Дзень у гісторыі. 25 сакавіка. Дзень Волі. Утварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта, БНР. Выгнанне езуітаў. Нарадзіліся пісьменнік У.Папковіч, артыст Я. Шыфрын

Дзень Волі, Дзень Незалежнасці (неафіцыйнае свята).  

Гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 года. У Беларусі святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Першая афіцыйная назва свята – Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі».

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода» у 1990 годзе.

Публічныя святкаванні ў Беларусі сталі праводзіцца з 1989 года, з перформанса мастака А. Пушкіна ў Мінску. З гэтага часу і да 2020 года ў краіне  праводзіліся палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка.

Святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Траецкай Гары ў Мінску, 2018 год

Дзень Зямлі (апошняя субота сакавіка). Гадзіна Зямлі.

У рамках Дня Зямлі з 20:30 да 21:30 па мясцовым часе праводзіцца акцыя “Гадзіна Зямлі”. Асноўная мэта акцыі – прыцягнуць увагу да наступстваў змены клімату, неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды і рэсурсаў планеты. 

Арганізатары акцыі просяць на гадзіну выключыць электраэнергію, у тым ліку ў грамадскіх будынках, падсветку славутасцяў. 

Упершыню гэтае мерапрыемства было праведзена ў аўстралійскім Сіднэі 31 сакавіка 2007 года. Ужо праз год акцыю падтрымала 35 дзяржаў і звыш 400 гарадоў. У Беларусі акцыя пройдзе ўжо 15-ы раз.

Рыгор і Тэафан, Дабравешчанне або Звеставанне і Гуканне вясны (народны каляндар). 

Былы Новы год у Еўропе.

На Рыгора зіма ідзе ў мора. І птушка гнязда не кладзе.

Прылёт бусла.

1820 год. У Магілёве аб’яўлены ўказ цара Аляксандра I аб выгнанні езуітаў з Расіі. 

Магілёўскія езуіты былі высланы ў Аўстрыю. У Полацку зачынена езуіцкая акадэмія (універсітэт, 1812–1820).

У ВКЛ езуіты з’явіліся пры Стэфане Баторыі. У 1569 годзе віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч запрасіў у ВКЛ 13 прадстаўнікоў Ордэна. На ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай езуіты на працягу XVI–XVIII стагоддзяў стварылі 153 апорныя пункты, звыш паловы з іх (79) знаходзілася ў Беларусі.

Пасля роспуску ордэна рашэннем папы Клімента XIV у 1773 годзе і выгнанні іх з большасці краін Еўропы, свае пазіцыі яны захавалі толькі ў Расійскай імперыі. На працягу 30-ці гадоў, пакуль ордэн быў пад забаронай, генераламі Ордэна былі нашы суайчыннікі: Станіслаў Чарневіч, Гаўрыіл Лянкевіч, Францыск Карэ (з сям’і англійскіх перасяленцаў у Оршы).

Пасля сябе езуіты пакінулі ў Беларусі не толькі іншы погляд на адукацыю, але і багатую архітэктурную спадчыну – будынкі касцёлаў, калегій, манастыроў.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878-1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

1917 год. У Мінску пачала работу канферэнцыя Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), якая аб’явіла сябе З’ездам нацыянальных партый і арганізацый.

На форуме члены партыі выступілі ў падтрымку Часовага ўрада, выставілі патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі, выказаліся за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень.

У выніку працы з’езда ў Мінску з’явіўся палітычны цэнтр у форме Беларускага нацыянальнага камітэта, які адводзіў сабе ролю часовага агульнакраёвага органа ўлады, прызванага забяспечыць абвяшчэнне Беларусі як аўтаномнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. БСГ атрымала 10 месцаў у камітэце.

Грамада пашырала свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых. Яе арганізацыі ўзніклі  ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і іншых. Да сярэдзіны 1917 года БСГ налічвала каля 5000 членаў.

Дзеяч БСГ Аркадзь Смоліч

1918 год. У Мінску а 8:00 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

БНР праіснавала да 3 снежня 1918 года ў межах этнаграфічнай тэрыторыі, у складзе Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, беларускіх частак Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў, у 300 000 квадратных кіламетраў.

Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яго ўмовы. Пацвярджаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай з 12 красавіка 1918 года – беларуская. Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Роўна праз два гады пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 – 25.III.1920. Гадаўшчына – памінкі»:

Не свята светлае спраўляці

Сягоння будзе наш народ.

А трызну па айчыне-маці

Ён справе ў гэты цяжкі год

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвяцілі свае вершы В. Адважны, А. Змагар, М.  Машара, Н. Арсеннева, Р. Барадулін, Н. Гілевіч.

1935 год. Нарадзіўся Уладзімір Папковіч.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Скончыў Мінскі педінстытут замежных моў. Працаваў у інстытуце замежных моў, інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды, у Мінскім вышэйшым інжынерна-радыётэхнічным вучылішчы, на Мінскім оптыка-механічным заводзе, у Віцебскім педінстытуце, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя У. Караткевіча.

З 1962 года друкаваўся ў рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выданнях у Мінску і Віцебску: часопісах «Нёман», «Полымя», «Маладосць», альманахах «Дзень паэзіі», «Далягляды», «Братэрства», «Дзвіна», «Ратуша».

Памёр 10 красавіка 2021 года ў Віцебску.

1937 год. Памёр Зыгмунт Нагродскі (1866–1937).

Беларускі паэт і культурны дзеяч. Належаў да ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёўцаў».

Праводзіў культурна-асветную работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Ф. Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 годзе перавыдаў гэты зборнік.

Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы».

На ўласныя сродкі заснаваў «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання.

Аўтар напісанай на беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле п’есы «На каляды» (пастаўлена ў Вільні ў 1936), вершаў, успамінаў пра Ф. Багушэвіча.

Яго творы зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Дом З. Нагродскага, Вільня, вул. Піліма, 9

1956 год. Нарадзіўся Яфім Шыфрын.

Расійскі артыст эстрады, акцёр і рэжысёр, гумарыст, спявак, тэлевядучы.

Нарадзіўся ў сям’і рэпрэсаваных выхадцаў з Магілёўшчыны. Яго бацька родам з Дрыбіна, маці – з мястэчка Ляды (“Орша, Копысь і Ляды – усё вялікія гарады”).

1957 год. Створана Еўрапейская эканамічная супольнасць у складзе 6 дзяржаў (Бельгія, Германія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Францыя).

Еўрапейская эканамічная супольнасць – міжнародная арганізацыя, якая існавала з 1957 па 1993 год.

З часам супольнасць уключыла ў сябе яшчэ шэсць краін, і з 1967 года яе органы таксама рэгулявалі Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі і Еўрапейскую супольнасць па атамнай энергіі пад агульнай назвай Еўрапейскія супольнасці. Пасля стварэння Еўрапейскага саюза ў 1993 годзе ЕЭС была пераназвана ў Еўрапейскую супольнасць, стаўшы асноўнай супольнасцю адной з трох апораў Еўрасаюза, а інстытуты супольнасці сталі інстытутамі Саюза.

2004 год. Памерла Валянціна Пашкевіч (Жукоўская, 1916–2004).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

У Другую Сусветную вайну жыла ў Берліне. З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, арганізавала і кіравала танцавальным гуртком, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.

Дзень у гісторыі. 17 сакавіка. Нашэсце мышэй. Скончана «Хроніка Магілёва». Запрыгоньванне сялян у СССР. Нарадзіўся кампазітар Я. Голанд.

Герасім-гракоўнік (народны каляндар). Герасім гракоў прыгнаў.

Калі гракі прыляцелі, то праз тры тыдні можна будзе пачынаць пасяўную.

Калі гракі “гуляюць”, гэта значыць, што добрае надвор’е будзе.

Калі гракі крычаць, значыць надвор’е хутка сапсуецца (хутчэй за ўсё будзе дождж).

Калі на Герасіма прыляцяць гракі, то гэта да неўраджаю, а калі пасля, то ўраджай будзе добры.

Даўней, у дзень Герасіма Гракоўніка сяляне выпякалі хлеб у выглядзе гракоў.

1233 год. Мільёны мышэй запаўняюць баварскі горад Фрэйзінг, змушаючы жыхароў пакінуць месца.

Як жыхары горада перамаглі мышэй, дакладна невядома. А вось самай вядомай і найбольш часта цытаванай еўрапейскай легендай часоў Сярэднявечча на тэму пазбаўлення ад грызуноў з’яўляецца гісторыя з іншага месца. Аднойчы ў нямецкім горадзе Хамельн зніклі без вестак амаль усе дзеці старэйшыя за чатыры гады, усяго – 130 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Незадоўга да гэтага здарэння нейкі вандроўны Пацукалоў з дапамогай сваёй чароўнай дудачкі ўтапіў у тутэйшай рацэ Везер цэлае полчышча пацукоў, пазбавіўшы ад нашэсця грызуноў гарадскія дамы і сутарэнні. Аднак, нягледзячы на дамову і выкананую паслугу, абяцаную ўзнагароду пацукалову так і не заплацілі.

Бяспраўны валацуга пакінуў горад без належных яму залатых гульдэнаў – сышоў, каб неўзабаве вярнуцца і адпомсціць. Пераапрануўшыся паляўнічым, ён пад гукі свайго чарадзейнага інструмента сярод белага дня, калі дарослыя знаходзіліся на богаслужэнні ў царкве, павёў за сабой амаль усіх юных жыхароў Хамельна – за выключэннем двух-трох хлопцаў і кульгавага хлопчыка на мыліцах. Пацукалоў выкраў у горада самае каштоўнае – яго будучыню. А сёння легенда пра яго і пацукоў прыносіць гораду вялікую карысць ад турыстаў.

 

1597 год. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Віцебску магдэбургскае права і герб  «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч».

Пасля Віцебскага паўстання (1623) горад быў пазбаўлены магдэбургскага права. Яно было адноўлена ў 1644 годзе.

Гісторыя горада бярэ пачатак ад 974 года. Атрымаў назву ад р. Віцьба. У свой час быў цэнтрам Віцебскага княства (з 1101), Віцебскага ваяводства ў ВКЛ, губерні (1772–1919), цяпер – вобласці (з 1938)

Быў у ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Падчас войнаў  неаднаразова спалены і зруйнаваны. 

Сёння мае 360 тысяч насельнікаў. Горад мастакоў, “Славянскага базара”, цэнтр падрыхтоўкі медыкаў, ветэрынараў, тэхнолагаў, настаўнікаў, абутковая сталіца і сталіца дэсантнікаў. 

Буйны прамысловы цэнтр, вядомы прадукцыяй станкабудавання, завода “Віцязь”, кандытарскай фабрыкі „Віцьба“, вогнетушыцеляў, дываноў, футра.

1633 год. Кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў IV падпісаў прывілей «Магілёўскім мяшчанам на набыццё плошчы, на пабудову царквы, на фармаванне законаў і брацтва, але не змешчанага ва Уніі».

Была гарантавана свабода выканання праваслаўных абрадаў.

1711 год. Пётр I афіцыйна аб’яўляе Марту Скаўронскую (1684–1727, будучую Кацярыну I) сваёй жонкай.

Стала расійская імператрыцай у  1721 годзе як жонка дзейнага імператара, з 1725 як кіруючая гасударыня. Другая жонка Пятра I, маці імпэратрыцы Лізаветы Пятроўны.

Ёсць звесткі аб тым, што паходзілі Скаўронскія з-пад Мінска. Марта была захоплена ў палон расейскімі войскамі ў Прыбалтыцы. У чэрвені 1706 года яе прывез у Магілёў А. Меншыкаў.  

1746 год. Нарадзіўся Ян Давід Голанд.

Нямецкі кампазітар і дырыжор, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.

Ужо ў 1760-х гадах быў дастаткова аўтарытэтным кампазітарам у Германіі.

На пачатку 1780-х гадоў Караль Станіслаў «Пане Каханку» Радзівіл запрасіў кампазітара на пасаду дырыжора нясвіжскай капэлы. Менавіта тут Голанд упершыню звярнуўся да оперна-балетных жанраў.

17 верасня 1784 года адбылася прэм’ера яго оперы «Агатка, або Прыезд пана» – адна з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў XVIII стагоддзі. Пасля гэтага яна  больш за 40 год ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай.

У Нясвіжы кампазітар напісаў і іншыя творы – оперу «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» («Арфей у пекле»), а таксама кантату, прысвечаную Каралю Радзівілу.

Амаль 20 год працаваў Я. Голанд у Нясвіжы. У пачатку XIX ст. ён пераехаў у Вільню, дзе на працягу 23 год выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, працягваў пісаць музыку. Тут ён напісаў і сваё самае значнае тэарэтычнае даследаванне – падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі», у свой час шырока вядомы і папулярны сярод музыкантаў.

Творчасць Голанда  аказала значны ўплыў на развіццё беларускай музычнай школы эпохі класіцызму.

Памёр 26 снежня 1827 года.

Несвіжскі тэатр Радзвілаў.

1807 год. Памёр Казімір Нарбут (1738–1807).

Мысліцель-асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве, член ордэна піяраў. Прафесар філасофіі.

Працаваў прафесарам і прэфектам піярскіх калегіумаў, прэфектам піярскай друкарні, пробашчам у розных гарадах.

Аўтар падручніка «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», курса «Эклектычная філасофія».

Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў». У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве, лічыў свецкую этыку адной з асноўных адукацыйных дысцыплін.

Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі.

Памёр 17 сакавіка 1807 года.

1808 год. Нарадзіўся Шыман Канарскі.

Дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Польшчы, Літве і на Беларусі.

Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, быў у эміграцыі ў Францыі. У 1835 годзе нелегальна вярнуўся з эміграцыі ў Расію і стварыў падпольную арганізацыю «Садружнасць польскага народа».

Фактычна рыхтаваў новае паўстанне. У Беларусі ён знайшоў немалую колькасць прыхільнікаў, а яго арганізацыя пачала разрастацца, быў нават створаны філіял «Жаночае таварыства».

Памёр у вязьніцы 11 сакавіка 1839 года.

Малюнак Яна Матэйкі. Шыман Канарскі ў турме, Вільня.

1837 год. У Мазыры нарадзіўся Эдуард Каверскі.

Расійскі ваенны дзеяч, генерал ад інфантэрыі, картограф, пад кіраўніцтвам якога ўпершыню была складзена карта Азіяцкай часткі Расійскай Імперыі, фундатар касцёла святога Аляксея у Івянцы.

Член-заснавальнік Рускага астранамічнага таварыства, член Пецярбургскага мінералагічнага, Рускага геаграфічнага таварыства – памочнік старшыні Аддзялення геаграфічнай матэматыкі. Удастоены Малога залатога медаля Геаграфічнага таварыства за складанне карт. Начальнік Трыянгуляцыі Заходняй памежнай прасторы.

Памёр 30 студзеня 1916 года. Пахаванне ў г. Івянец у крыпце касцёла Св. Аляксея.

У 2022 годзе каля касцёла ўсталявана мемарыяльная дошка.

1864 год. Летапісец Іван Трубніцкі зрабіў адзіны ў гэты дзень і апошні запіс у знакамітай «Хроніцы горада Магілёва». 

Гэта была згадка аб вялікай навальніцы ўвечары ў горадзе. На гэтым Хроніка скончылася.

А вось у ХХ стагоддзі самая ранняя навальніца ў Магілёўскай вобласці адбылася 18 сакавіка 1938 года.

Магілёўская хроніка – летапісны звод, помнік беларускага гарадскога летапісання. Складалася на працягу ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў купецкім старостам і лаўнікам Трафімам Суртой (да 1701) і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім (1709-1747),  яго сынам Аляксандрам (1747-1788), унукам Міхаілам (1812-1857), праўнукам Іванам (1857-1864).

Пэўны час лічылася згубленай. Магілёўскі краязнавец Геранім Філіповіч адшукаў страчаны арыгінал летапіса ў Салтыкоўскай бібліятэцы ў падмаскоўнай Балашыхе.

1922 год. У Магілёве нарадзіўся Ілля Клаз.

Савецкі беларускі пісьменнік. Пісаў на беларускай і рускай мовах.

Працаваў у рэдакцыях газет, у “Літаратуры і мастацтва”, у бюлетэні “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”.

Працаваў пераважна ў гістарычным жанры. Ім напісаны гістарычныя аповесці «Жарцы» (пра 1812 год у Беларусі), «Пралескі» (пра К. Каліноўскага), «Прасталюдзін з Крычава», раман “Белая Русь”, у якім адлюстроўваецца сумесная барацьба беларускіх сялян і казакоў супраць панскага прыгнёту ў ХVII стагоддзі, а таксама «Разбег», «По Двине на вёслах», «Потомству в пример».

Памёр 22 снежня 1980 года.

1937 год. У СССР прыняты закон, які пазбавіў сялян свабоды перамяшчэння.

Была ўведзена пашпартная сістэма, якая не распаўсюджвалася на сялян. Пашпарты ўводзіліся толькі для жыхароў гарадоў, працоўных новабудоўляў і саўгасаў. Сяляне, як і ў часы прыгоннага права, аказаліся намёртва прывязанымі да месца свайго пражывання. Яны павінны былі напаўняць засекі сацыялістычнай Радзімы за так званыя працадні і фактычна бясплатна, бо іншага выбару ў іх проста не было.

Закон дзейнічаў да 1974 года, калі 28 жніўня Пастановай Саўміна СССР № 677 «Аб зацвярджэнні палажэння аб пашпартнай сістэме ў СССР» былі адмененыя абмежаванні.

1951 год. Памёр Альберт Паўловіч (1875–1951).

Беларускі паэт-гумарыст, драматург, перакладчык і мастак. Найбольш значная постаць беларускай гумарыстыкі пачатку XX стагоддзя.

У яго доме ў Мінску бывалі Б. Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, М.Багдановіч і іншыя.

Вышываў ваўнянымі ніткамі вялікія дываны з адлюстраваньнем розных краявідаў, два з якіх дэманстраваліся на мастацкай выставе ў 1914 годзе.

Калекцыянер манет, пёраў, паштовак з пейзажамі, марак.

Друкавацца пачаў у «Нашай Ніве». Аўтар 175 гумарыстычных, 120 лірычных вершаў.

Перакладаў творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі і іншых.

Распрацоўшчык беларуска-польскага слоўніка.

Аўтар шматлікіх копіяў карцін Левітана, Шышкіна і іншых расійскіх мастакоў.

1969 год. 70-гадовая Голда Мэір уступае на пасаду прэм’ер-міністра Ізраілю. 

Першая і адзіная жанчына – прэм’ер-міністр Ізраіля, трэцяя ў свеце, 4-ты прэм’ер-міністр Ізраіля (1969-1974).

Голда Мэір (Мабовіч, 1898-1978) нарадзілася ў Кіеве ў сям’і выхадцаў з Пінска Мабовічаў. З канца 1920-х па 1948 год – дзеяч сацыялістычнага сіянізму, функцыянер Гістадрута і Габрэйскага агенцтва, член Нацыянальнай рады. Адна з заснавальнікаў Дзяржавы Ізраіль. Працавала паслом Ізраіля ў СССР (1948–1949), міністрам працы і сацыяльнай абароны, міністрам замежных спраў, міністрам унутраных спраў Ізраіля.

У 1903-1906 гадах выхоўвалася ў дзеда з бабай у Пінску, потым з бацькамі выехала ў ЗША.

1991 год. У СССР адбыўся першы і апошні за ўсю гісторыю яго існавання рэферэндум.

Было вынесена толькі адно пытанне: «Ці лічыце Вы неабходным захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці ?».

Адмовіліся праводзіць рэферэндум 6 з 15 рэспублік: Латвійская, Літоўская, Эстонская, Малдаўская, Армянская і Грузінская ССР.

З 185,6 мільёна галасуючых грамадзян СССР у рэферэндуме прынялі ўдзел 148,5 мільёна, або 79,5%. З іх 113,5 мільёна, або 76,43%, выказаліся за захаванне СССР, але фактычна меркаванне ўдзельнікаў рэферэндуму ўжо нічога не вырашала, тым больш, што рэферэндум насіў “апытальны і рэкамендацыйны характар”.

Дзень у гісторыі. 15 сакавіка. Дзень Канстытуцыі. Маршы свабоды, недармаедаў і ”Хаўер”. Нарадзіліся выдавец Ю. Завадскі, пісьменнік А. Мрый, гісторык В. Мялешка, Нобелевец Ж. Алфёраў

Сусветны дзень правоў спажыўца (World Consumer Rights Daу, з 1983 года).

Устаноўлены па рашэнні Генасамблеі ААН. 

15 сакавіка 1962 года прэзідэнт ЗША Дж. Кенэдзі, выступаючы ў Кангрэсе, сказаў: “Спажыўцы, па азначэнні, гэта ўсе мы. Спажыўцы – гэта найбуйны эканамічны пласт… Але гэта адзіны голас, якога часцяком не чуваць”.

Амерыканскі прэзідэнт назваў тады чатыры асноўныя і неад’емныя правы спажыўца: на бяспеку, на інфармацыю, на выбар і права быць пачутым.

9 красавіка 1985 года Генасамблея ААН прыняла Кіруючыя прынцыпы для абароны інтарэсаў спажыўцоў.

Дзень Канстытуцыі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на сесіі Вярхоўнага Савета. Набыла сілу 30 красавіка 1994 з моманту яе апублікавання.

Тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета М. Грыб узгадвае, што асноўны закон краіны прымаўся вельмі цяжка і складана – па главах, па раздзелах, літаральна па радках – неабходна было, каб прагаласавалі дзве траціны дэпутатаў.

24 лістапада 1996 года па ініцыятыве А. Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27 лістапада 1996 года. Дадатковыя змены былі ўнесены ў Канстытуцыю пасля рэферэндуму 2004 года.

У гэты ж дзень у 2022 годзе, год таму назад, уступае ў дзеянне новая Канстытуцыя, прынятая на “рэферэндуме” 27 лютага 2022 года.

Самы першы збор законаў канстытуцыйнага характару – Статут ВКЛ (1529). Статут быў удасканалены ў 1566 і 1588 гадах. Выданне 1588 года захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва.

У Беларусі было да 2022 года некалькі канстытуцый: 1918 (часовая, БНР), 1919, 1927, 1937, 1978 і 1994 года.

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Завадскі.

Віленскі друкар і выдавец.

Вучыўся выдавецкай справе ва Уроцлаве і Лейпцыгу. У 1803 годзе адкрыў друкарню ў Вільні. Калі ў 1805 годзе да яго перайшла ўніверсітэцкая друкарня, ён злучыў дзве друкарні і заснаваў выдавецтва. Быў сябрам масонскай ложы «Гарлівы Літвін».

Яго сыны Адамі і Фелікс, таксама былі выдаўцамі.

Памёр 5 снежня 1838 года. Пахаваны ў Вільні на Антокальскіх могілках.

Абеліск на магіле Ю. Завадскага

1789 год. У губернскіх Магілёве і Полацку адкрыты рускія галоўныя народныя вучылішчы.

Створаны расійскімі ўладамі на анэксіраванай па І Раздзелу тэрыторыі ВКЛ. Адзначаліся нізкім узроўнем адукацыі і русіфікатарскай скіраванасцю. Галоўныя, губернскія, вучылішчы былі 4-х класнымі.

Адкрыццё вучылішча ў Магілёве адбывалася з вялікай помпай: архіяпіскап Г. Каніскі правёў урачыстую службу і ўзначаліў хросны ход з царквы ў вучэльню. 

Па першым часе ў вучылішчах працавалі толькі прысланыя з цэнтральных расійскіх губерняў настаўнікі. 

У 1809 годзе вучылішча пераўтворана ў мужчынскую гімназію.

1881 год. Нарадзіўся Аляксей Назарэўскі.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, дзейнічаў у Заходняй Беларусі.

У 1922 годзе быў абраны ў польскі Сенат, быў членам Беларускага пасольскага клуба. Працаваў у магістраце г. Баранавічы.

Арыштаваны НКУС 2 студзеня 1940 года, асуджаны на 8 гадоў лагераў. У верасні 1941 года быў вызвалены з Сіблага і накіраваны ў Паўладарскую вобласць.

Далейшы лёс невядомы.

1893 год. У в. Палуж (зараз Краснапольскі раён) нарадзіўся Андрэй Мрый (Шашалевіч).

Беларускі празаік, журналіст, перакладчык. Вязень ГУЛАГу.

Настаўнічаў у Краснаполлі, разам з братам і шваграм стварыў першы ў раёне народны тэатр, выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта.

Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Супрацоўнік часопіса «Наш край», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша», стылістычны рэдактар у газеце «Звязда».

У 1934 годзе арыштаваны НКУС па «справе краснапольскіх настаўнікаў». Асуджаны да лагераў. Зноў арыштаваны ў чэрвені 1940 года, асуджаны і адпраўлены ва Усць-Вымскі канцлагер Комі АССР.

Медкамісіяй прызнаны інвалідам і 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены паміраць дадому.

Паводле некаторых звесткак 8 кастрычніка 1943 года забіты рэцэдывістамі ў цягніку.

У Магілёве яго імя носіць бульвар.

1921 год. Нарадзіўся Васіль Мялешка.

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Аўтар манаграфіі «Могилев в XVI-XVII вв.», даследчык гісторыі Магілёва. 

Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, старшынёй камісіі Акадэміі навук па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства Беларусі.

Вывучаў праблемы класавай барацьбы ў беларускай вёсцы, прааналізаваў тры формы сялянскіх выступленняў: пасіўнае супраціўленне (скаргі, адмова ад выканання павіннасцей, уцёкі), узброеныя акцыі (напады на маёнткі, сутычкі з узброенымі атрадамі і інш.), паўстанні  – на Каменшчыне, 1736-1754 і Крычаўскім старостве, 1740-1744.

Памёр 5 верасня 2004 года.

1927 год. Закладзены ДнепраГЭС.

На беразе Дняпра, на скале “Каханне”, каля Запарожжа з’явіўся сцяг з надпісам “Днепрабуд пачаты”. 

Першая чарга ГЭС была пабудавана ў 1932 годзе. Узровень у Дняпры, у тым ліку ў Магілёве, павысіўся, былі затоплены Кабяляцкія парогі (з 2000 г. – помнік прыроды мясцовага значэння) у Оршы.

1930 год. У Віцебску нарадзіўся Жарэс Алфёраў.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў. Яго даследаванні адыгралі вялікую ролю ў інфарматыцы. Акадэмік АН СССР, Расійскай акадэміі, НАН Беларусі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Віцэ-прэзідэнт АН СССР.

Працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце імя А. Іофэ, старшынёй Навукова-адукацыйнага комплекса «Санкт-Пецярбургскі фізіка-тэхнічны навукова-адукацыйны цэнтр» РАН.

Аўтар больш як 500 навуковых прац, трох манаграфій і каля 50 вынаходніцтваў.

Памёр 1 сакавіка 2019 года.

1938 год. Расстраляны ўраджэнец Магілёва Мікалай Красцінскі (1883–1938).

Рэвалюцыянер, дыпламат.

Вучыўся ў Магілёўскай, Віленскай гімназіях, на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. 

Усё жыцце, з 1903 года, быў на службе бальшавікоў, якія яго і расстралялі. За партыйную работу ў Вільна, Віцебску неаднаразова арыштоўваўся. У 1914-1917 гадах быў сасланы на Урал, быў старшынёй Екацярынбургскага рэвалюцыйнага камітэта.

У першыя месяцы Савецкай улады прызначаны намеснікам галоўнага камісара Дзяржаўнага банка. Яго рукой былі падпісаны першыя савецкія грошы.

Пасол у Германіі (1921-1930), удзельнічаў у Генуэзскай канферэнцыі. У 1930 годзе прызначаны першым намеснікам народнага камісара замежных спраў СССР.

У 1937 годзе арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

У яго гонар названа вуліца ў Екацярынбургу.

2000 год. У Мінску прайшоў «Марш свабоды».

Масавая вулічная акцыя ў абарону незалежнасці Беларусі, правоў чалавека і дэмакратыі, супраць паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі.

Намер прэзідэнтаў Б. Ельцына і А. Лукашэнкі стварыць Саюзную дзяржаву быў сустрэты масавымі вулічнымі акцыямі пратэсту. 

Першы «Марш свабоды», арганізаваны апазіцыяй 17 кастрычніка 1999 года, адзначыўся брутальнымі сутыкненнямі ўдзельнікаў з міліцыяй і АМАПам.

Другі «Марш свабоды» 2000 года быў  прымеркаваны да дня прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Міжнародная супольнасць салідарызавалася ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, што стрымала А. Лукашэнку, які за суткі да пачатку маршу пагражаў, што ад удзельнікаў акцыі «паляціць шмаццё».

У вулічнай акцыі ў Мінску ўзялі ўдзел да 40 000 чалавек, у тым ліку ў маршы – 15 000.

У Магілёве на марш выйшла каля 150 чалавек.

2013 год. 10 год таму назад на Беларусь абрынуўся цыклон «Хаўер».

Ад стыхіі таксама пацярпелі Венгрыя, поўнач Украіны і захад Расіі.

«Хаўер» – наймацнейшы падобны прыродны катаклізм у гісторыі Беларусі. 

Падчас цыклону пачаўся вялікі снегапад пры моцным ветры да 28 м/с. Па ўсёй краіне стаў транспарт, прыкметна павялічылася колькасць аварый, адбыўся транспартны калапс (аўтазаторы дасягалі 20 км), без святла засталіся 1728 трансфарматарных падстанцый, 558 населеных пунктаў, было перанесена святкаванне Масленіцы, скарэктаваны расклад заняткаў у навучальных установах.

12 сакавіка Белгідрамет спрагназаваў пагаршэнне надвор’я, 14 сакавіка быў абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі і штармавое папярэджанне. Але інфармацыя аб шкале ўзроўняў небяспекі да «Хаўера» давалася Белгідраметам толькі ў МНС, і шырокія слаі насельніцтва не маглі ацаніць ступень рэальнай небяспекі ўмоў надвор’я.

Па збегу абставінаў напярэдадні катаклізму кіраўнікі дзяржавы адбылі на пасяджэнні ў Пецярбург і Маскву. З вышэйшых асоб застаўся толькі другі намеснік прэм’ера А. Калінін.

Месцамі таўшчыня снежнага покрыва склала 57 см, а ў выніку моцнай завеі, што актыўна пераносіла снежныя масы, у многіх месцах гурбы дасягалі 1 м і вышэй. У Слаўгарадскім раёне выпала 26 мм ападкаў.

Для барацьбы са снегам у Мінску і іншых гарадах 19 сакавіка былі праведзены суботнікі.

2017 год. У Мінску, абласных цэнтрах, буйных гарадах прайшлі масавыя маршы пратэсту вядомыя як “Маршы недармаедаў” у адказ на Дэкрет №3. 

Дзень 15 сакавіка аб’яўлены нацыянальным днём барацьбы з падаткам на беспрацоўе.

Гэта быў 8-ы пратэст недармаедаў з пачатку года. Першы адбыўся 17 лютага. Усяго за год адбылося 22 маршы, апошні – 21 кастрычніка.

Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны 2 красавіка 2015 года. Самі акцыі пратэсту выліліся толькі пасля атрымання грамадзянамі «ліста шчасця» – ліста ад падатковай інспекцыі з прад’яўленнем аб выплаце «падатку на дармаедства».

Усяго падатковыя органы разаслалі каля 470 000 апавяшчэнняў на выплату падатку. 20 лютага 2017 года павінен быў скончыцца апошні тэрмін выплаты гэтага збору.

Клайпеда адсвяткуе Дзень абаронцаў свабоды

13 студзеня, у Клайпедзе, як і па ўсёй Літве, будуць адзначаць Дзень абаронцаў свабоды. Пройдуць традыцыйныя мерапрыемствы: памятнае вогнішча, прабег па сцежках Абаронцаў свабоды, грамадзянскае запальванне свечак, канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, фотавыставы, богаслужэнні.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Дзень абаронцаў свабоды ў Літве – гэта дзень памінання ахвяр крывавых студзеньскіх падзей 1991 года. У ноч на 13 студзеня 1991 года савецкія войскі распачалі спробу захапіць тэлевізійную вежу ў Вільнюсе пры падтрымцы танкаў. Увесь свет уважліва сачыў за гэтымі падзеямі. Тады пад танкамі загінулі 14 чалавек, у тым ліку жанчына, сотні атрымалі раненні – такую цану заплаціла Літва за сваю незалежнасць.

Начальнік Вільнюскага гарнізона генерал-маёр Уладзімір Усхопчык пазбег пакарання за свае дзеянні. Ён уцёк на тэрыторыю Беларусі, пазней стаў намеснікам міністра абароны і апорай А. Лукашэнкі.

Фота: пахаванне абаронцаў тэлевежы

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.