11 верасня 1868 года.

1860 год. Памёр Іосіф Ярашэвіч. 

Беларускі гісторык, этнограф, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Апякун студэнта Ю. Славацкага – будучага вядомага польскага паэта.

Збіраў крыніцы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, крытычна іх аналізаваў, знайшоў у Віленскім кармеліцкім кляштары польскамоўны тэкст Першага статуту ВКЛ.

Пасля падаўлення паўстання 1830–1831 года і закрыцця Віленскага ўніверсітэта, пакінуў педагагічную дзейнасць, як «асоба, якая не правільна мысліць».

Галоўная яго праца «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» грунтуецца на звестках Літоўскай метрыкі, М. Стрыйкоўскага, А. Нарушэвіча, І. Анацэвіча, Т. Нарбута, К. Богуша, М. Карамзіна, Е. Фойгта.

Аўтар прац «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян», «Пра стан цывілізацыі Літвы перад i пасля заснавання акадэміі», «Матэрыялы да статыстыкі i этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет».

Вывучаў паходжанне колішніх плямёнаў на геаграфічнай Беларусі, фальклор i этнаграфію беларусаў, цікавіўся археалогіяй.

1863 год. Выйшаў зварот Літоўскага правінцыяльнага камітэта на чале з К. Каліноўскім да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу. 

Паўстанне пачалося на тэрыторыі Польшчы 22 студзеня, а на тэрыторыі Літвы і Беларусі – 1 лютага пасля закліка лідара паўстання. Паўстанне цягнулася, галоўным чынам, да 18 чэрвеня, а поўнасцю задушана рускім царызмам увосень 1864 года.

Паўстанне 1863-1864 гадоў выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860–1870-я гады, стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Падчас паўстання загінула да 30 000 чалавек, да 20 000 было рэпрэсавана. У Польшчы статут ветэрана студзеньскага паўстання ў 1920–1939 гадах атрымалі 3 644 чалавек – гэта тыя, хто заставаўся ў жывых. У 1920-я гады ў сённяшнім пасёлку Свір на самым высокім месцы над аднайменным возерам быў устаноўлены помнік у гонар паўстанцаў з белым арлом, які быў зруйнаваны Саветамі ў 1939 годзе, а белы арол скінуты ў возера.

1874 год. Памерла Гелена Скірмунт. 

Беларуская і польская мастачка. Пляменніца Напалеона Орды.

Малявала партрэты, пейзажы, абразы для касцёлаў.

Як скульптар выканала шмат распяццяў, медальёнаў з партрэтамі, у тым ліку І. Лялевеля, Ю. Крашэўскага. Аўтар гіпсавых плакет «Міндоўг», «Гедзімін», гістарычных шахмат у выглядзе войска Яна III Сабескага і туркаў і іншых прац.

У 1863 годзе за спробу даставіць дэпешу Р. Траўгуту арыштавана і саслана ў Тамбоў.

Б. Залескім часткова апублікаваны яе дзённік разам з лістамі пад назвай «3 жыцця літвінкі, 1827-1874».

1884 год. Нарадзіўся Аляксандр Сянкевіч. 

Дзяржаўны дзеяч БССР, нарком аховы здароўя, публіцыст.

Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне, пасля разгону якога з’ехаў у ЗША, дзе скончыў медыцынскі факультэт Балтымарскага ўніверсітэта.

У 1917 годзе арганізаваў медслужбу савецкіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе. 

У 1921–1923 гадах быў наркамам аховы здароўя БССР, пасля – працаваў на партыйных пасадах, у беларускім сектары Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве, у БДУ, рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі, у Інстытуце літаратуры і мастацтва акадэміі навук, дырэктарам Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, ва Усесаюзным радыёкамітэце.

Пасля 1930 года ў палітычнай няласцы, высланы з Беларусі. Арыштаваны ў  студзені 1938 года, у чэрвені прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны 29 чэрвеня 1938 года.

Быў неаднаразова выведзены ў літаратурных творах: Якубам Коласам, як Алесь Садовіч у трылогіі «На ростанях» і як правобраз Бас-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі», А. Фадзеевым, як доктар Сташынскі ў рамане «Разгром».

Імем Сянкевіча названа вуліца ў Мікалаеўшчыне.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Прытыцкі. 

Беларускі палітычны дзеяч Заходняй Беларусі і БССР.

Дзеяч Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. У 1936 годзе прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвым турэмным зняволеннем, вызвалены ў 1939 годзе пад час паходу Чырвонай Арміі і прызначаны намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама.

У чэрвені-жніўні 1941 года ўдзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва. Падчас вайны – начальнік Польскага штаба партызанскага руху.

У пасляваенны час быў першым сакратаром Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага, Мінскага абкамаў КПБ, намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1968–1971).

Памёр 13 чэрвеня 1971 года.

Яго імем названыя вуліцы ў Мінску, Гродне, Баранавічах, Маладзечне, Магілёве (Бароўка), сквер у Мінску.

1994 год. Памёр ураджэнец Рэчыцы Яўген Караткевіч. 

Палярны даследчык, доктар геаграфічных навук, прафесар, Герой Сацыялістычнай працы, віцэ-прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР.

Унёс вялікі ўклад у вывучэнне прыроды, прыродных багаццяў Арктыкі і Антарктыды. Удзельнік Першай комплекснай антарктычнай экспедыцыі, непасрэдны кіраўнік трох экспедыцый на лядовы мацярык, у 1962–1989 гадах узначальваў Савецкую антарктычную экспедыцыю. 

Аўтар больш за 200 навуковых прац, кіраўнік работ па падрыхтоўцы і выданню серыі навуковых атласаў прыроды. Пахаваны на Серафімаўскіх могілках Санкт-Пецярбурга. У яго гонар названа падледніковае плато ў Антарктыдзе.